Міністэрства не можа? Ці не хоча?
Дэклараваная роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў на практыцы пераўтвараецца ў істотную перавагу адной з іх ва ўсіх сферах нашага жыцця, у тым ліку ў адукацыі. Беларускую мову ў школах вывучаюць як замежную: дастаткова ведаць асноўныя правілы і досыць абмежаваны набор слоў.
Тым не менш, калі прапанаваць школьніку-выдатніку развязаць матэматычную задачу на ангельскай мове, ён адмовіцца, бо не адчувае сябе падрыхтаваным да гэтага, але калі прапанаваць зрабіць тое ж на беларускай мове, то можа пагадзіцца. Ён, атрымліваючы па мове адзнакі 8-9, лічыць, што мову ведае. Да таго ж, мабыць спрацоўвае генная памяць: чалавек адчувае гэтую мову як сваю і сваё няведанне ён мяркуе адолець розумам.
З 2001 года ў Магілёве абласная арганізацыя ТБМ праводзіць спаборніцтва для старшакласнікаў пад назвай “Беларускае пяціборства” як варыянт абласной алімпіяды, толькі не па адной вучэбнай дысцыпліне, а па шэрагу найважнейшых. Адказваць на пытанні і развязваць задачы там патрабуецца ў нашай мове. Тры-чатыры дзясяткі навучэнцаў штогод добраахвотна прыходзяць пазмагацца за прызы пяціборства.
Вось такое веданне мовы выдатнікамі. Зараз чытаюць на банэрах пра смак роднай мовы і ўжо ведаюць “суніцы”, “ажыны”, “журавіны”. Раней і гэта быў цёмны лес. Але ж праз банэры мову не вывучыш, хаця смак яе адчуць можна дапамагчы.
І вось прыходзіць чалавек на беларускае пяціборства развязваць матэматычныя задачы (пераважна там удзельнікі абласной матэматычнай алімпіяды, якія развязваць задачы ўмеюць). Развязак трэба патлумачваць. Яму ці ёй трэба напісаць пра лічнік дробу. Але слова “лічнік” ён ніколі не чуў. Ён чуў “числитель”. Ён задумваецца: “числитель” ад слова “число”, “число” ў нашай мове “лік”. Значыць “числитель” будзе ў нашай мове “лічыцель”. Так і піша: “лічыцель дробы”.
Гэтак жа ён ніколі не чуў слова “датычная”. І спрабуе сам прыдумаць адпаведнік расійскаму слову “касательная”: касальная, зачэпная, дакранальная, даткнутая… Я назбіраў аж 11 адпаведнікаў гэтага слова, прыдуманых спаборнікамі.
Аднойчы ўбачыў паведамленне пра Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю “Сучасная моўная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы, перспектывы”, якую праводзіў нацыянальны інстытут адукацыі. Да ўдзелу запрашаліся настаўнікі. Падрыхтаваў тэкст даклада “Аб адным аспекце моўнай няроўнасці ў сістэме сярэдняй адукацыі” па матэрыялах пяціборства і ў сумненнях, што яго прымуць, даслаў аргкамітэту. Маёй мэтай было не толькі звярнуць увагу на праблему, але і прапанаваць міністэрству адукацыі выдаць рэкамендацыі настаўнікам рускамоўных школ паведамляць вучням беларускамоўныя варыянты новых тэрмінаў. Хаця б такая дробязь! І яна б ужо неяк дапамагла.
На маё здзіўленне даклад прынялі і надрукавалі без купюр у зборніку дакладаў канферэнцыі. Нават уключылі ў пленарнае паседжанне. Ён выклікаў жывое абмеркаванне. Маю прапанову прафесар Л.Мурына дапоўніла яшчэ адной цікавай прапановай: друкаваць на фарзацах рускамоўных школьных падручнікаў руска-беларускія слоўнічкі выкарыстанай у падручніку навуковай тэрміналогіі. Удалося настояць, каб выказаныя прапановы былі перададзены як рэкамендацыі міністэрству адукацыі.
Праз год я пацікавіўся лёсам гэтых рэкамендацый. Адказ ад першага намесніка міністра А.Жука мяне збянтэжыў: “… на канферэнцыі не планавалася выпрацоўваць рэкамендацыі Міністэрству адукацыі”. Вось так! — пагрозліва: “Хто там асмеліўся нешта рэкамендаваць міністэрству?! Міністэрства само ведае, што рабіць!”
Тым не менш, мой ліст быў перакінуты ў нацыянальны інстытут адукацыі. Маўляў, вы распачалі гэтую бучу, вы і разбірайцеся. Адказ прыйшоў ад намесніка дырэктара інстытута М.Яленскага: “Нацыянальны інстытут адукацыі паведамляе, што на форзацы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў выносіцца інфармацыя на той мове, на якой яны выдаюцца.” І ўсё.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што нават на мінімальныя дзеянні, звязаныя з падтрымкай беларускай мовы, у беларускім міністэрстве адукацыі пайсці не могуць ці не хочуць.