«Элементарны страх». Чаму ў палітвязняў часта няма адвакатаў

У Беларусі стала складана знайсьці адваката ў палітычных справах. Пра тое, чаму беларуская адвакатура запалоханая і дэматываваная, і што цяпер рабіць родным і сваякам палітвязняў, піша «Свабода».

Ілюстратыўны здымак brka.by

Ілюстратыўны здымак brka.by

Падчас сьледзтва і суду паводле артыкулу 46 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу дзяржава павінна забясьпечыць падазраваных адвакатам. Прычым падчас сьледзтва гэта можа быць адзін адвакат, падчас суду іншы. Асуджаны таксама мае права на юрыдычную дапамогу, але пасьля суду атрымаць яе ён можа толькі паводле дамовы. Дзяржава ў гэтым выпадку ўжо нічога не гарантуе. Сваякі палітвязьняў расказваюць, што падпісаць дамову з адвакатам для абароны «палітычнага», які ўжо знаходзіцца за кратамі, стала практычна немагчыма.

«Баюся сказаць лішняе слова нават сваякам падабароннага»

Да вядомых палітвязьняў — Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака, Ігара Лосіка і іншых — абаронцаў не дапускаюць ужо больш за паўгода. Цяпер ў іх фактычна няма адвакатаў. Многія абаронцы пазбаўленыя ліцэнзій. Ніхто зь іншых дзейных адвакатаў не пагаджаецца абараняць такіх «палітычных». Таму ніякай сувязі з шмат якімі вядомымі палітзьняволенымі няма. Пры фактычнай забароне на перапіску і спатканьні роля адваката становіцца вельмі важнай для яго самога і сваякоў.

У міжнародным праве ёсьць спэцыяльны тэрмін, які характарызуе знаходжаньне асуджанага бяз права перапіскі і спатканьняў са сваякамі і абаронцам — «інкамунікада».

Адвакатка Галіна (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі) раней абараняла «палітычных», старалася добрасумленна дапамагаць сваім падабаронным. Пасьля расчараваньня прысудамі яна новых кліентаў з так званымі «палітычнымі» артыкуламі не бярэ.

«Адзін зь першых маіх падабаронных у 2021 годзе атрымаў 2 гады калёніі за „абразу службовай асобы“ і ўжо вызваліўся. Тое правапарушэньне, якое ў 2020 годзе лічылася „абразай“, каралася хатняй хіміяй ці двума гадамі калёніі, зараз кваліфікуецца паводле 130-га артыкулу КК — як распальваньне варожасьці, і караецца 5 гадамі турмы. Тое, што раней было хуліганствам, цяпер можа стаць „актам тэрарызму“. Вось такая цяпер правапрымяняльная практыка, а я ўсё ж юрыст па адукацыі і разумею, што гэта няправільна.

Другая прычына — элемэнтарны страх. Зь мяне бяруць падпіску аб невыдаваньні, я баюся сказаць лішняе слова нават сваякам. Я ўжо не кажу пра пагрозы пазбаўленьнем ліцэнзіі, датэрміновай пераатэстацыяй. А колькі адвакатаў атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны па 6-10 гадоў! У такіх умовах я працаваць не магу і не хачу», — так тлумачыць адвакатка Галіна, чаму яна больш не абараняе палітычных.

За 2 гады колькасьць адвакатаў скарацілася амаль на чвэрць

Па стане на 1 ліпеня 2020 года ў Беларусі было 2072 адвакаты. Аднак гэтая лічба паводле міжнародных стандартаў была невялікай: на 10 тысяч насельніцтва прыпадалі 2 адвакаты. У 2023-м адвакатаў у краіне стала на чвэрць менш.

Практыкавалі беларускія абаронцы індывідуальна (362 чалавекі), працавалі ў юрыдычных кансультацыях (1326 чалавек), адвакацкіх бюро (396 чалавек). Гэта значыць, 761 адвакат (больш за траціну ад агульнай колькасьці абаронцаў) працаваў незалежна — альбо ў прыватным бюро, альбо індывідуальна.

На стане на 1 студзеня 2023 года ў Беларусі працавалі 1690 адвакатаў у складзе 182 юрыдычных кансультацый. Больш сьвежай статыстыкі на сайце Міністэрства юстыцыі няма. Лічба на сёньня ня вельмі дакладная, бо нямала адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій з пачатку году. Апошні прыклад — 10 жніўня кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці трох адвакатаў пазбавіла ліцэнзій, у дачыненьні двух абаронцаў вынесеныя рашэньні аб магчымым спыненьні ліцэнзій.

