У Віцебску збіраюцца ліквідаваць аб'яднанне хворых гемафіліяй

Збіраюцца ліквідаваць Віцебскае абласное аб'яднанне хворых гемафіліяй, створанае яшчэ ў сярэдзіне 1990-х.

simp_gemof16042021.jpg

18 студзеня віцебскі абласны суд будзе разглядаць справу аб ліквідацыі гэтага грамадскага аб'яднання, пазоўнікам выступае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Віцебскае абласное аб'яднанне хворых гемафіліяй было створана ў 1995 годзе з мэтай садзейнічання вырашэнню праблем лячэння і прафілактыкі гэтага захворвання, рэабілітацыйнага і санаторна-курортнага лячэння, папярэджання і зніжэння інваліднасці, у першую чаргу сярод дзяцей і падлеткаў, якія пакутуюць гемафіліяй, атрыманне імі неабходнай адукацыі, працаўладкавання і сацыяльна-бытавога забеспячэння з улікам спецыфікі захворвання.

Усе члены грамадскага аб'яднання «Віцебскае абласное таварыства хворых на гемафілію» з'яўляюцца інвалідамі 1-2 групаў з дзяцінства праз парушэнні апорна-рухальнага апарата. Больш за 90% з іх непрацаздольныя. У Віцебскай вобласці налічваецца каля сотні такіх хворых.

Гемафілія — рэдкае спадчыннае захворванне, звязанае з парушэннем каагуляцыі (працэсам згортвання крыві).