У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 20 прозвішчаў — цяпер у ім 5407 чалавек. Хронікі рэпрэсій 13 чэрвеня

13 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых, у спіс дадалі супрацоўніка лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Ігара Шуканава. 

1_1097_1.png

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса

З пачатку года на мяжы ЕС з Беларуссю былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек

Паводле даных «Вясны», з пачатку 2025 года на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску працягваюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Апроч гэтага, па-ранейшаму выводзяць з транспарту для размовы ўкраінцаў, якую едуць транзітам праз Беларусь.

Падставай для «зацікаўленасці» чалавекам могуць стаць яго легалізацыя ў іншай краіне, доўгая адсутнасць у Беларусі, «экстрэмісцкія» падпіскі ў тэлефоне, і нават асабістая перапіска, якая сілавікам можа падацца «падазронай».

Усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць «суткі». Вядома, што некаторых затрымліваюць па крымінальных справах.

Праз некалькі тыдняў пасля сутак у ІЧУ памерла 66-гадовая жанчына з анкалогіяй. Яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь

Па інфармацыі «Вясны», напачатку года ў адным з пунктаў пропуску па вяртанні ў Беларусь за «падабайкі» ў сацсетках была затрыманая жанчына (яе даныя ёсць у праваабаронцаў), якая хварэла на анкалогію. Да суда яе змясцілі ў ІЧУ Брэста. Праз тры дні ёй прызначылі штраф і вызвалілі. 

Вядома, што ў ізалятары жанчына захварэла на запаленне лёгкіх. Пасля вызвалення яна паехала дадому, дзе спачатку самастойна змагалася з хваробай. Праз тыдзень яе забралі ў лякарню. Амаль праз месяц жанчына памерла. Прычына — слабы імунітэт і запаленне лёгкіх.

Палітвязня, які 4 гады хаваўся ад прысуду, у СІЗА месяц утрымліваюць у рэжыме інкамунікада

З 13 траўня няма звестак пра палітвязня Мікіту Самарына. Ад ананімных крыніцаў «Гарадзенская Праваабарона» даведалася, што ўжо больш за тры тыдні Мікіта знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Ліставанне і перадачы яму забароненыя. Таксама няма ніякай інфармацыі пра справу Мікіты і дату суда. 

Пра затрыманне палітвязня стала вядома 27 сакавіка. Як паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў, мужчыну спынілі ў Гродне — дакументаў пры ім не было, таму яму прапанавалі прайсці ў пастарунак. Беларус нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з іх руку. Паведамляецца, што мужчына быў у вышуку за тое, што ў жніўні 20-га году нібыта «распыліў у твар праваахоўнікам газавы балончык». За гэта супраць яго распачалі крымінальную справу. Ён з'ехаў з краіны, але потым нелегальна вярнуўся ў Беларусь.

Глядзіце таксама