Сацыёлаг: Старонка не перагортваецца, але ў мірны пратэст вераць усё менш
Цяпер, праз тры гады пасля выбараў 2020 года, рэпрэсій і неверагоднага гвалту сілавікоў, людзі ўсё больш думаюць, што мірны пратэст быў няслушнай стратэгіяй і трэба было пераходзіць да сілавога супраціву. Генадзь Коршунаў даследуе, як рэпрэсіі паўплывалі на міграцыйныя ўстаноўкі беларусаў.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў працягвае цыкл публікацый па выніках даследавання, прысвечанага гадавым зменам пратэснага ядра беларускага грамадства. Цяпер фокус увагі — на сувязі гвалту і рэпрэсій з міграцыйнымі ўстаноўкамі.
Аналіз будуецца на базе параўнання двух даследаванняў, якія праводзіліся Цэнтрам новых ідэй сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне». Першае даследаванне было праведзена з 8 па 10 жніўня 2022 года, у якасці метаду апытання выкарыстоўвалася інтэрнэт-апытанне аўдыторыі (CAWI з рэкрутацыяй рэспандэнтаў з дапамогай месенджараў Viber і Telegram; аб'ём выбаркі — 2326 чалавек). Другое даследаванне праводзілася з 26 па 30 ліпеня 2023 года пры дапамозе таго ж метаду збору інфармацыі. У ім узялі ўдзел 1561 рэспандэнт, з якіх 995 знаходзяцца ў Беларусі.
І ў першым, і ў другім выпадку асаблівасцю выбарак была прэзентацыя меркаванняў не ўсяго беларускага грамадства, а толькі яго прадэмакратычнай часткі.
Такім чынам, на ўзроўні common knowlenge ў нас існуе тэзіс аб тым, што беларусы бягуць з краіны, ратуючыся ад небывалых рэпрэсій рэжыму. Пра рэпрэсіі — зразумела. Праз тры гады пасля пачатку пратэстаў яны не спыняюцца і па гэты дзень. Давайце паглядзім, як гэта адбіваецца на пратэснай частцы беларускага грамадства.
Тут звяртае на сябе ўвагу вось што.
Па-першае, нягледзячы на бесперапынныя рэпрэсіі, доля рэспандэнтаў у Беларусі, у якіх хоць хто-небудзь са знаёмых знаходзіцца ў месцах зняволення, за мінулы год практычна не павялічылася. Той рост, які назіраецца, мінімальны. Пры гэтым у 61% рэспандэнтаў, апытаных у Беларусі, няма нікога, хто цяпер быў бы асуджаны (летась такіх было 64%). Калі ж мы паглядзім на нашых вымушаных мігрантаў, то ўбачым супрацьлеглую сітуацыю — у 64% хтосьці (член сям'і, сябар, калега, знаёмы і нават некалькі такіх чалавек) «сядзяць».
Такая розніца, верагодна, сведчыць аб тым, што:
а) рэпрэсіі ў выглядзе ўзяцця пад варту маюць дастаткова вузкую лакалізацыю,
б) людзі, чые знаёмыя трапляюць пад рэпрэсіўны каток, часцяком выбіраюць шлях міграцыі, каб не стаць наступнымі ў канвееры затрыманняў.
Тэзіс аб лакальнасці рэпрэсій, верагодна,
пацвярджаецца данымі аб аб'ёмах міграцыі, якую людзі назіраюць у сваім
найбліжэйшым сацыяльным асяроддзі.
Амаль нязменныя лічбы па рэспандэнтах у Беларусі істотна адрозніваюцца ад тых, якія даюць нам рэспандэнты за межамі краіны. Так, калі ўнутры краіны ў паловы апытаных з'ехала дзесьці да 10 знаёмых (больш за 10 — дзесьці ў траціны), то сярод прадстаўнікоў замежжа мы зноў бачым люстраную сітуацыю: дзясяткі тых, хто з'ехаў, больш чым у 2/3, а да дзесяці — толькі ў чвэрці. Гэта значыць, краіну пакідае супольнасць, якая больш камунікуе ўнутры сябе, чым з іншымі супольнасцямі.
Па-другое, у нас у даследаванні
былі пытанні пра тое, ці даводзілася людзям сутыкацца з гвалтам у 2020 годзе,
гэта значыць, як непасрэдна перажываць яго і проста бачыць — альбо на свае
вочы, альбо ў інтэрнэце.
