Па палітычным артыкуле асудзілі шматдзетнага бацьку. Хронікі рэпрэсій 16 чэрвеня

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па справе 38-гадовага мінчука Яўгена Кудзіна. Мужчыну абвінавачвалі ў «закліках да нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361 КК), яму пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі.

1_1097_1.png

Як піша «Наша Ніва», верагодна, удалося знайсці нейкую такую юрыдычную фармулёўку, каб прызнаць Кудзіна вінаватым, але пакінуць на свабодзе. Справа ў тым, што ў «спісе экстрэмістаў», дзе з'явілася імя мужчыны, стаіць пазнака «судзімасць не пагашана».

Магчыма, справа ў тым, што Яўген — шматдзетны бацька. У яго тры сыны — старэйшы толькі скончыў першы клас, малодшаму тры гады. Жонка Яўгена Вера памерла два гады таму. Мужчына ажаніўся яшчэ раз, але, магчыма, застаўся адзіным законным прадстаўніком дзяцей.

Сёння ў Гродне пачаўся завочны суд за «здраду дзяржаве»

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 16 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся завочны суд над 39-гадовым Андрэем Занеўскім. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Сутнасць абвінавачвання невядомая.

Агулам з 2020 года за «здраду дзяржаве» былі асуджаныя мінімум 107 чалавек.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі 5 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы пяці чалавек.

Сярод іх Аляксандр Сцепановіч, Ганнай Папай, Іван Каваленка, Аляксандр Мазурын, Яўген Кудзін.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1303 чалавекі, з іх 609 — беларусы.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Филин. Оперативная аналитика и публицистика», «Украiнский Бiлорусофiл»;
  • Instagram старонка «alex_sazanovich_canada»;
  • YouTube-канал «BelarusForum»;
  • Старонка ў Facebook «Белорусский демократический форум – BelarusForum»;
  • TikTok-старонкі «Загляне сонца», «Ваня Оменьков».

Дырэктарку пецярбурскай кнігарні аштрафавалі на 20 тысяч рублёў за кнігу беларускага палітвязня

Рашэнне аб штрафе ў дачыненні да Алены Арловай прыняў Куйбышаўскі раённы суд Пецярбурга. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў дзейнасці «непажаданай» арганізацыі.

Як паведамляла Радыё Свабода, падставай для пратакола стаў продаж кнігі «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча. Яе выдалі пры падтрымцы беларускага Анархічнага чорнага крыжа. Суд палічыў, што гэта падраздзяленне Федэрацыі анархічнага чорнага крыжа, якая прызнана ў Расеі «непажаданай» арганізацыяй.