Штомесяц кваліфікацыйная камісія ня толькі пазбаўляе ліцэнзій, але і прымае новых людзей у шэрагі адвакатаў. Так, сёлета ў ліпені атрымалі ліцэнзіі прынамсі 10 новых адвакатаў.


Глядзіце таксама

Пазбавілі ліцэнзій, не прайшлі атэстацыю, звольніліся самі

Пасьля прыняцьця зьменаў у закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці» ў лістападзе 2021 годзе індывідуальная практыка і прыватныя адвакацкія бюро былі зьліквідаваныя. У краіне засталася толькі адна магчымасьць для адвакацкай практыкі — далучыцца да адной зь дзяржаўных юрыдычных кансультацый.

У 2021 годзе амаль поўным складам пакінулі адвакатуру бюро «Сьцепаноўскі, Папакуль і партнэры», «Бараўцоў і Салей», «Уласава, Міхель і партнэры», «Сарайнен» і іншыя.

Шмат адвакатаў-індывідуалаў сышлі самі, не пагадзіўшыся стаць цалкам залежнымі ад дзяржавы. Паводле інфармацыі праекту «Права на абарону», ня менш за 126 адвакатаў адмовіліся ад ліцэнзій добраахвотна, палічыўшы такі фармат працы непрымальным.

Адвакатаў пачалі масава пазбаўляць ліцэнзій зь верасьня 2020 году. Гэта рабілася з дапамогай трох мэханізмаў: спыненьне ліцэнзіі Міністэрствам юстыцыі за «зьдзяйсьненьне ўчынку, несумяшчальнага са званьнем адваката»; пазачарговая атэстацыя (раней закон аб адвакатуры прадугледжваў атэстацыю раз на пяць гадоў, звычайна гэта была чыстая фармальнасьць, кажуць адвакаты, але пасьля рэформы распаўсюдзілася практыка «пазачарговай атэстацыі» няўгодных); выключэнне адвакатаў з калегіі ў якасьці пакараньня за дысцыплінарную правіну.

Кіраўнік Міністэрства юстыцыі Сяргей Хаменка даў справаздачу перад Лукашэнкам, што рэформа «ўзмацніла ролю дзяржавы ў рэгуляваньні адвакацкай дзейнасьці»: за год была спынена дзейнасьць 393 «індывідуалаў» і 97 адвакацкіх бюро. Міністар таксама паведаміў, што ў 2021 годзе міністэрства спыніла ліцэнзіі «47 дэструктыўна настроеным адвакатам».

Паводле ініцыятывы «Права на абарону», менш чым за 3 гады каля 120 адвакатаў пазбавілі ліцэнзій, 7 адвакатаў атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня — па 6, 8, 10 гадоў турмы.

Цяпер у 30 раённых юрыдычных кансультацыях ёсьць толькі па адным адвакаце, у 11 кансультацыях абаронцаў наагул няма. Да прыкладу, у Стаўпецкім раёне Менскай вобласьці з насельніцтвам больш за 37 тысяч чалавек не засталося ніводнага адваката.

Плятформа для кансультацый

Частка беларускіх адвакатаў, пазбаўленых у сваёй краіне права на прафэсію, вымушана пакінулі Беларусь. Яны стварылі некалькі арганізацый за мяжой — «Беларускую асацыяцыю адвакатаў правоў чалавека», праект «Права на абарону».

Іх прадстаўнік Максім Палавінка раіць беларусам па-ранейшаму зьвяртацца да праваабаронцаў, да былых адвакатаў, іншых юрыстаў.

«Цяпер дапамога праз аказаньне юрыдычнай абароны ўсім, хто зьвяртаецца — гэта, на жаль, ня наш мандат. У нас такіх рэсурсаў няма. Наш мандат больш датычыцца таго, што адбываецца ў адвакатуры і з адвакатамі, бо ім таксама патрэбна дапамога і абарона.

Але гэта ня значыць, што ўвогуле ніякай дапамогі мы не аказваем. Сябры суполкі, напрыклад, займаюцца і далей справамі сваіх падабаронных. Таксама ў залежнасьці ад сытуацыі мы можам нейкім чынам дапамагчы, калі патрэбна абарона, але тут агульных рашэньняў няма. Для кансультацый фізычных асобаў ёсьць вельмі добрая плятформа LegalHub.

Аднак мы прызнаем, што сытуацыя з аказаньнем юрыдычнай дапамогі ў Беларусі крытычная», — кажа Максім Палавінка.