Двум футбольным фанатам з Мазыра, у тым ліку непаўнагадоваму, прысудзілі па 1,5 года калоніі
14 студзеня Мазырскі раённы суд вынес абвінаваўчы прысуд па справе футбольных заўзятараў Мікіты Сілівона і Максіма Куксачэнкі.
У выніку 17-гадовы Максім Куксачэнка быў прысуджаны да 1
года і 6 месяцаў папраўчай калоніі, а 18-гадовы Мікіта Сілівон — да 1 года і 6
месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Абодва былі ў кайданках у зале суда.
Абвінавачаным інкрымінуюцца два крымінальныя артыкулы — ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 364 («Гвалт або пагроза
прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі»). Пракурор Ігар Пілановіч
запытваў абодвум па 3 гады калоніі.
Падрабязнасцяў з залы суда ў праваабаронцаў няшмат, але вядома, што справа Сілівона і Куксачэнкі практычна падобная са справай футбольных заўзятараў Данііла Скіпальскага, Аляксандра Сузько, Паўла Дворжака, Аляксандра Цімашэнка і Кірыла Канапацкага.