У Беларусі +4 новыя палітвязні. Хронікі рэпрэсій 17 чэрвеня

Беларуская праваабарончая супольнасць заявіла 17 чэрвеня аб прызнанні палітвязнямі Максіма Урбановіча, Мікалая Ляпёшкі, Аляксандра Невара, Максіма Лепушэнкі. Усім ім прад«яўлены абвінавачванні паводле ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 

1_1097_1.png

Канстытуцыйны суд адмовіў Судаленку ў завочным разглядзе скаргі

Экс-палітвязень праваабаронца Леанід Судаленка, у 2024 годзе завочна асуджаны на 5 гадоў паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-4 КК) звярнуўся ў Канстытуцыйны суд, піша «Радыё Свабода». Ён прасіў ведамства праверыць артыкул, па якім яго судзілі, на адпаведнасць Канстытуцыі. І атрымаў адмову.

Леанід Судаленка паскардзіўся на тое, што артыкул, паводле якога яго судзілі, а таксама завочны разгляд справы парушае ягонае права на свабоду выказвання.

Суд адказаў праваабаронцу, аднак адмовіў у разглядзе скаргі праз тое, што ён не даслаў копію прысуду. Але копію Судаленку ніхто ніколі не дасылаў, нягледзячы на тое, што ён сам некалькі разоў звяртаўся па яе ў Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі, аднак гэтыя просьбы нічога не далі. Дзяржаўны адвакат, прадастаўлены Судаленку, прапанаваў яму прыехаць у Беларусь і азнаёміцца з прысудам.

Маладую выкладчыцу англійскай мовы асудзілі за ўдзел у пратэстах

Алене Бразінскай 35 гадоў. Яна скончыла Мінскі лінгва-гуманітарны каледж у 2010 годзе, а праз тры гады скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Пасля гэтага яна працавала рэпетытарам англійскай мовы і выкладчыцай у моўным цэнтры «Чыстая граматыка».

Яшчэ Алена захапляецца фатаграфіяй, піша «Наша Ніва».

Нядаўна яе асудзілі па ч. 1 арт. 342 КК — «арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак». Хутчэй за ўсё, ёй прысудзілі «хатнюю хімію». 13 чэрвеня Бразінскую дадалі ў міліцэйскі спіс «экстрэмістаў».

Палітвязень Сяргей Ярашэвіч адзначыў Дзень народзінаў у ШІЗА

У траўні 2021-га Антаніну Канавалаву разам з яе палітзняволеным мужам Сяргеем Ярашэвічам асудзілі да 5,5 гадоў калоніі па справе «Арміі з народам». У Антаніны і Сяргея ёсць двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця. 

Антаніна ў снежні 2024 года выйшла на волю па памілаванні, яшчэ праз некалькі месяцаў была эвакуяваная з Беларусі. 

Сяргей працягвае знаходзіцца ў зняволенні, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск. У 2023 годзе яму дадалі яшчэ 9 месяцаў калоніі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Цяпер маці Антаніны паведаміла ў фэйсбуку, што свой Дзень народзінаў 16 чэрвеня Сяргей адзначыў у ШІЗА.

Старонку ў Instagram дырэктаркі «Прававой ініцыятывы» Вікторыі Фёдаравай прызналі «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Пухавічскага раёну 13 чэрвеня. На старонку Вікторыі падпісаныя 670 чалавек.

У Беларусі за выкарыстанне дронаў прапануюць саджаць у турму

Пра намер уладаў увесці крымінальную адказнасць за незаконныя дзеянні з беспілотнікамі паведаміў намеснік старшыні камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Ліс, піша Наша Ніва. Паводле яго слоў, адпаведны законапраект быў падрыхтаваны Саветам міністраў яшчэ ў красавіку і цяпер знаходзіцца на разглядзе, паведамляе расійскае выданне Sputnik.

Дакумент распрацаваны на падставе ўказа Лукашэнкі аб дзяржаўным уліку і выкарыстанні цывільных беспілотнікаў. Ён вызначае асаблівы парадак іх увозу, захоўвання і выкарыстання, а таксама рэгулюе абарот авіямадэляў.

«Цяпер нават такія, здавалася б, мірныя і бяспечныя рэчы, як дроны, шырока выкарыстоўваюцца ў зонах баявых дзеянняў, могуць прымяняцца для тэрарыстычных актаў і кантрабанды», — заявіў Ліс.

Ён падкрэсліў, што свабодны абарот і некантраляваны ўвоз такіх прылад уяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Таму законапраект прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за незаконны ўвоз, захоўванне, выраб і эксплуатацыю дронаў.

Аднак калі падобныя парушэнні будуць здзейснены паўторна цягам года — настане ўжо крымінальная адказнасць. Максімальнае пакаранне — да двух гадоў пазбаўлення волі.