«Сыпацца пачало адразу многае». Што ў новых даных па цэнах так усхвалявала Лукашэнку?

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» паглядзеў на новыя афіцыйныя даныя па інфляцыі і росце цэн. І не знайшоў нічога такога, што магло б выклікаць празмерна нервовую рэакцыю Лукашэнкі, які забараніў падвышаць цэны. Нешта не так у статыстыцы?

16221836.jpg


У канцы мінулага тыдня Лукашэнка загадаў цэнам стаяць на месцы. Мы выказалі здагадку, што адной з прычын гэтага відавочна эмацыйнага ўчынку стала свежая інфармацыя па інфляцыі, якая трапляе на стол да Лукашэнкі за некалькі дзён да таго, як агучваецца публічна. І вось інфармацыя аб росце цэн за верасень з'явілася ў адкрытым доступе.

Калі казаць у цэлым, паглядзеўшы на лічбы Белстата, можна толькі здзівіцца: ніякіх страшных змен не адбылося. Мала таго, некаторыя тэндэнцыі можна нават вельмі асцярожна назваць паляпшэннем.

У частцы спажывецкіх цэн дынаміка наступная: пасля імклівага росту гадавой інфляцыі ў сакавіку гэтага года з 9,9% да 15,9% паказчык павялічыўся да 18,1% у ліпені. Пасля гэтага назіраецца павольнае зніжэнне гадавой інфляцыі да 17,9% у жніўні і 17,4% у верасні.

Тэндэнцыя да зніжэння інфляцыі (прынамсі, па афіцыйных даных) дэманструецца па ўсіх катэгорыях тавараў і паслуг без выключэння. Нехарчовыя тавары замарудзіліся ў росце цэн з 20,9% у жніўні да 20,3% у верасні, харчовыя — з 18,9% да 18,3%. І гэта ўжо трэці па ліку месяц з «адмоўным» ростам. Паслугі замарудзілі рост з 12,2% у жніўні да 11,9% у верасні.

У пералічаным вышэй не відаць ніводнай падставы для эмацыйнай прамовы на сустрэчы з урадам і наступных вельмі радыкальных дзеянняў. Дык што ж адбылося насамрэч? У нас ёсць некалькі версій.

Першая. Статыстыка, якую мы ўбачылі, не адпавядае рэчаіснасці. Лічбы, якія ўбачыў Лукашэнка, і лічбы, якія пасля паказалі нам, адрозніваліся. Магчыма, цэны выраслі настолькі, што дэманстраваць простым грамадзянам рэальнасць было неяк нязручна, таму шляхам розных маніпуляцый з лічбамі статыстыку адкарэктавалі да «прымальнага» ўзроўню.

А чаму б і не? Успомніце, як у свой час, строга ў рамках сціплага, пазначанага Міністэрствам аховы здароўя максімуму, паміралі беларусы ад каронавіруса. Пасля такога падмяніць паказчыкі росту цэн — нявіннае свавольства. Ускосна за гэтую тэорыю можа казаць той факт, што на нарадзе віцэ-прэм'ер прагаварыўся, што ўрад прагназуе рост інфляцыі да 19%. Гэта дзіўна гучала на фоне паказчыкаў, што мы бачым: да канца года засталося два з паловай месяцы, рост спажывецкіх цэн запавольваецца.

Другая. Лукашэнка моцна нервуецца, бачачы, што ў параўнанні з Расіяй мы паказваем горшыя інфляцыйныя вынікі, і няма ніякіх шанцаў гэтую сітуацыю выправіць. А гэта значыць, што яго папулярнасць у «глыбіннага народа», які параўноўвае жыццё тут і там, будзе падаць, падмываючы і так крохкі падмурак «ядзернага электарату». Дастаткова паглядзець на рост цэн у Еўразійскім эканамічным саюзе, каб зразумець, што мы выглядаем пройгрышна.

Трэцяя. У кастрычніку адбылося нешта, чаго мы не бачым у статыстыцы верасня. Або былі праведзены некаторыя закрытыя сацапытанні, якія тычацца, напрыклад, узроўню задаволенасці і дабрабыту грамадзян. У выніку паўстала вострая неабходнасць распачаць гучныя дзеянні, каб змясціць акцэнт увагі насельніцтва. Адной з прычын мог стаць ціск Расіі, якая прымушае Лукашэнку ўсё больш і больш увязвацца ў крывавае супрацьстаянне з Украінай. Ён разумее, што падобныя крокі папулярнасці яму не дададуць, і адчайна імкнецца распачаць контрмеры. Ніякіх рэальных інструментаў уплываць на сітуацыю ў яго ўжо няма, таму даводзіцца разлічваць толькі на стары правераны сродак — папулізм і зрушэнне акцэнтаў увагі.


І, нарэшце, чацвёртая версія — гэта камбінацыя трох пералічаных прычын у любым выглядзе. Верагодней за ўсё, менавіта ў такой сукупнасці фактараў і ляжыць разгадка. У Беларусі цяпер не проста дрэнна ў адным асобным кірунку. Сыпацца пачало адразу вельмі многае.