Ілля Вайцяховіч, якога затрымалі па дарозе на пахаванне бацькі, стаў падазраваным па крымінальнай справе
У суботу стала вядома, што на мяжы затрымалі 36-гадовага сына вядомага бізнэсмена Эдуарда Вайцяховіча. Ён ехаў на пахаванне бацькі з Рыгі. Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі яго проста на мяжы. Па інфармацыі «Нашай Нівы», Ілля Вайцяховіч сёння знаходзіцца на Акрэсціна. Мужчына стаў падазраваным па крымінальнай справе.
Яго падазраюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах,
верагодная прычына — фота і відэа з мітынгаў. Дакладны артыкул КК, па якім
праходзіць Ілля, пакуль невядомы.
Некаторыя СМІ пасля затрымання Вайцяховіча напісалі, што
Ілля жыў у Еўрасаюзе. Таксама ў «пакаянным» відэа сам Ілля кажа, што
«ўдзельнічаў у акцыях, пасля спалохаўся адказнасці і з’ехаў у Рыгу. Там не
знайшоў сябе і вырашыў вярнуцца назад».
Але крыніцы, знаёмыя з Іллёй, кажуць, што ўсё гэта няпраўда.
Ён жыў і працаваў у Беларусі, нікуды не збягаў. Выехаў у Рыгу, бо там вырашыла
нараджаць яго жонка, латышка па нацыянальнасці. Ілля быў з ёю.
«У панядзелак, 10 студзеня, жонка Іллі нарадзіла дачку. А ў аўторак у яго памёр бацька. Ілля пабыў нейкі час з сям’ёй і ў пятніцу паехаў у Беларусь, бо на суботу запланавалі пахаванне. На мяжы яго затрымалі і перадалі сілавікам», — расказалі «Нашай Ніве» крыніцы.