Генпракуратура распачала ўжо 18 крымінальных спраў з-за завышэння цэнаў
Чатыры чалавекі трапілі з-за завышэння цэнаў пад варту.
За невыкананне заканадаўства аб цэнаўтварэнні на гэты дзень улады распачалі 18 крымінальных спраў, чацвёра небаракаў узятыя пад варту, паведаміла начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак, піша «Л*стэрка».
— На сённяшні дзень распачата 18 крымінальных спраў, звязаных з неабгрунтаваным завышэннем цэнаў. Сума шкоды перавысіла 7 мільёнаў рублёў. Большасць спраў органамі пракуратуры ўзбуджаная па матэрыялах ДФР КДК. Пракурорамі санкцыянаванае прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да 4 асоб, па шэрагу фігурантаў такое пытанне знаходзіцца на разглядзе, — заявіла Курчак.
Яна заявіла, што пытанні выканання заканадаўства аб цэнаўтварэнні па даручэнні генеральнага пракурора ўзятыя на асаблівы кантроль — пракуроры штодня аналізуюць гэтую інфармацыю.
— Па ўсіх выяўленых парушэннях прымаюцца меры рэагавання нягледзячы на пасады, — заявіла Курчак.
Сёння ў КДК паведамілі, што на завышэнне коштаў у ведамства за тыдзень паскардзіліся 531 раз. Усяго ў Мінскай вобласці за 7 дзён выявілі пяць выпадкаў завышэння цэн.
Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Лукашэнка заявіў, што забараняе павышэнне любых цэн у краіне. Праз некалькі дзён стала вядома, што ў Беларусі за завышэнне цэнаў распачата больш за дзесяць крымінальных спраў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка заявіў, што забарона на павышэнне цэнаў будзе дзейнічаць толькі некалькі дзён. І за гэтыя некалькі дзён, маўляў, мусіла быць распрацаваная нейкая «сістэма кантролю за цэнаўтварэннем». Як мусіць выглядаць гэта сістэма, беларускі кіраўнік так і не патлумачыў.