Алег Трусаў: пры падзеле савецкага войска над удалося захаваць для Беларусі Віцебскую дэсантную дывізію ( Да 20-годдзя стварэння войска Рэспублікі Беларусь)

У лютым-сакавіку 1992 года дэпутат Вярхоўнага савета Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў узначальваў беларускую дэлегацыю пад час падзелу савецкага войска. Вось як ён пра гэта ўспамінае:



9fa83fec3cf3810e5680ed45f7124dce.jpg

У лютым-сакавіку 1992 года дэпутат Вярхоўнага савета Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў узначальваў беларускую дэлегацыю пад час падзелу савецкага войска. Вось як ён пра гэта ўспамінае:
“Пасля падпісання 8 снежня 1991 года ў Віскулях Белавежскага пагаднення аб скасаванні дзейнасці саюзнай дамовы Савецкі Саюз перастаў існаваць, але савецкае войска засталося. Вось чаму на пачатку 1992 года кіраўнікі краін Садружнасці незалежных дзяржаў вырашылі падзяліць Савецкую Армію. Кіраўнікі краін Балтыі лічылі савецкае войска акупанцкім, таму адмовіліся ад удзелу ў яго падзеле. Паколькі гэтыя краіны атрымалі незалежнасць ад СССР яшчэ ў верасні 1991 года, было вырашана, што з цягам часу Савецкая Армія з усім сваім дабром павінна пакінуць Літву, Латвію і Эстонію. Вярхоўныя Саветы астатніх 12 постсавецкіх рэспублік прызначылі кіраўнікоў сваіх дэлегацый на перамовы па пытанні падзелу войска. Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларусі прызначыў мяне кіраўніком беларускай дэлегацыі. Прычым гэтая місія была ў нейкай ступені сакрэтная. Перад тым, як на саміце кіраўнікоў краін СНД зацвердзіць падзел савецкага войска, нам трэба было падзяліць яго на паперы.
Нягледзячы на вялікія паўнамоцтвы і спецсувязь, я ў вайсковых пытаннях не быў вялікім спецыялістам, таму ў склад дэлегацыі ўключылі дзесятак палкоўнікаў па кожным родзе войск. Так што ў мяне была добрая каманда. Далі нам ваенны самалёт і з ваеннага аэрадрома паляцелі мы на сакрэтную авіябазу каля ўкраінскага горада Ірпень, што пад  Кіевам. Там пры канцы лютага – у першай палове сакавіка 1992 года і адбыўся падзел савецкага войска.
І вось сабралі дэлегацыі ўсіх 12 краін ў вялікай зале і да нас прыехаў галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі краін СНД маршал авіяцыі Яўген Шапашнікаў. Расію прадстаўлялі першы намеснік міністра абароны генерал Павал Грачоў і намеснік камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі генерал Аляксандр Лебедзь. На чале дэлегацыі кожнай краіны былі генералы. Толькі беларускую дэлегацыю ўзначальваў цывільны чалавек, які ніколі ў войску не служыў. Усе кіраўнікі прадстаўляюцца, раблю гэта і я: “Трусаў Алег Анатольевіч, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі. Шапашнікаў пытаецца: “А ваша воінскае званне? Адказваю: “Старшы лейтэнант запасу. У зале ўсе грымнулі смехам… А маршал ўдакладняе: “Дык вы якую краіну прадстаўляеце?. Адказваю: “Рэспубліку Беларусь. Праз некаторы час я звярнуўся да Шапашнікава з дазволам задаць пытанне і спытаў яго: “А вы якую краіну прадстаўляеце? У зале ізноў смех, а Шапашнікаў аж пачырванеў, як рак… Маё пытанне вельмі спадабалася кіраўніцтву расійскай дэлегацыі і мы з імі адразу пасябравалі.
Нам насілі і паказвалі розныя сакрэтныя паперы, якія пры нас і знішчаліся на макулатуру. І калі я паглядзеў, колькі ў Беларусі было савецкага войска, мае апошнія валасы дыбам усталі. Гэта было нешта страшнае. Акрамя стратэгічнай ядзернай зброі, ракет і бамбардзіроўшчыкаў, якія перадаваліся Расіі, было вялікае мноства рознай іншай зброі, што павінна была застацца на месцы. Праблема ўзнікла наконт Віцебскай дэсантнай дывізіі, якая адна ў СССР мела такія вялізныя транспартныя самалёты, што дазвалялі нават перавозіць і скідваць танкі на парашутах. Склалася так, што на папярэдніх перамовах старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і прэм’ер-міністр краіны Вячаслаў Кебіч згадзіліся аддаць гэтую дывізію Расіі. Але перад ад’ездам ва Украіну на мяне вышлі афіцэры гэтай дывізіі і перадалі зварот, пад якім стаяла больш за тысячу подпісаў дэсантнікаў і іх жонак – у асноўным ураджэнак і грамадзян Беларусі. Падпісанты звароту прасілі мяне зрабіць ўсё мажлівае, каб дывізія засталася ў Беларусі, бо набліжалася вайна ў Чачні. А галоўны аргумент падпісантаў быў такі: “Мы Кабул бралі. Можа зноў нешта прыйдзецца браць? “ І калі аднойчы вечарам мы з расіянамі і украінцамі уздымалі чарку за славянскае братэрства, я ўзняў гэтае пытанне, а праз некалькі дзён Лебедзь з Грачовым далі згоду пакінуць Віцебскую дэсантную дывізію Беларусі: “Яны ж заслужылі, яны ж Кабул бралі, хай жывуць!.
Паколькі справа пайшла добра, я прад’явіў прэтэнзіі на Пінскае марское вучылішча, дзе рыхтавалі афіцэраў-маракоў, большасць з якіх служылі на расійскім Далёкім Усходзе ў складзе Амурскай ваеннай флатыліі. Расіяне хацелі цалкам забраць гэтае вучылішча, але я быў супраць. Дамовіліся, што вучылішча будзе дзейнічаць у Беларусі яшчэ два гады, каб курсанты яго скончылі. Прычым, згадзіліся: гэтыя два гады расіяне будуць фінансаваць   дзейнасць навучальнай установы, а пасля забяруць яе сабе пры ўмове, што маёмасць вучылішча застанецца Беларусі.
Акрамя таго, у кулуарах я сціпла падымаў пытанне пра ўдзел Беларусі ў падзеле савецкага ваенна-марскога флоту. І мне адказвалі, што пры згодзе беларускага кіраўніцтва магчыма абмяняць беларускую долю ў савецкім ВМФ на частку савецкага гандлёвага і рыбалоўнага флатоў, якая прыпісана да партоў балтыйскіх краін. Пры гэтым прадстаўнікі Расіі згаджаліся за невялікую плату прадставіць для судоў пад беларускім сцягам расійскі порт прыпіскі ў Калінінградзе. З падтрымкай гэтых ідэй да мяне звярталіся сотні беларусаў-маракоў, якія служылі ў савецкім ВМФ, а таксама ў пасажырскім, гандлёвым і рыбалоўным флатах СССР. Так, паводле маіх дадзеных, толькі ў савецкім ВМФ каля паловы камандзіраў атамных падводных лодак былі ўраджэнцамі Беларусі. Але кіраўніцтва Беларусі не падтрымала мае прапановы. І да гэтай пары Беларусь – заснавальніца СССР, якая ўклала шмат людскіх высілкаў і матэрыяльных рэсурсаў у стварэнне і забеспячэнне флоту вялікай дзяржавы – не мае свайго флоту. Бо гэта выгадна карупцыянерам ад улады.