Палітвязня Ігара Аліневіча пасля 30 сутак ШІЗА змясцілі ў ПКТ

Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, у мазырскую калонію этапавалі ў канцы траўня. Але па прыбыцці яго проста з каранціну адправілі ў ШІЗА.

ihar_alinevich.png

Па надуманых прычынах яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 сутак, пасля чаго перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Пра гэта ён напісаў маці ў лісце. Пры гэтым за 21 месяц у зняволенні Ігара ніводнага разу не каралі ізалятарам, адзначаюць праваабаронцы.

«А вось і я аб'явіўся нарэшце, — піша Ігар Аліневіч. — Пасля 30 дзён ШІЗА пераведзены ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Так што зараз з матрацам, коўдрай, гарбатай. Скажу, што пасля паўтары гады у розных СІЗА, пабыць у адзіноце — вельмі карысная опцыя. За гэты час прывёў сябе ў палепшаную фізічную форму. Але самае галоўнае, гэта глыбіннае пагружэнне ў думкі аб мінулым, сучаснасці і будучыні, якога не дасягаў нават у першыя тыдні арышту. Будзеце смяяцца, але ледзь хапіла часу, столькі ўсяго ў галаву прыйшло! Ну, і вядома ж інтэлектуальныя практыкаванні па сцэнарах сусветнага развіцця, сюжэту аповеду і нават новых вынаходак.

Абавязкова! У кожным лісце ўкладваць адзін чысты канверт і некалькі лістоў паперы для адказу. Заказныя не трэба, паштоўкі не трэба. Тут строгі ўлік».