Платформу для збору подпісаў прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Хронікі рэпрэсій 19 чэрвеня
Праект «Petitions.bу» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне было прынятае МУС 18 чэрвеня. Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Уладзімір Кавалкін. Што гэта азначае для падпісантаў петыцый?

Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова патлумачыла:
«Пры наяўнасці палітычнай волі, улады могуць палічыць, што подпіс з'яўляецца "формай удзелу" ў дзейнасці фармавання. Ужо хапае выпадкаў, калі людзей прыцягвалі да адказнасці за дзеянні, якія адбыліся да прызнання ініцыятывы экстрэмісцкай — напрыклад, за падпіску, каментар або лайк».
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» дадалі праект «Adu.plасе» — паводле КДБ, дачыненне да яго маюць Дар'я Рублеўская, Кацярына Буніна, Ганна Комлач і Вера Моніна.
Акрамя таго, КДБ абнавіў датычных да «экстрэмісцкага фармавання» «Честные люди» — у спіс дадалі Алену Жылачкіну (Жываглод), Зарыну Сарокіну (Жываглод), Цімафея Малахоўскага, Алега Давыдчыка.
Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, асудзілі па палітычнай справе і прызналі тэрарысткай
Ганне Папай 45 гадоў. Родам яна са Жлобіна. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і з таго часу жыве ў Мінску. Доўгі час жанчына працавала ў банкаўскай сферы — у аддзелах па абслугоўванні кліентаў.
Ганна любіць выпякаць, а таксама вядзе тыкток-канал, дзе распавядае пра тое, як лепш узяць крэдыт на кватэру, як абраць добрае жытло. У Ганны трое дзяцей — два непаўналетнія сыны і дарослая дачка, піша «Наша Ніва».
Жанчыну затрымалі ў кастрычніку 2024 года. Ганну асудзілі па трох артыкулах — «заклікі да прычынення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Пасля прысуду Ганну дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў»
Паводле інфармацыі «Вясны», яе асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі.
Палітзняволенага Максіма Урбановіча пачнуць судзіць на наступным тыдні
Справу супраць Максіма Урбановіча, малодшага брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Урбановіча, пачнуць разглядаць 27 чэрвеня ў судзе Заводскага раёну Мінска.
Як паведамляе «Белсат», Максіма абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак).
У справе яшчэ некалькі артыкулаў, але якія менавіта, пакуль не вядома. Сваякі не маюць канкрэтнай інфармацыі, а Максімаў брат больш за два гады не мае з ім стасункаў.
2 красавіка ў кватэру, што арандаваў Максім, уварваліся сілавікі. Пасля ператрусу яго адвезлі на допыт у КДБ. Спачатку хлопца трымалі ў СІЗА КДБ, а потым перавезлі ў СІЗА № 1, што ў Калядзічах.