У Мінску пройдуць перамовы Лукашэнкі, Пуціна і Назарбаева
Пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў пройдзе сёння ў Палацы Незалежнасці пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Беларусі, на парадку дня — абмеркаванне ходу працы над праектам дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама рэалізацыі плана
мерапрыемстваў ("дарожнай карты") па далучэнні Арменіі да Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.
Падчас саміта запланаваныя двухбаковыя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным і Назарбаевым.
"Чакаецца, што Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць ключавыя знешнепалітычныя тэмы, у тым ліку сітуацыю ва Украіне, сумесную працу па далейшым умацаванні СНД — з улікам старшынства
Мінска другі год запар у гэтай арганізацыі", — паведаміў на мінулым тыдні памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў.
Паводле яго слоў, асноўная ўвага падчас перамоў будзе надавацца пытанням гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Ушакоў зазначыў, што Беларусь знаходзіцца на пятым месцы сярод гандлёвых партнёраў Расіі
пасля Кітая, Нідэрландаў, Германіі і Італіі, па выніках 2013 года тавараабарот з ёй склаў 39,7 млрд. долараў. Удзельная вага Расіі ў знешнім гандлі Беларусі перавышае 49%, а назапашаныя расійскія
інвестыцыі складаюць 5,5 млрд. долараў.
Што да перамоў у трохбаковым фармаце, то на іх Беларусь мае намер настойваць на неабходнасці ліквідацыі ўсіх выключэнняў і абмежаванняў у будучым Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), пра што
неаднаразова заяўлялі ў Мінску.
Гэтае пытанне ўзнімалася 16 красавіка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэм`ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам. Лукашэнка, у прыватнасці, цікавіўся вынікамі перамоў
прэм`ер-міністраў Беларусі, Казахстана і Расіі, што прайшлі напярэдадні ў Маскве. "Гэта вельмі важна напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Мінску 29 красавіка, —
падкрэсліў ён, гаворачы аб ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў у ЕАЭС. — Гэта павінна быць этапная, фундаментальная сустрэча, бо пасля гэтага ўжо не застаецца часу на дапрацоўку і
падпісанне фактычна дагавора аб эканамічным саюзе". "Калі мы будуем саюз і імкнемся да таго, каб тут не было ніякіх межаў, значыць, не павінна быць ніякіх выключэнняў і абмежаванняў у
перамяшчэнні тавараў, рабочай сілы, капіталу — гэта асноўная мэта", — заявіў Лукашэнка.
У адказ Мясніковіч зазначыў, што з боку Казахстана і Расіі "ёсць жаданне крыху неадназначна сфармуляваць" тыя ці іншыя палажэнні ЕАЭС. "Беларускі
бок адназначна заявіў пра тое, што мы за агульны рынак без выключэнняў і абмежаванняў, які павінен функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года. Калі якісьці бакоў нязгодны ў гэтым браць удзел, мы будзем
вырашаць тады на двухбаковай аснове. Але прынцыпы тыя ж: роўныя ўмовы для гаспадарчай дзейнасці нашых суб`ектаў. Безумоўна, не павінна быць ніякіх выключэнняў і абмежаванняў як колькасных, гэтак і
тарыфных ва ўзаемным гандлі", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.
Між тым расійскі прэм`ер Дзмітрый Мядзведзеў пасля перамоў са сваімі калегамі па мытнай "тройцы" 15 красавіка паведаміў журналістам, што Расія, Беларусь і Казахстан
прасунуліся ў вырашэнні праблемных пытанняў, якія стаяць на шляху стварэння ЕАЭС. "Мы прасунуліся па ўсіх істотных, адчувальных тэмах: па нафце і нафтапрадуктах, па газе, транспарце,
уключаючы як аўтамабільны транспарт, гэтак і кабатажныя перавозкі, па сельскагаспадарчых пытаннях", — заявіў Мядзведзеў.
Дагавор аб стварэнні ЕАЭС павінен быць гатовы да мая 2014 года і набыць моц на прасторы Мытнага саюза 1 студзеня 2015 года.
БелаПАН