У Беларусі перастаў адкрывацца сайт медыя Plan B. Хронікі рэпрэсій 18 чэрвеня

Сайт медыяпраекта Plan B. — planbmedia.io перастаў адкрывацца ў Беларусі, піша «Позірк». Plan B. — аўтарскае медыя, якое ў чэрвені 2023 года заснавала былая палітзняволеная, экс-рэдактар разгромленага ўладамі партала tut.by Вольга Лойка. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў апошнюю інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі.

1_1097_1.png

Мінскую юрыстку, якая цяпер займаецца дызайнам інтэр'ераў, асудзілі за ўдзел у пратэстах

Валерыі Аршаўскай 27 гадоў. Яна паходзіць з Клімавічаў Магілёўскай вобласці. Падчас навучання ў школе была лаўрэаткай рэспубліканскага конкурсу творчых і навукова-даследчых прац.

Пасля дзяўчына пераехала ў Мінск, скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Цяпер яна працуе менеджаркай праектаў у бюро інтэр'ераў Алены Булатай. Заснаванае ў Беларусі, яно цяпер працуе для розных краін свету — у афіцыйным інстаграме пазначана, што бюро пераехала ў Дубай.

Валерыю нядаўна асудзілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу — удзел у пратэстах. Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва». 13 чэрвеня дзяўчыну дадалі ў міліцэйскі «спіс экстрэмістаў».

Выставілі на продаж аўтамабіль завочна засуджанага Вадзіма Саранчукова

Ягоны Opel хацелі прадаць яшчэ 27 траўня, але тады не атрымалася. Новыя таргі прызначаныя на 1 ліпеня. Судовы выканаўца — Карунас Кацярына Алегаўна.

Актывіста і выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ Вадзіма Саранчукова завочна асудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі. Таксама яму прызначылі штраф у 24 000 рублёў. 

Саранчукова абвінавачвалі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Судовы працэс праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. Суддзя — Аляксандр Козел.

Яшчэ перад судом быў накладзены арышт на маёмасць Саранчукова: ягоную кватэру ў Гродне, на дом і ўчастак зямлі ў вёсцы Грабяні пад Гродна, а таксама на аўтамабілі, бэнзапілу, матаблок, лядоўню, пральную машыну, тэлевізар, піша «Гарадзенская праваабарона».

Палітвязню Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду ў зняволенні споўнілася 25 гадоў

Пяты раз запар Акіхіра Гаеўскі-Ханада сустракае дзень народзінаў за кратамі, піша Свабода. 18 чэрвеня актывісту анархісцкага руху споўнілася 25.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада — былы студэнт БДУ, да затрымання ў 2020 годзе вучыўся ў ЕГУ, быў актывістам анархісцкага руху Беларусі. Ён сын спартовага трэнера Святаслава Гаеўскага з Слуцку і супрацоўніцы амбасады Японіі ў Беларусі Тамокі Ханады.

Яшчэ ў 2022 годзе ад маці анархіста Аляксандра Францкевіча Таццяны Францкевіч стала вядома, дзе затрымалі Акіхіру і як з ім абыходзіліся. Паводле жанчыны, гэта адбылося на трэці дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году.

«Акіхіра прыйшоў у госці да Аляксандра, а тут прыехалі забіраць майго сына, дык разам прыхапілі і яго», — апавядала Таццяна Францкевіч журналістам. Паводле жанчыны, пры затрыманні актывістаў моцна білі. «Мне паведаміў пра гэта яшчэ адзін затрыманы: яго выпусцілі з „Валадаркі“ і ён расказаў, што Сашу і Акіхіру там білі і катавалі, каб яны падпісалі прызнанне».

Цяпер Тацяна Францкевіч сама засуджаная і знаходзіцца ў няволі, звестак ад яе пра сына і ягонага сябра няма.

У крымінальнай справе, у якой у 2022 годзе судзілі Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, фігуравалі яшчэ 9 чалавек, у тым ліку праваабаронца Марыя Рабкова, анархіст Аляксандар Францкевіч, валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк. Справа складалася з 160 тамоў, Менскі гарадскі суд разглядаў яе больш як чатыры месяцы ў закрытым рэжыме. Акіхіру інкрымінавалі 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам пра «арганізацыю масавых беспарадкаў». Менскі гарадскі суд прысудзіў яму 16 гадоў, але ў выніку апеляцыі ў Вярхоўным судзе тэрмін зменшылі на тры месяцы. Вядома, што Акіхіра не прызнаў сябе вінаватым, да прысуду ён падрыхтаваў апошняе слова, у якім працэс параўноўваў з спектаклем. Тэкст прамовы заканчваўся словамі «No pasaran!», «Жыве Беларусь!» і «Слава Ўкраіне!».

Паводле праваабаронцаў, першыя тры гады пасля суду Акіхіра адбываў у шклоўскай калоніі 17, дзе трапляў у ШІЗА і ПКТ. Дакладна вядома, што ў 2024 яму прысудзілі турэмны рэжым і ўлетку перавялі ў крытую турму № 4 у Жодзіне.

Сябры Акіхіры Гаеўскага-Ханады, з якімі звязалася «Свабода», сказалі, што даўно ня маюць ад яго звестак.