Генадзь Коршунаў — пра досвед беларусаў па абодва бакі мяжы: Розніца ёсць, але пакуль не крытычная
Беларусы падзяляюцца ўсё мацней — і штучна, праз маніпуляцыі трэціх сіл, і з натуральных прычын. Рознасць досведу, які набываецца проста цяпер, не можа не сказвацца на дыстанцыі паміж тымі, хто жыве ўнутры краіны, і хто вымушаны быў з'ехаць. Што яднае і што адрознівае беларусаў сёння, высвятляў «Цэнтр новых ідэй».
Аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў працягвае аналізаваць даследаванне па ідэнтычнасці беларусаў, адкрываючы новыя моманты, якія не ўвайшлі ні ў невялікую выніковую справаздачу па праекце, ні ў папярэднія артыкулы і матэрыялы.
Эксперт прапануе паглядзець на адрозненні ў адказах на пытанні сярод тых, хто застаецца ў Беларусі, і тых, хто выехаў з краіны. Даследаванне праводзілі «Цэнтр новых ідэй» і ініцыятыва «Народнае апытанне». Яно праходзіла з 28 мая па 5 чэрвеня 2023 года. Усяго ў інтэрнет-апытанні прынялі ўдзел 4000 чалавек, з іх 2127 – у Беларусі. І яшчэ момант: выбарка даследавання скошаная ў бок пратэсна настроеных беларусаў.
Такім чынам, чым спецыфічныя адказы на пытанні пра ідэнтычнасць сярод беларусаў замежжа?
Першае, што варта адзначыць, – розніцу ў адказах сапраўды даводзіцца шукаць, таму што ў большасці сваёй людзі ў Беларусі і за мяжой адказвалі падобным чынам. Так, напрыклад, і ступень усведамлення ідэнтычнасці, і ўзровень яе важнасці і ў тых, і ў іншых знаходзяцца прыкладна на адным узроўні. Гэтак жа практычна супадаюць погляды на тое, як павінны будавацца адносіны з Расіяй – без усялякіх саюзаў, роўна гэтаксама, як з любой іншай краінай.
Тут, праўда, трэба адзначыць такі нюанс. Рэспандэнты, якія пакінулі Беларусь, з'яўляюцца больш праеўрапейскімі ці, хутчэй, антырасійскімі. Гэта выяўляецца, напрыклад, у больш выяўленай арыентацыі на Еўропу. У адказах на пытанне пра тое, якім павінен быць асноўны напрамак знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі, выбар Еўропы сярод прадстаўнікоў беларусаў замежжа вышэйшы на 8% (63,0% супраць 55,3% сярод рэспандэнтаў у Беларусі). Адпаведна, меншая доля выбараў варыянту «ні на каго арыентавацца не трэба, трэба праводзіць самастойную палітыку» (31,6% супраць 38,3% сярод рэспандэнтаў у Беларусі). І на пражэктыўнае пытанне пра «рэферэндум аб уваходжанні Беларусі ў ЕС» беларуская дыяспара больш актыўна казала «так» (65,7% супраць 57,9%).
Як мы бачым, калі розніца ў адказах і ёсць, то яна невялікая. Такія невялікія разбежкі па прынцыпова важных пытаннях гавораць пра тое, што захоўвае сілу тэзіс, выстаўлены ў адным з даследаванняў ЦНІ 2022 года: «Розніца паміж актыўнымі часткамі беларускага грамадства па абодва бакі дзяржаўнай мяжы істотна меншая, чым паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ўлады ўнутры краіны».
З іншага боку, ва ўмовах агульнага супадзення меркаванняў розніца ў адказах становіцца больш паказальнай. Нават калі сёння яна складае ўсяго 5-7-10%. На гэтыя моманты варта звяртаць увагу як на патэнцыйныя пункты разыходжання паміж рознымі групамі беларусаў.
Сёння спынімся на двух цікавых прыкладах.
Па-першае, гэта пытанне пра тое, з якімі групамі людзі адчуваюць найбольшае пачуццё агульнасці.
Тут верхнія пазіцыі ў рэйтынгу рэферэнтных груп супадаюць, хоць пачуццё агульнасці з імі і адрозніваецца па ступені выяўленасці. Так, для беларусаў замежжа больш значнымі аказаліся нацыянальная беларуская супольнасць («беларусы» — на 6,2%), найбліжэйшае сацыяльнае асяроддзе ў выглядзе сяброў (на 10,8%), а таксама панеўрапейскае і агульнасусветнае адзінства («еўрапейцы» – на 3,4%, «чалавецтва ў цэлым» – на 6,3%).
