ISW: Сілы абароны Украіны пераходзяць у наступ на Пакроўскім кірунку

ЗША рыхтуюцца да санкцый у дачыненні да Расіі, і будуць падтрымліваць Украіну. Сенатары прапануюць закон, які дазволіць максімальна хутка даваць зброю Украіне. А гэта значыць, што ў ЗША рыхтуюцца падтрымліваць УСУ вельмі доўгі час, бо законы не прымаюцца на адзін дзень. Ідзе 1254-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 193 боесутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 31 ліпеня. 

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Папова Яру, Фёдараўкі, Новаэканамічнага, Луча, Лысоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Арэхавага і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 32 атакі расійцаў.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў раёнах Запарожжа, Камару, Перабудовы, Паддубнага, Малееўкі, Шаўчэнка, Новаполю.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 20 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны паблізу Карпаўкі, Новага Свету, Рэдкадубу, Ямпалоўкі, Дуброва і іншых.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Тарэцку, Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Аляксандра-Калінавага, у напрамку Сцяпанаўкі, Белай Гары і Пляшчэеўкі.

На Северскім кірунку УСУ паспяхова спынілі 13 атак расіян паблізу Рыгораўкі, Серабранкі, Выемкі, Званаўкі і Фёдараўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 10 атак расіян ля Валчанску, Краснага і Каменкі.

* * *

Украінскія вайскоўцы працягваюць паспяховы наступ на Пакроўскім кірунку з прасоўваннем у некалькіх ключавых раёнах. Адначасова расіяне прадпрымаюць спробы контратак, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле справаздачы, геалакацыйныя даныя сведчаць, што ўкраінскія сілы нядаўна дасягнулі прагрэсу ў паўночнай частцы Лісоўкі, размешчанай на паўднёвы ўсход ад Пакроўска. Акрамя таго, украінскія войскі ўтрымліваюць пазіцыі ва Уладзіміраўцы (на паўночны ўсход ад Пакроўска) і адбілі расійскія штурмы паблізу паўднёвай ускраіны Шахава.

Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што расійскія войскі ўвайшлі нібыта ў Радзінскае (на поўнач ад Пакроўска), але пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

* * *

Мінабароны РФ раніцай 31 ліпеня заявіла аб «вызваленні» горада Часаў Яр Данецкай вобласці. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, паведаміў спікер аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Хорціца» Віктар Трэгубаў.

«Сітуацыя ў Часавым Яры такая ж, як і ў апошнія месяцы. Расійцы проста зноў хлусяць менавіта для таго, каб гэта разышлося хаця б у выглядзе абвяржэнняў», — сказаў Трагубаў.

Паводле звестак украінскага праекта DeepState ад 30 ліпеня, пад кантролем расійскіх войскаў знаходзяцца ўсходняя і паўночная часткі горада.

Бітва за Часаў Яр пачалася амаль паўтары гады таму — у красавіку 2024 года. Горад размешчаны паміж Бахмутам і Канстанцінаўкай і ляжыць на вышынях. Ва ўсходняй яго частцы размешчаны канал, зручны для абароны.

Часаў Яр з'яўляецца ключавым транспартным вузлом для ўкраінскіх войскаў, які звязвае Данецкую і Днепрапятроўскую вобласці. Газета The New York Times называла гэты горад «ключом да Данбасу», бо ён знаходзіцца на ўзвышшы і яго захоп дазволіў бы расійскім войскам прасунуцца ў бок Краматорска.

Расійцы амаль цалкам знішчылі горад авіяцыяй, артылерыяй і беспілотнікамі, аднак украінскія воіны ўтрымліваюць пазіцыі ў населеным пункце і працягваюць абарону.

* * *

У ноч на 31 ліпеня Расія атакавала Украіну 317 сродкамі паветранага нападу — 309 БПЛА і васьмю ракетамі Іскандэр-К. Асноўным напрамкам удару стаў Кіеў.

Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана РЭБ 291 сродак паветранага нападу: 288 ударных БПЛА і тры крылатыя ракеты Іскандэр-К.

Зафіксаваныя прамыя траплення пяці ракет (адна з іх — у жылы дом у Кіеве) і 21 ўдарнага БПЛА ў 12 лакацыях, а таксама падзенне аскепкаў на 19 лакацыях, амаль усе ў сталіцы. 

У выніку ўдара па Кіеве ракета трапіла ў 9-павярховік у Святошынскім раёне Кіева. Загінулі шэсць чалавек, сярод якіх адно дзіця, і больш за 50 чалавек пацярпелі.

Расійскія ўлады заявілі пра атаку беспілотнікаў на прамысловае прадпрыемства ў Пензе і транспартна-энергетычную сферу Валгаградскай вобласці РФ. На адным з відэа, якія публікуюць у сацсетках расійцы, закадравы голас кажа: «Завод бамбяць! На ВЭМ ляціць».

