Польшча падоўжыла забарону на чыгуначныя зносіны з Беларуссю да 30 красавіка

Забарона на чыгуначныя зносіны на польска-беларускай мяжы падоўжана да 30 красавіка. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі са спасылкай на польскія СМІ.

_vosen___lisce___minsk____czyhunka___relsy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2__logo.jpg

Паводле інфармацыі польскіх выданняў, урад Польшчы падоўжыў дзеянне пастановы, якая абмяжоўвае чыгуначныя зносіны на мяжы з Беларуссю, да 30.04.2023, адзначае «Эканамічная газета».

У Дзяржпагранкамітэце адзначылі, што раней забарона была звязана з пандэміяй COVID-19 і ўступіла ў сілу яшчэ ў сакавіку 2020 года.

Наконт прычын для цяперашняга падаўжэння абмежаванняў на чыгуначныя перавозкі, а таксама пра перспектывы іх зняцця не паведамляецца.

У ДПК таксама нагадалі, што па ініцыятыве польскіх улад былі закрыты ўсе аўтадарожныя пункты пропуску, якія мяжуюць з Гродзенскай вобласцю. Апошні з іх — «Баброўнікі» (з беларускага боку — «Бераставіца») — прыпыніў працу 10 лютага 2023 года пасля прысуду Андрэю Пачобуту. У якасці прычыны для яго закрыцця ўлады Польшчы назвалі забеспячэнне грамадскай бяспекі.

На мяжы з Брэсцкай вобласцю цяпер функцыянуюць два аўтадарожныя пункты пропуску — «Кукурыкі» (для грузавога транспарту) і «Цярэспаль» (для легкавога транспарту).

Пры гэтым польскі бок з 21 лютага ў пункце пропуску «Кукурыкі» абмежаваў рух грузавога транспарту. Выключэнне робяць для фур, зарэгістраваных у дзяржавах-чальцах ЕС, Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЕАСГ). Грузавыя аўто, не зарэгістраваныя ў пералічаных вышэй арганізацыях і краінах, не могуць перасякаць польска-беларускую мяжу.

У сувязі з гэтым самым загружаным напрамкам на ўезд у ЕС на цяперашні момант з'яўляецца літоўскі.