Яшчэ 27 чалавек дадалі ў «спіс экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 20 чэрвеня
У «Спіс экстрэмістаў» 20 чэрвеня МУС дадало яшчэ 27 прозвішчаў — цяпер у ім 5434 чалавекі. Сярод іншых, у спіс дадалі затрыманых пасля вяртання з-за мяжы Васіля Арэшку і былога палітвязня Ігара Неміровіча.

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
Прапагандыст апісаў, як праходзіць пасяджэнне камісіі па вяртанні
Прапагандыст Андрэй Мукавозчык у дзяржаўнай газеце «СБ. Беларусь сегодня» апісаў пасяджэнне камісіі па вяртанні генпракурора Шведа, якое было 17 чэрвеня, піша «Наша Ніва». Мукавозчык — адзін з членаў гэтай камісіі.
На пасяджэнні разглядалі 8 зваротаў. Мукавозчык з'едліва прайшоўся па заяўніках.
Айцішнік Ф. з Польшчы ўдзельнічаў у пратэстах, але хацеў бы вярнуцца і прасіў даць гарантыі, што яго не пасадзяць. «Якія табе гарантыі? Азаронка ў закладнікі? Дык не дадзім жа», — піша Мукавозчык.
Сярод чальцоў камісіі — міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і міністр інфармацыі Марат Маркаў
Іншы чалавек Ш. з'ехаў у В'етнам. Ён напісаў, што перасылаў адно фота пра ПВК «Вагнер», але гатовы кампенсаваць шкоду. Камісія па вяртанні знайшла ў яго 23 «шпіёнскія паведамленні» (не зразумела, што пад гэтым маецца на ўвазе).
Беларус Н. напісаў у звароце, што яго 10 жніўні збілі сілавікі. Але ён пазней напісаў адмову ад прэтэнзій.
Яшчэ адзін заяўнік К. раней рабіў данаты і ўжо некалькі разоў сплаціў «кампенсацыю» ў кратным памеры. Ён інвалід трэцяй групы. З тэксту падобна, што ён зарэгістраваўся ў нейкім фэйкавым пратэсным чаце, але, калі там паступіла дзіўная прапанова, выдаліў яго.
«І што ён такі зробіць, вярнуўшыся, не ведае ніхто», — палохае Мукавозчык.
Што ж рашыла камісія? Толькі тром чалавекам (сярод іх — той, каго збілі 10 жніўня) паведамілі, што на іх няма ніякіх спраў на момант звароту.
Іншым паведамілі, што яны ці падазраваныя, ці абвінавачаныя па крымінальнай справе.
«Дваім жа грамадзянам — Д. і К. — камісія (зноў жа дзейнічаючы строга па ўказе) палічыла магчымым змякчыць выбраную ў дачыненні да іх меру стрымання. Гэта азначае, што пасля перасячэння мяжы замест заключэння пад варту яны змогуць «уз'яднацца з сям'ёй» або «працягваць лячэнне». Паралельна разбіраючыся з прэтэнзіямі ў свой адрас з боку праваахоўных органаў», — напісаў Мукавозчык.
Камісія па вяртанні, якую ўзначальвае генпракурор Андрэй Швед, была створана ў 2022 годзе. У лютым 2025 года сцвярджалася, што камісія разгледзела 241 зварот. Толькі па 30 далі станоўчы адказ, а вярнулася 20 чалавек.
Жыхар Мастоўскага раёну чытаў «экстрэмісцкія» рэсурсы — яго звольнілі з працы і аштрафавалі
Пра гэта адсправаздачыліся гродзенскія прапагандысты. Паводле іх, у Беларусі працягваюць здзяйсняцца «злачынствы экстрэмісцкага і тэрарыстычнага характару».
Яны прывялі ў прыклад гісторыю з Мастоўскага раёну:
«Устаноўлены мужчына ў Мастоўскім раёне, які на працягу некалькіх гадоў з'яўляўся актыўным спажыўцом і карыстальнікам чатырох дэструктыўных інтэрнет-рэсурсаў.
На жаль, у яго апраўданне сказаць няма чаго. Казаць у 2025 годзе аб тым, што паддаўся на маніпуляцыі экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, наіўна і недарэчна. Чалавек даўно выйшаў з узросту "яны ж дзеці", адукаваны, меў важкі сацыяльны статус. Ён добра разумеў, што робіць.
У выніку яго чакае страта добрай працы і буйны штраф».
Былога міліцыянера асудзілі за распальванне варожасці і назвалі «тэрарыстам»
Аляксандру Мазурыну 44 гады. Ён адвучыўся ў Акадэміі МУС і пайшоў працаваць у міліцыю. Даслужыўся да дзяжурнага інспектара ГУУС Мінгарвыканкама і звання капітана. У 2012-м быў звольнены з міліцыі.
У 2013-м Мазурын уладкаваўся начальнікам аддзела аховы ў дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Інтэрдорс». На прадпрыемстве працуе больш за 150 чалавек. Таксама Аляксандр мае статус ІП, сфера дзейнасці якога — распрацоўка праграмнага забеспячэння і кансультаванне ў гэтай галіне, піша «Наша Ніва».
Мазурына асудзілі па абвінавачанні ў распальванні варожасці (артыкул 130 КК). 16 чэрвеня яго дадалі ў спіс «тэрарыстаў», які робіць КДБ. Сутнасць абвінавачання, як і прысуд невядомыя.
У Глыбокім па «народным» артыкуле асудзілі краязнаўцу і даследчыка царкоўнага жыцця
З сённяшняга абнаўлення спісу асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», стала вядома, што пад крымінальны пераслед трапіў Павел Лаўрыновіч — шматгадовы даследчык гісторыі Глыбоччыны, генеалагічных сувязей і царкоўнага жыцця рэгіёна, асабліва ў кантэксце савецкіх ганенняў.
Восенню 2024 года праваабаронцы згадвалі яго імя сярод затрыманых падчас «хапуна» ў Глыбокім. Згодна са спісам МУС, мужчыну судзілі па арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Мяркуецца, што 55-гадовы Павел Тадэвушавіч атрымаў «хімію».
Павел Лаўрыновіч вядомы супрацоўніцтвам з праваслаўнымі парафіямі Віцебшчыны, удзелам у сустрэчах, прысвечаных памяці беларускіх святароў — ахвяр савецкіх рэпрэсій, а таксама архіўнай і пошукавай працай для стварэння сінодыкаў памяці і выдання матэрыялаў па гісторыі ганенняў. Ён дапамагаў у выяўленні імёнаў новых мучанікаў у Полацкай епархіі і дапамагаў у падрыхтоўцы царкоўных даследчых публікацый у Мёрах і Ушачах.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «IZNU3», «Partyzan_VTB»;
- Інтэрнет-старонка «belarusians nl»;
- YouTube-канал «Дядя Лёша с ЦПП»;
- Старонкі ў Facebook «MARA - Беларусы Нідэрландаў», «Беларусы Чэхii/ Belorusove v CR/ Belarusians in the Czech Republic»;
- TikTok-публікацыя «Николай Лукашенко - поплатится за все».