Тут дынаміка, асабліва ў частцы найбольш жорсткіх пазіцый, бачна вельмі выразна. За мінулы год колькасць рэспандэнтаў у Беларусі, якія перажылі гвалт (у тым ліку супраць членаў сваёй сям'і), зменшылася больш чым у два разы (з 30% да 13%); а доля тых, хто бачыў гвалт супраць пратэстоўцаў, зменшылася больш чым на 1/10, або на 6% (з 50% да 44%).
Сярод тых, хто пакінуў Беларусь, долі і тых, хто перажыў гвалт, і тых, хто бачыў яго на свае вочы (гэта значыць, яны былі непасрэднымі — у тым ліку выпадковымі — удзельнікамі пратэсных акцый) чакана вышэйшыя: тых, хто перажыў гвалт — 28%, тых, якія непасрэдна бачылі — 54%.
Паказальна, што колькасць тых, хто бачыў гвалт толькі праз інтэрнэт або ведае пра яго па расказах іншых, практычна не змянілася. У першым выпадку гэта доля крыху большая за 60%, у другім — каля 20%.
Атрымліваецца, што выязджаюць не толькі тыя, да каго праз асяроддзе дайшлі затрыманні, але і тыя, хто прагназуе такую магчымасць па факце свайго ўдзелу ў пратэстах.
Пацвярджэнне гэтаму тэзісу мы знаходзім і ў размеркаванні адказаў на пытанне аб тым, ці закранулі чалавека непасрэдна тыя ці іншыя віды рэпрэсій. Сярод тых, хто «з'ехаў», найбольшая доля (і па групе, і ў параўнанні з двума замерамі па рэспандэнтах у Беларусі) тых, хто атрымліваў пагрозы з боку прадстаўнікоў сілавых органаў. Гэтак жа сярод гэтай групы, у параўнанні з іншымі, больш тых, каго затрымлівалі «без наступстваў», альбо са штрафамі ці з суткамі.
Што звяртае на сябе ўвагу пры параўнанні адказаў рэспандэнтаў у 2022 і 2023 гадах, дык гэта агульнае зніжэнне рэпрэсіўнага ціску — практычна па ўсіх пазіцыях. Што, мабыць, яшчэ раз пацвярджае нашы тэзісы і аб лакалізацыі рэпрэсій, і аб зыходзе патэнцыйных ахвяр рэпрэсій з Беларусі.
Трэці момант — калі існуючыя трэнды захаваюцца і не здарыцца чагосьці экстраардынарнага, то варта чакаць змяншэння патоку «палітычнай міграцыі». Прынамсі, даныя даследаванняў кажуць аб паступовым зніжэнні міграцыйных установак сярод рэспандэнтаў у Беларусі.
Калі год таму пра намер выехаць з краіны гаварылі амаль 40%, то сёлета — 31%. І наадварот, у 2022 годзе пра нежаданне / немагчымасць выехаць з Беларусі выказаліся 56,1%, а ў 2023 годзе — ужо 67%.
Тут, верагодна, дарэчы казаць пра
пэўную крышталізацыю пазіцый у асяроддзі прадстаўнікоў пратэснага ядра, якія
застаюцца ў Беларусі. І не толькі падзяляюць ядро пытанні «з'ехаць vs
застацца», хоць і гэтая тэндэнцыя важная.
Ёсць яшчэ адна цікавая змена, якая тычыцца адказаў на пытанне аб прычынах таго, чаму пратэснаму руху ў 2020 годзе не ўдалося перамагчы рэжым. На фоне кансэнсусу, што галоўная прычына гэтага — падтрымка Пуціна, намячаецца змяненне ў ацэнках рэсурсаў як рэжыму, так і пратэстоўцаў.
Калі раней больш за палову рэспандэнтаў лічылі, што ва ўлад быў занадта моцны сілавы апарат, то цяпер апытаныя ў гэтым ужо не так упэўнены (49% супраць 53%). У той жа час людзі ўсё больш думаюць, што мірны пратэст быў няслушнай стратэгіяй і трэба было пераходзіць да сілавога супраціву (46% супраць 33% — гэта значыць, прырост на 13 працэнтаў), гэтак жа больш людзей сталі думаць, што не хапіла арганізацыйных рэсурсаў і моцных лідараў. А людзей на вуліцах насамрэч было дастаткова.
Так што працэсы ў прадэмакратычнай частцы беларускага грамадства, якая застаецца пратэснай, ідуць. І старонка не перагортваецца.
newideas.center, Пераклад НЧ