Завод ВЭМ, які згадваюць на відэа, — гэта Пензенскі завод вылічальных электронных машын. Цяпер яно называецца АТ «Пензенскае вытворчае аб'яднанне ЭВТ імя В.А. Равунова». Па даных Astra, гэты завод вырабляе вылічальную тэхніку для Мінабароны РФ. Але побач з ім знаходзіцца больш «смачная» мэта — адзіны расійскі абаронны завод, які вырабляе пункты кіравання баявымі дзеяннямі падраздзяленняў СПА — АТ «Радыёзавод».

* * *

526073720_1103287061984371_7503084917291561806_n.jpg

* * *

Дачка спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіта Келага, Меган Мобз, у сацсетцы Х пракаментавала чарговую масіраваную атаку Расіі на Кіеў, адзначыўшы, што такім чынам кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін адказвае на «рашучасць і сілу Амерыкі».

«Кіеў падвяргаецца масіраванай атацы дронаў. Не сумнявайцеся, гэта адказ Пуціна на дэдлайн прэзідэнта Трампа. Ён адчувае рашучасць і сілу Амерыкі. Мы не павінны аказацца бездапаможнымі», — напісала яна.

Нагадаем прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што анансаваны ім новы крайні тэрмін для Расіі, каб яна спыніла ваенныя дзеянні супраць Украіны, складае 10 дзён і пачынаецца з аўторка, 29 ліпеня.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што намесніку старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыю Мядзведзеву варта больш уважліва падбіраць словы, бо ў сваіх заявах ён «заходзіць на вельмі небяспечную тэрыторыю».

У сваёй сацсетцы Тruth Social Трамп пачаў з тэмы гандлю Індыі з РФ, а затым пераключыўся на Расію: «Мне ўсё роўна, чым Індыя займаецца з Расіяй. Яны могуць разам заваліць свае мёртвыя эканомікі, мне ўсё роўна... Таксама ў Расіі ў ЗША амаль няма сумеснага бізнэсу. Давайце захаваем гэта так, як ёсць, і скажыце Мядзведзеву, няўдаламу экс-прэзідэнту Расіі, які дагэтуль думае, што ён прэзідэнт, сачыць за словамі. Бо ён заходзіць на вельмі небяспечную тэрыторыю».

Нагадаем, намеснік старшыні расійскай Рады бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Трамп «гуляе ў гульню ультыматумаў з Расіяй», і кожны новы ўльтыматум — гэта пагроза і крок да вайны, але не паміж Расіяй і Украінай, а з «яго (Трампа) ўласнай краінай».

* * *

Сенатар ад Рэспубліканскай партыі ЗША Ліндсі Грэм, адзін з суаўтараў законапраекта аб другасных санкцыях супраць пакупнікоў расійскай нафты, пагадзіўся са сцвярджэннем, што Расія, нібыта, навучылася выжываць пад санкцыямі. Але Дональд Трамп мяняе правілы гульні.

«Відавочна, вы не разумееце, што прэзідэнт Трамп мяняе правілы гульні і збіраецца ўвесці тарыфы на краіны, якія купляюць вашу нафту і газ, падтрымліваючы вашу вайсковую машыну», — напісаў сенатар.

Грэм пасмяяўся з Крамля, параіўшы расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну і ягоным чыноўнікам звярнуцца да краін, якія купляюць у Расіі нафту, газ і ўран. Магчыма, гэтыя краіны не маюць да пагроз ЗША гэтакае ж легкадумнае стаўленне, якое мае расійскі рэжым.

«Значная двухпартыйная большасць гатовая дапамагчы прэзідэнту Трампу ў гэтых пачынаннях», — дадаў сенатар.

Допіс Грэма стаў адказам на словы спікера Крамля Дзмітрыя Пясква, які адзначыў, што Расія выпрацавала «пэўны імунітэт» да санкцый і гатовая да новых эканамічных абмежаванняў. Але ў той жа час Крамлі пачалі спрабаваць шантажаваць ЗША, намякаючы на нежаданне падоўжыць дамову аб абмежаванні ядзерных узбраенняў (СНУ-3).

* * *

Сенатары-рэспубліканцы Роджэр Уікер і Джым Рыш падрыхтавалі законапраект, які прадугледжвае стварэнне спецфонду, які б напаўнялі еўрапейскія хаўруснікі Украіны для аплаты амерыканскай зброі, піша The Wall Street Journal.

Законапраект мае назву Peace Act, і прадугледжвае стварэнне фонду пры Міністэрстве фінансаў ЗША для прыёму грошай ад саюзнікаў. Гэтыя сродкі Пентагон зможа выкарыстоўваць для аплаты заказаў ваенным падрадчыкам, каб яны маглі працягваць пастаўляць зброю ва Украіну.

Сенатары чакаюць, што фонд будзе збіраць ад 5 да 8 мільярдаў долараў у год. Па задумцы, Peace Act дазволіць ЗША значна паскорыць пастаўкі вайсковай дапамогі Украіне.

«Гэта самы хуткі спосаб узброіць Украіну, а таксама мінімізаваць стратэгічную і вайсковую пагрозу, якую Расія ўяўляе для ЗША і NATO», — сказаў Уікер у каментары WSJ.

Сенатар абмяркоўваў законапраект з Белым домам, які ў цэлым успрыняў гэтую ідэю станоўча, адзначае WSJ.