Прывідная «змена пакаленняў»: Лукашэнку няма каму «аддаць краіну», апроч уласных дзяцей?

Лукашэнка ў чарговы раз задумаўся пра тое, каб перадаць уладу дзецям. І, падобна, усе мы ведаем імёны і прозвішчы гэтых дзяцей. Праўда, узнікае адно пытанне: а ці будзе што гэтым дзецям перадаваць? Як гаварылася ў адным анекдоце, сын палкоўніка не можа даслужыцца да генерала, таму што ў генералаў ёсць уласныя дзеці…

Фота Reform.news

Фота Reform.news

Размаўляючы на камеру на МАЗе Лукашэнка зноў пусціўся ў развагі пра змену пакаленняў. Прыкметы гэтага на гэты раз ён выявіў у аўтаспорце і біятлоне. Затым ён перайшоў на сваю любімую тэму — перадачу ўлады ў Беларусі дзецям. «Трэба своечасова рыхтаваць змену. Я ж вось цяпер увесь час кажу пра змену пакаленняў. Вось наступная ў нас з вамі пяцігодка — нашых дзяцей падняць, каб яны ўжо краіну ўзялі ў рукі і панеслі... Таму ідзе змена, яна павінна заўсёды ісці, гэтае пакаленне. Галоўнае не празяхнуць. Галоўнае, каб адыходзячае пакаленне не сапсавала жыццё будучым», — рэзюмаваў ён.

Якая змена пакаленняў ідзе ў краіне — зусім незразумела. Прынамсі, яе не відаць у прынцыпе. І размова не пра тое, што Лукашэнка чарговым разам балатуецца ў прэзідэнты, хоць дзядулю ўжо 70. І не пра тое, што той жа самы ЦВК узначальвае заўзяты прыхільнік Камуністычнай партыі, якая, па вялікім рахунку, спачыла 30 гадоў таму.

У іх асяроддзі практычна няма моладзі. Агітаваць за Лукашэнку па рэгіёнах паехаў «шэры кардынал» Віктар Шэйман — той самы, які быў з Лукашэнкам яшчэ да першай ягонай прэзідэнцкай кампаніі. Пра якое «новае пакаленне» можна гаварыць? Дзе той самы БРСМ, які павінен быў стаць «кузняй кадраў», а стаў у выніку… А нічым не стаў. Таму што людзям, якія ў 1990-я стваралі той самы БРСМ, цяпер ужо пад 50 гадоў, а вяршыня кар’еры, якой яны сягнулі — гэта крэсла дырэктара ПВТ ва Усевалада Янчэўскага. Бо старыя дзяды ў 70 гадоў толькі пачалі разважаць пра «змену пакаленняў».

І вядома, нельга не згадаць, што пра новае пакаленне разважаў Лукашэнка на прадпрыемстве, якое збіралася рэкрутаваць для працы сваіх пенсіянераў (бо працаваць няма каму — не толькі моладзі няма, а наогул працоўных), і якое абяцала плаціць да 500 рублёў за «прывядзі на працу сябра», — настолькі крытычны кадравы голад.

Дзе ж моладзь? Дзе будучае пакаленне беларусаў, якому «цяперашняе пакаленне» не павінна сапсаваць жыццё? Лукашэнка адразу прызнаўся — ім жыццё ўсё ж сапсавалі. І пачаў разважаць пра тое, што палова з тых людзей, што з’ехалі з краіны, хочуць вярнуцца. Але падкрэсліў, што гэта магчыма толькі праз «камісію па вяртанні» пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа.

«Калі ласка — вяртайцеся. Але да Шведа — генеральны пракурор. Створана камісія з прадстаўнікоў рабочых, сялян, СМІ, якія бачылі, што вы тварылі ў 2020 годзе», — заявіў ён. Паводле ягоных фантазій, у Беларусь праз гэтую камісію вярнулася «нямала людзей».

Пра тое, колькі гэта «нямала», паведаміў днямі сам генпракурор Швед. Ён сказаў, што за два гады дзейнасці камісіі да яе паступіла каля 200 заяў, з якіх «частка» была разгледжаная. Колькі з гэтых 200 заяўнікаў вярнуліся ў Беларусь і які іх далейшы лёс — не паведамляецца.

Глядзіце таксама

Па даных Генеральнага дакладчыка ПАСЕ па Беларусі Рышарда Пятру, якія ён таксама агучыў на тыдні, «жывуць у выгнанні» да 500 тысяч беларусаў. Такім чынам 200 заяў — гэта не «палова», гэта 0,04 адсоткі.

І перашкаджае вяртанню беларусаў у Беларусь якраз Лукашэнка. Таму што, як казаў той жа самы генеральны дакладчык ПАСЕ, «шырокамаштабныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі, якія прывялі да адвольных затрыманняў дзясяткаў тысяч мірных дэманстрантаў пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года, працягваюцца і па гэты дзень, абуральна ігнаруючы міжнароднае права і дэмакратычныя нормы... Больш за 1200 палітычных зняволеных застаюцца ў зняволенні, апазіцыйныя палітычныя партыі і прафсаюзы ліквідаваныя, а іх лідары пераследуюцца... Выбары, якія праводзяцца ў такіх рэпрэсіўных умовах, характарызуюцца адсутнасцю свабоды слова, сходаў і аб'яднанняў, адсутнасцю вартых даверу ўнутраных або міжнародных назіранняў за выбарамі і празрыстага працэсу падліку галасоў — не могуць і не будуць адпавядаць прызнаным міжнародным стандартам справядлівасці і легітымнасці».

Ну і каб уся тая «палова, якая хоча вярнуцца» на самай справе адчула магчымасці вяртання, у краіне прайшоў суд над Аляксеем Рэзнікавым. Гэта той самы «беларус, які вярнуўся», і якому па вяртанні далі 4,5 гады калоніі за допісы і рэпосты ва «Укантакце». А цяпер яшчэ і паказальна, праз суд, зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання.

Дарэчы, у Беларусі ж на ўсю моц ідзе датэрміновае галасаванне на выбарах. І за два дні ўжо прагаласавалі, кажуць, больш за 17% насельніцтва. А беларускі ЦВК даў справаздачу і пра тое, як галасуюць беларусы, якія пражываюць за мяжой. Па словах старшыні ЦВК, з іх прагаласавала 15 чалавек.

Можна было б здзіўляцца, але гэтая лічба сапраўды фантастычная. І фантастычная яна тым, што ўчасткаў для галасавання за мяжой папросту — не стваралася! А беларусы, якія пражываюць за мяжой, павінны галасаваць на адмысловых участках… у Беларусі!

І той самы старшыня ЦВК ганарыцца гэтымі лічбамі, гэтымі 15-цю чалавекамі, і на гэтай падставе ўсур’ёз заяўляе, што такім чынам для беларусаў, якія пражываюць за мяжой, створаны ўсе ўмовы для ўдзелу ў «выбарах».

Не дзіва, што «змена пакаленняў» ва ўладзе ў нас такая ж, як і ўмовы для ўдзелу ў выбарах…