“Беларуская мова — гэта фішка, якой яшчэ не карыстаюцца ў поўнай меры!”

Сваімі думкамі наконт выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе з арганізатарамі фестывалю AD.NAK!  падзяліўся  дырэктар ЗАТ«Плацежная сістэма БЕЛКАРТ» Аляксандр Сотнікаў.



adnak_bielkart.jpg

Адзін з воркшопаў фестывалю прысвечаны тэме стварэння канцэпту і візуалу кампаніі за развіццё безнаяўных плацяжоў у нашай краіне — ПЛАЦІМ БЕЗНАЯЎНА. Конкурс падтрымала плацежная сістэма БЕЛКАРТ, дзякуючы якой кожны ўдзельнік творчай групы, якая стане пераможцам, атрымае эксклюзіўную картку з выявай беларускага Цмока і з 4 мільёнамі рублёў на рахунку. Зарэгістравацца на воркшоп можна да 13 чэрвеня.

— Аляксандр Яўгенавіч, як на вашую думку, ці варта ў Беларусі рабіць рэкламу на беларускай мове, бо большасць рэкламы традыцыйна робіцца па-руску.

— Усе мы — беларусы. Мы жывем у сваёй краіне, маем сваю гісторыю, непадобную да гісторыі іншых народаў. Мы ўнікальныя. Наша мова — гэта адна з рысаў, якая ўласцівая толькі нашаму народу. І яна робіць нас непадобнымі на іншых. Той факт, што ў апошні час адраджаецца цікавасць не толькі да мовы, але і да гісторыі Беларусі — да гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны, — прымушае верыць у тое, што мы зможам захаваць сваю аўтэнтычнасць.

Рэклама на беларускай мове адназначна павінная прысутнічаць на рынку. Абсалютная большасць насельніцтва лаяльна ўспрымае рэкламу на беларускай мове. Нягледзячы на ​​тое, на якой мове яны гавораць.

Сёння беларуская мова — гэта фішка, якая ёсць на нашым рынку, але якой яшчэ не карыстаюцца ў поўнай меры. Мы ставім на яе!

— Выкарыстанне беларускамоўнай рэкламы — для вас маркетынгавы ход? Ці гэта таксама важна для іміджу прадпрыемства? Ці нешта іншае?

— Выкарыстанне рэкламы ў бізнес-працэсах — гэта ўжо маркетынг. Беларускамоўная рэклама проста надае гэтаму ходу пэўны нацыянальны каларыт. Праекты на роднай мове заўсёды падкупляюць жаданнем паказаць, што твая краіна — гэта тое, чым трэба ганарыцца, што трэба захоўваць і развіваць.

— А якія сацыяльныя ініцыятывы рэалізуе БЕЛКАРТ? Наколькі яны запатрабаваныя ў Беларусі?

— БЕЛКАРТ як нацыянальная плацежная сістэма падтрымлівае ініцыятывы па развіцці беларускай мовы і папулярызацыі гэтага кірунку як сярод усяго насельніцтва нашай краіны, так і сярод творчай моладзі ў прыватнасці.

У цяперашні час мы працуем над стварэннем беларускамоўнай версіі інтэрнэт-сайта плацежнай сістэмы — над праектам працуюць не толькі маладыя праграмісты, але і зацікаўленыя капірайтары, якія не проста робяць сухі пераклад тэкстаў на беларускую мову, але і захоўваюць унікальнасць, пявучасць нашай роднай мовы.

Нядаўна стартаваў яшчэ адзін праект на беларускай мове — «Цацачнае Падарожжа», які нясе мову ў масы (праект прасоўваецца праз сацыяльныя сеткі), знаёміць людзей з гісторыяй і культурай кожнай вобласці Беларусі.

На нашую думку, маркетынгавыя праекты на роднай мове маюць моцны эмацыйны кантэкст і ўспрымаюцца спажыўцамi пазітыўна.

Гістарычна так склалася, што насельніцтва нячаста карыстаецца роднай мовай — задача БЕЛКАРТ як нацыянальнай плацежнай сістэмы — развіваць і ўмацоўваць разуменне таго, што мы — народ з унікальнай гісторыяй, традыцыямі і, вядома, мовай.

— Ці плануе БЕЛКАРТ рэкламныя ініцыятывы толькі на беларускай мове?

— Нядаўна ў БЕЛКАРТ сумесна з ЗАТ «Альфа-Банк» была выпушчаная першая картка БЕЛКАРТ, прызначаная для прэміяльнага сегмента, — БЕЛКАРТ-ПРЭМIУМ. Радасным фактам для нас безумоўна ёсць тое, што рэклама карты ідзе на беларускай мове. Беларускія традыцыі адлюстраваныя і ў вiзуале, які прысутнічае на карце, — асабісты знак Францыска Скарыны, нашага славутага земляка і першадрукара.

Плацежная сістэма не плануе спыняцца на гэтым. У хуткім часе мы хочам парадаваць грамадства новымі каларытнымі праектамі з элементамі нацыянальнасці.

— Як вы лічыце, што трэба зрабіць, каб беларуская мова стала больш папулярнай у нашай краіне?

— Папулярнай мову можа зрабіць толькі тое, што на гэтай мове пачне гаварыць як мага больш людзей. Пачынаць, безумоўна, трэба з сябе. Але наступны абавязковы этап — камунікацыі, якія выбудоўвае нашае грамадства.

— Як па-вашаму, рэкламагэта толькі інструмент продажу альбо яна таксама нясе сацыяльную нагрузку?

— Я б адказаў на гэтае пытанне так: рэклама, якая выконвае акрамя сваіх непасрэдных функцыянальных абавязкаў і сацыяльную ролю, — добрая рэклама. Яна не толькі падахвочвае цябе купіць, але і закранае пэўныя стрункі ў тваім сэрцы. Выдатна, калі рэклама асядае ў галаве не столькі дзякуючы надакучлівасці і маштабнасці, колькі жаданнем даведацца і зразумець: а што ж там далей?