Праз «павышэнне коштаў» затрымалі 20 чалавек і завялі 34 крымінальныя справы
У Беларусі з-за «росту коштаў» распачалі 34 крымінальныя справы. Пра гэта паведамілі ў эфіры прапагандысцкага тэлеканала «АНТ» прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, піша «Л*стэрка». Але маніторынгам, акрамя КДК, займаюцца і іншыя ведамствы. Як заявілі ў МУС, іх ведамствам выяўлена больш за 70 фактаў «завышэння цэн».
Усяго ў краіне ўжо затрыманы 20 чалавек, заведзены 34
крымінальныя справы з-за росту коштаў.
«У двух гандлёвых аб'ектах Слоніма і Гародні былі
пераацэнены тавары ў бок павелічэння кошту: у адным выпадку не менш за шэсць асартыментных найменняў, у другім — 11. У адной краме — павелічэнне цаны
на кандытарскія вырабы і паўфабрыкаты з мяса. Розніца даходзіла да 1,39 капейкі.
У іншай краме, у Слоніме, кошты былі завышаны на прамысловыя тавары,
павелічэнне кошту даходзіла да 3 рублёў 85 капеек», — распавёў у эфіры «АНТ» 17
кастрычніка намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў
Камітэта дзяржкантролю Юрый Кардымон.
Раніцай 18 кастрычніка інфармацыю дапоўнілі ў МУС.
«Аператыўнікі ўстанавілі ўжо звыш 70 фактаў завышэння
цэн ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. У якасці аб'ектаў парушальнікі выкарыстоўваюць
у асноўным мясную, малочную, хлеба-булачную прадукцыю, іншыя сацыяльна значныя
тавары, а таксама бытавую тэхніку. Узбуджаны шэраг крымінальных спраў за
злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі», — гаворыцца ў паведамленні.
У ведамстве прывялі некалькі прыкладаў: у Баранавіцкім раёне
распачата крымінальная справа ў дачыненні да намесніка дырэктара адной з
прадуктовых крам, які дапусціў павышэнне цаны на ёгурт вядомай беларускай
маркі. У Магілёўскім раёне дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю «з карыслівай мэтай» устанавіў у магазіне адной з вёсак раёна завышаную цану на
сыр.
«Падобныя дзеянні работнікаў гандлю прычыняюць істотную
шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама дзяржаўным і грамадскім
інтарэсам. Праца па выяўленні такіх фактаў працягваецца», — дадалі ў МУС.
Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Лукашэнка заявіў аб забароне на павышэнне любых цэн у краіне.
Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па магазінах і
жорсткую рэакцыю аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў падключыліся не толькі
прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.
Раней паведамлялася, што Дзяржкантроль завёў крымінальную
справу за павышэнне коштаў у Магілёўскай вобласці. Крымінальную справу завялі і
ў Баранавічах — там намеснік дырэктара гандлёвага аб'екта павысіў на 13% цану
на адзін з харчовых тавараў. 10 кастрычніка стала вядома, што крымінальных
спраў ужо больш за дзясятак. У Гомелі пад крымінальны пераслед трапіла прыватная
кампанія, якая перапрадавала гародніну і садавіну бюджэтным арганізацыям з
аптовымі надбаўкамі да 300 працэнтаў. Таксама стала вядома, што крымінальныя справы
завялі на прыватную сетку аптэк і гандлёвую сетку «Дабраном».
Пры гэтым Лукашэнка 10 кастрычніка заявіў, што забарона на павышэнне коштаў будзе дзейнічаць некалькі дзён. Што канкрэтна ўвядуць замест забароны на падвышэнне коштаў, ён не паведаміў.