Рэцэпт тыдня: курыца, смажаная ў ядзерным выбуху

На тыдні ў Беларусі былі дзве самыя абмяркоўваемыя праблемы. Гэта, безумоўна, ахова нашых межаў ды цэны на пасечаную курыцу. Прычым, абедзве гэтыя праблемы ўступілі ў спаборніцтва: якая з іх больш важная.

kuricovzryv.jpg

Безумоўна, гэтыя праблемы — у нечым адгалоскі за ўплыў на першую дзяржаўную асобу. Падавалася, што ўрэшце ён пачаў прыслухоўвацца да эканамічнага блоку ва ўрадзе, і нарэшце звярнуў увагу на сапраўдныя праблемы, якія адбіваюцца на жыцці людзей — інфляцыя, рост цэнаў, падзенне ВУП і, адпаведна, заробкаў, і гэтак далей. Канешне, Лукашэнка, як заўсёды, звярнуў на гэтыя праблемы ўвагу ў сваім стылі, «жэстачайшэ» забараніўшы рост цэн, але ж звярнуў! І пасля яго выступу ў некаторых усё ж зацеплілася надзея, што — пасля гэтага звярнення ўвагі, — ён будзе менш займацца сілавым блокам, а больш увагі аддасць грамадзянскаму, то-бок — эканамічнаму.

Пры гэтым варта зазначыць, што гэта «грамадзянскі» блок корміць нашае войска, а не наадварот. І, калі ў краіне будзе менш грошай — менш яго будзе і ў войска.

Чаго толькі мы не наслухаліся за гэтыя дні! Так, спачатку сам Лукашэнка сказаў, што ў Беларусь будуць перакінутыя тысячы расійскіх вайскоўцаў у межах дасягнутай з Пуціным дамоўленасці пра разгортванні рэгіянальнай групоўкі Саюзнай дзяржавы.

Разгортванне рэгіянальнай групоўкі Лукашэнка абгрунтаваў нібыта рыхтуючымся нападам з боку Украіны і краін NATO.

Канешне, усе напружыліся. Аднак потым эксперты, пачытаўшы дакументы «Саюзнай дзяржавы», высветлілі, што «рэгіянальная групоўка» ў нас існуе гадоў гэтак 20. Потым у расійскай Дзярждуме заявілі, што групоўка разгортваецца, каб супакоіць Лукашэнку. А нашы вайскоўцы потым абвясцілі чарговыя вучэнні па разгортванні гэтай групоўкі. Стала відавочна, што «рэгіянальная групоўка» — гэта чарговы пшык туманам у вочы Пуціна. Маўляў, «мы так абараняем вашыя заходнія межы ад NATO, што нам патрэбныя падмацаванні». І на гэтым фоне, адпаведна, не можа ісці размовы па поўнамаштабным удзеле Беларусі ў вайне.

Прынамсі, мне падаецца, што сэнс «разгортвання» таго, што ўжо не толькі разгорнутае, але і карані тут пусціла, менавіта такі.

Зразумела, украінцы не вельмі цямяць у нашых падкавёрных гульнях з Пуціным. Да таго ж, у іх свае праблемы. І не самыя ўплывовыя людзі — на ўзроўні дарадцаў ці экспертаў, — выказаліся ў тым духу, што «мы гатовыя сустрэць вашую групоўку». Дарадцам і экспертам адказаў сам міністр абароны: па яго словам Беларусь мае намер толькі абараняцца, папрасіў не правакаваць і паабяцаў даць імгненны і жорсткі адказ у выпадку нападу.

Міністэрства ўнутраных спраў правяло ў Ельску Гомельскай вобласці вучэнні па ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп. Як паведаміла прэс-служба МУС, з прадстаўнікамі мясцовых уладаў адпрацоўваліся «арганізацыйныя і практычныя дзеянні пры нападзе ДРГ і незаконных узброеных фарміраванняў на населены пункт».

Колькі пры гэтым было выяўлена «дыверсійных падабаек у сацсетках» ды падпісак на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы» — не паведамляецца. Хто перамог у вучэннях — таксама.

А кіраўнік КДБ у навінах на тэлеканале «Беларусь 1» і ўвогуле заявіў, што Захад, «паводле нашых звестак», абмяркоўвае «магчымасць прымянення тактычнай ядзернай зброі альбо выкарыстанне вось тых груповак, што ствараюцца, для прамой агрэсіі ў дачыненні да нашай краіны і нашых саюзнікаў».