А для рэспандэнтаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, параўнальна больш важным аказалася тэрытарыяльная агульнасць. Доля выбару пачуцця супольнасці з такой групай, як «жыхары Беларусі», у іх вышэйшая на 5% (40,2% супраць 35,1%)
Па-за межамі ТОП-7 рэферэнтных груп супадзенне выбару ў беларусаў у Беларусі і за мяжой размываецца. І нават больш: з'яўляюцца некаторыя супярэчнасці.
Для рэспандэнтаў у Беларусі парадак груп супольнасці пасля ТОП-7 мае наступны выгляд: «украінцы», «славяне», «жыхары вашага населенага пункта» і «людзі адной з вамі прафесіі». У рэспандэнтаў, якія пакінулі Беларусь, іерархія прама супрацьлеглая: «людзі адной з вамі прафесіі», «жыхары вашага населенага пункта», «славяне» і «ўкраінцы».
Прычыны такога разыходжання вытлумачальныя. Для тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь, прафесійна-карпаратыўныя сувязі сёння вельмі важныя. Гэтыя сувязі не толькі наўпрост спрыяюць вырашэнню і рабочых, і фінансавых пытанняў. Верагодна, у бягучых умовах да іх яшчэ дадаюцца моманты і сяброўскіх зносін, і ўзаемнай падтрымкі ў рамках логікі «беларус беларусу беларус».
Долі выбараў такіх груп, як «жыхары вашага населенага пункта» і «славяне» ў рэспандэнтаў па розныя бакі мяжы супадаюць. А вось у адносінах да ўкраінцаў пачуццё агульнасці крыху, — на 6% — але адрозніваецца. Прычым беларусы замежжа да гэтай групы ставяцца халадней. Гэта таксама зразумела. Пры ўсёй падтрымцы ваюючай Украіны ва ўмовах эміграцыі беларусы і ўкраінцы часам могуць супернічаць за нейкія рэсурсы.
Другое пытанне: «Што радніць вас з людзьмі вашай нацыянальнасці?» Тут розніца паміж адказамі рэспандэнтаў унутры і па-за Беларуссю значна выразнейшая.
Па такіх пазіцыях як «нацыянальная культура» і «менталітэт, асаблівасці характару», «паходжанне, нацыянальнасць» і «нацыянальныя інтарэсы» адзначаюцца прыкладна аднолькавыя долі выбару (розніца менш за 3%). А вось далей адказы адрозніваюцца.
Так, рэспандэнты ўнутры краіны ў якасці фактараў, якія аб'ядноўваюць нацыю, часцей за беларусаў замежжа выбіраюць «гістарычнае мінулае» (61,0% супраць 56,9%), «традыцыі (святы, абрады)» (41,2% супраць 36,4%) і «сённяшняе жыццё ў адной краіне» (18,2% супраць 6,4%, гэта значыць амаль у тры разы часцей). Беларусы замежжа робяць большы ўпор на «мову» (67,9% супраць 62,0%) і «агульны досвед» (45,9% супраць 21,1%, гэта значыць розніца больш чым у два разы).
Як мы бачым, хай і не па самых высокіх пазіцыях, але тут ёсць адрозненні ўжо значныя, калі долі выбару адрозніваюцца ў разы. Разуменне важнасці гэтых адрозненняў расце, калі мы глядзім на фармулёўкі — і ў тым, і ў іншым выпадку яны сфакусаваныя на жыццёвым досведзе чалавека. Толькі ў выпадку беларусаў замежжа гэта, мабыць, досвед 2020 года і эміграцыі, а ў беларусаў у Беларусі – актуальны досвед жыцця ў краіне, у тых умовах, якія там цяпер ёсць. Дарэчы, у папярэднім пытанні таксама бачна, што сярод рэспандэнтаў у краіне сувязь з «жыхарамі Беларусі» таксама праяўляецца крыху больш відавочна.
Гэта той момант, які многія адчуваюць — нарошчванне аб'ёмаў свайго, адрознага ад іншай групы, досведу ў тых, хто быў вымушаны з'ехаць, і ў тых, хто застаўся. Цяпер можна фіксаваць, што розніца ёсць, аднак пакуль яна не крытычная. Зразумела, што з цягам часу такога адметнага досведу будзе станавіцца ўсё больш і больш. Гэта трэба разумець і ўлічваць.
І думаць над тым, наколькі ў будучыні будзе адчувацца гэтая розніца досведаў (гештальту, экзістэнцыі і г. д.)? І што трэба будзе рабіць для таго, каб яна – гэтая розніца — і яе адчуванне не спрацавалі на раскол прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства.