Лукашэнка сустрэўся з Дугіным. Чаму гэта падобна на паездку ў Абхазію

Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з расійскім філосафам Аляксандрам Дугіным. Яго — Дугіна, а не Лукашэнку — называюць ледзьве не галоўным ідэолагам рускага фашызму. Нахалеры ён прыдаўся галоўнаму ідэолагу «кавалачка зямлі ў цэнтры Еўропы»? Пара думак на гэты конт. 

photo_2022_10_18_17_20_21.jpg

У сваіх стасунках з Крамлём Лукашэнка даўно кіруецца прынцыпам «кляніся ў вернасці, але ключы ад свірана не аддавай». Раней гэта называлася больш зразумелымі словамі «нафта ў абмен на пацалункі», але цалаваліся яшчэ з Ельцыным, то часы змяніліся. Але сэнс застаецца ранейшым: усё можна зрабіць за тое, каб Масква дала чарговы транш «на вэксаль», нельга толькі чырвоныя лініі пераходзіць.

Як прызнаць Крым — то так, каб толькі «дэ-факта». Як прызнаць Абхазію — то толькі наведаць з «неафіцыйным візітам». Як дапамагчы ў «спецыяльнай ваеннай аперацыі» — то толькі тэрыторыяй і ўзбраеннямі, але не войскамі. Іншымі словамі, хаўруснічаць — але заўсёды пакідаць шчыліну, куды можа падзьмуць заходні вецер.

І тады палітык, які «на каленях гатовы паўзці ў Расію», заўсёды можа сказаць: мы суверэнныя, шматвектарныя, гатовыя супрацоўнічаць з усімі. Нават з «ачмурэлымі» еўрапейцамі. Бо так выгадней фінансава і больш бяспечна з гледзішча беларускага (лічы, свайго ўласнага) суверэнітэту.

Дугін той Лукашэнку сто гадоў не прыдаўся. Ні рэсурсу ў яго, ні ўплыву асаблівага, ні папулярнасці. Паматросілі крыху ў Крамлі, была справа, дый спісалі ў тыраж. Нават гібель дачкі Дар'і адазвалася ў вышэйшых калідорах ну такім сабе рэзанансам. Адным словам, збіты лётчык.

Але ж нейкая харызма маецца ў «старца», які на восем гадоў маладзейшы за самога Лукашэнку. Дастатковая, здаецца, для таго, каб патрапіць у навінавыя стужкі. То чаму б не? Чаму б не прадэманстраваць Пуціну сваю адданасць такім вось чынам? Што саюзнікі мы, і ў вайне на адным баку, і «рускі свет» нам не чужы. Мо варта паразмаўляць пра чарговы крэдытны транш? Барада Дугіна замест вайсковай падтрымкі ва Украіне.

Але, зноў жа, фортка для еўрапейскага ветрыка адчыненая. Бо і размова неафіцыйная, і проста «сустрэліся, пагаварылі». Як з Бжанія ў Піцундзе.

Еўропа, як і Украіна, на такія празрыстыя манеўры ўжо даўно не звяртаюць увагі. Падобна, што і Пуцін на іх глядзіць без залішняга замілавання. Хіба што са здзіўленнем, наколькі ўжо непрыхавана хаўруснічак зноў хоча забраць прыкуп краплёнымі картамі, адмаўляючыся плаціць за падтрымку хоць колькі-небудзь рэальную цану.

Хаця чорт ведае, можа і дагэтуль гэта працуе. Сапраўдныя адносіны Пуціна з Лукашэнкам застаюцца нейкай чароўнай экзістэцыйнай таямніцай для большасці аналітыкаў.