Цікава, па-першае, што гэта сказаў кіраўнік ведамства, якое, па ідэі, не займаецца знешняй выведкай. Па-другое, на месцы «палкоў Каліноўскага і Літвіна» я б заганарыўся — раней пра іх казалі, што там «сто чалавек, якія разбегліся», а цяпер па зруйнавальнай моцы параўноўваюць іх з тактычнай ядзернай зброяй.

Пачуўшы ўсё гэта, Зяленскі высунуў прапанову — накіраваць на мяжу Беларусі і Украіны міжнародных назіральнікаў, каб яны на ўласныя вочы пераканаліся адкуль і куды рыхтуецца напад. Падаецца, нармальная прапанова, асабліва, калі мы, як запэўніваюць нас нашы сілавікі, ні на каго нападаць не збіраемся. Але міністр замежных спраў (спраў няма, а міністр ёсць!) заявіў, што знаходжанне на ўкраінска-беларускай мяжы назіральнікаў заходніх краін будзе азначаць «фактычна ўцягванне гэтых трэціх краін ва ўкраінскі канфлікт».

Тут таксама шмат пытанняў. Чаму «канфлікт», па словах Макея, выключна «ўкраінскі»? Як могуць назіральнікі «ўцягнуцца ў канфлікт» там, дзе, па словах нашых ваенных, няма канфлікту? І галоўнае — каго ён меў на ўвазе пад «трэцяй» краінай?

Але ведаеце, што самае цікавае? Мы ж разгортваем усялякія «рэгіянальныя групоўкі», каб супрацьстаяць NATO, правільна? Дык вось, NATO з гэтай нагоды нават не зварухнуўся. ЗША і генсек Альянса Столтэнберг абышліся дзяжурнымі фразамі пра «неўцягванне Беларусі ў вайну». Польшча, Літва, Латвія, Эстонія — самыя блізкія да нас «натаўцы» — усю нашую ваяўнічую рыторыку і «біццё сябе капытам у грудзі» проста праігнаравалі.

Гэта і паказвае, што вербальныя інтэрвенцыі беларускіх сілавікоў і паказныя падрыхтоўкі да немаведама чаго былі скіраваныя зусім не на тых, хто павінен быў спалохацца нашай «боегатоўнасці». Гэта была спроба прадэманстраваць «боегатоўнасць» некаму іншаму. Напэўна, таму, хто знаходзіцца ў супрацьлеглым баку ад NATO.

А па другі бок навінаў пралегла сечаная курыца. З ёю — зусім усё проста. Пакуль КДК і МАРГ шчыруюць у пошуку тых, хто завышае цэны пасля каманды «цэны, стой, раз-два!». Але справа ў тым, што законы эканомікі — усё роўна, што законы прыроды. Спрачацца з імі, без дрэнных наступстваў для сябе, немагчыма. І загадаць цэнам стаяць — усё роўна, што загадаць сонцу не ўзыходзіць.

А таму Лукашэнка (мажліва, пасля таго, як з ім правялі тлумачальную гутарку), вырашыў «адкаціць назад». Пакуль — у вельмі завуаляванай форме. «Галоўнае — не забарона на рост цэн. Не забарона. Чытайце дырэктыву. Галоўнае — гэта выпрацоўка сістэмы кантролю за цэнаўтварэннем. А да выпрацоўкі гэтай сістэмы (гэта ўсяго толькі некалькі дзён), так, цэны расці не павінны», — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што адным з важных вынікаў кантролю за цэнаўтварэннем павінна стаць персаналізацыя адказнасці за рост цэн. І адказваць за гэта будуць міністры, у вядзенні якіх вытворчасць тавараў, і губернатары, бо яны курыруюць функцыянаванне гандлёвых аб'ектаў.

Такім чынам, можна лічыць, што барацьба за ўтрыманне цэн доўжыцца літаральна да «выпрацоўкі сістэмы па кантролю за цэнаўтварэннем». Пасля цэны будуць працягваць расці, але адказваць за гэта будзе не Лукашэнка, а губернатары і міністры. Як звычайна, «цар добры — баяры дрэнныя». Толькі цяпер гэта будзе замацавана адпаведнай пастановай.

За несанкцыянаванае павышэнне цэн, па апошніх звестках, узбуджана каля дзясятка спраў. Што пра гэта кажуць у сацсетках? «За расчлянёнку курыцы — крымінальная справа. Трылер, які мы заслужылі».