«Яны думаюць, што масавае прымусовае волевыяўленне грамадзян ім адменіць дваццаты год»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра супярэчнасці і патаемны сэнс электаральнага працэсу. І прыходзіць да высновы, што гэты электаральны працэс, як расійскі бунт — не толькі бязлітасны, але і бессэнсоўны.

photo_2025_01_24_22_36_02.jpg

«Калі б не было розных плакатаў пра выбары, я б нават не сказаў, што ў нас ідзе галасаванне. Гэта значыць настолькі ўсё спакойна, як быццам нічога не адбываецца». Заўваж, што нічога не адбываецца, сказаў не я, а зваршчык Пратасевіч з завода імя Казлова.

Я б таксама мог такое сказаць, але падумаў, што ад зваршчыка будзе больш пераканаўча. Таму што ён жа не скардзіўся. Ён хваліўся электаральнай стабільнасцю. Сказаў, што вакол «абсалютны спакой і цішыня», і ён ані разу не чуў, каб у аўтобусах людзі абмяркоўвалі электаральную тэму.

А цэнтральная электаральная камісія пахвалілася высокай электаральнай актыўнасцю грамадзян. Палічыла, што ў яе за пяць дзён датэрмінова прагаласавалі 41,81 адсотак беларусаў. І я нават магу дапусціць, што 41 адсотак беларусаў датэрмінова за пяць дзён у электаральнай камісіі сапраўды ёсць. Яны не галасавалі, але я гатовы дапусціць, што ў камісіі яны ёсць.

Таму што гэта толькі на першы погляд ты можаш сабе падумаць, што паміж «нічога не адбываецца» і 41 адсотак датэрмінова, ёсць некаторая непераадольная супярэчнасць. Вядома, у рамках звычайнай эўклідавай геаметрыі «высокая актыўнасць выбаршчыкаў» і «я ані разу не чуў, каб людзі разважалі пра выбары» — гэта дзве паралельныя прамыя, якія ніколі не перасякаюцца.

Але ў альтэрнатыўнай электаральнай прасторы дзейнічае іншая логіка. Таму ніякай супярэчнасці няма. Таму што грамадзяне асобна, а электаральны працэс — асобна. І лепш за ўсё было б іх у прынцыпе не змешваць.

Ну на самай справе. Электаральная камісія, тэлевізар і ганаровы зваршчык — што яшчэ трэба чалавеку, каб спакойна праводзіць старасць? (Тым больш, колькі там яе засталося праводзіць). Займайцеся ўзаемным электаральным працэсам паміж сабой, атрымлівайце задавальненне і пакіньце народ у спакоі. Не трэба яму лішні раз нагадваць, за што канкрэтна ён вас не любіць.

На самай справе яму шмат за што ёсць вас канкрэтна не любіць. Але хаця б не нагадвайце яму пра свой электаральны працэс. Таму што прымус да электаральнага працэсу займае ў спісе прычын для народнай непрыязнасці ганаровае месца. Не першае, на першым гарант стабільнасці, а з ім нічога канкураваць не можа, — але ганаровае. 


Але яны ж пакінуць народ у спакоі не ўмеюць. Таму што яны думаюць, што масавае прымусовае волевыяўленне грамадзян ім адменіць дваццаты год. Што гэта такі магічны абрад па вяртанні легітымнасці, народнай любові і маладога запалу.

А на самай справе нічога не адменіць. Ніякія электаральныя абрады не вернуць маладосць, здароўе і электаральны запал. Таму што 41 датэрміновы адсотак — у тэлевізары, а гарантыі, якія мінаюць — на твары.

І тым больш ніякімі абрадамі не адмяніць сакалоў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.