На прыватную аптэку і гандлёвую сетку «Дабраном» завялі крымінальныя справы за павышэнне коштаў

Праз павышэнне коштаў завялі чарговыя крымінальныя справы. Гэтым разам — на прыватную сетку аптэк і гандлёвую сетку «Дабраном», паведамляе «Л*стэрка» са спасылкай на дзяржаўны тэлеканал АНТ. Нагадаем, у Беларусі з 6 кастрычніка ўвялі забарону на павышэнне коштаў на тавары і паслугі.

photo_2022_10_16_18_39_.jpg

Як паведамляецца, гандлёвая сетка «Дабраном» падвысіла кошты як мінімум на 30 пазіцый, сярод іх — каўбаса, сыр.

Як паведаміў тэлеканал, таксама крымінальную справу завялі на адну з прыватных сетак аптэк у Мінску. Прычына — павышэнне цэн на некаторыя лекі і БАДы.

Раней КДК распачаў справы супраць кіраўніцтва дзвюх сеткавых крам у Гродне і Ваўкавыску. У Гомелі — супраць дырэктара адной з прыватных гандлёвых кампаній за падаражанне хлебабулачных вырабаў. Гэта далёка не ўсе прыклады крымінальных спраў з-за павышэння коштаў.

Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Лукашэнка заявіў аб забароне на павышэнне любых цэн у краіне.

Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па магазінах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў падключыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.

Раней паведамлялася, што Дзяржкантроль завёў крымінальную справу за павышэнне коштаў у Магілёўскай вобласці. Крымінальную справу завялі і ў Баранавічах — там намеснік дырэктара гандлёвага аб'екта павысіў на 13% цану на адзін з харчовых тавараў. 10 кастрычніка стала вядома, што крымінальных спраў ужо больш за дзясятак. У Гомелі пад крыміналку трапіла прыватная кампанія, якая перапрадавала гародніну і садавіну бюджэтным арганізацыям з аптовымі надбаўкамі да 300 працэнтаў.