«Чаўночны бізнес» па-беларуску. Як зарабіць на закрытай мяжы?
Ад нядаўняга часу Польшча закрыла амаль усе свае пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, і цяпер у беларусаў паўстала сур'ёзная праблема з выездам за мяжу і «закупамі». Але нават у гэтай сітуацыі людзі прыдумалі, як выкруціцца. Падрабязнасці расказала «М*дыязона».
Праз закрытыя памежныя пераходы чэргі на адзіным дзеючым пункце пропуску з Беларусі ў Польшчу трымаюцца ўжо некалькі месяцаў. Праходжанне мяжы на аўто займае суткі, на аўтобусе — палову сутак. Разам з чэргамі на памежных пунктах расце і памежны бізнес. «М*дыязона» даведалася, як і на чым зарабляюць беларусы на мяжы.
Прадаюць месцы ў аўтобусах і гарачую каву
Па выхадных, калі перад шлагбаумам памежнага пункта «Брэст» збіраецца шмат пасажырскіх аўтобусаў, сярод іх можна заўважыць чалавека, які ходзіць паміж аўто і прадае каву з малаком: два рублі за шкляначку.
У чатах «ГраницаBY», «Мяжа Польшча-Беларусь», «Граница PL/BY» пішуць, што прайсці мяжу на аўтобусе цяпер займае ў сярэднім 15-20 гадзін. Многія шукаюць варыянты прайсці кантроль хутчэй і пераходзяць са сваіх аўтобусаў у тыя, што стаяць бліжэй да шлагбаума. Там пасажыры спрабуюць дамовіцца з кіроўцамі.
«Прымаюць любую валюту. Сярэдняя такса — 100 злотых / 50 рублёў [за пасадку]», — напісалі ў адным з чатаў, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы. За такую суму абяцаюць давезці да Варшавы.
Схема пераходу наступная: чалавек са свайго аўтобуса падыходзіць да тых, што першымі стаяць ля шлагбаума, і просіць у кіроўцы перасесці. Калі ёсць вольныя месцы, кіроўца агучвае кошт: у сярэднім да Цярэспаля або Бялай-Падляскі такая «падсадка» абыйдзецца ў 10 еўра, або ў 25 рублёў.
Такіх перасадак на мяжы можа быць некалькі. Напрыклад, калі чалавек спазняецца, ён можа перасесці ў аўтобус перад беларускай мяжой, а, прайшоўшы яе, на мосце перайсці ў аўтобус, які бліжэй за ўсіх стаіць да польскай мяжы.
Займаюць чаргу на аўто і прадаюць яе
Перасячы мяжу з Польшчай на аўто цяпер займае ад сутак і больш. Усе ўладальнікі аўто аплачваюць электронную чаргу перад уездам у зону чакання. Перад шлагбаумам стаіць будка, дзе праходзіць рэгістрацыя.
Асноўная чарга збіраецца перад шлагбаумам, дзе і адбываецца купля/продаж месцаў у «калейцы». Усплёск такога віду заробку прыйшоўся на жнівень 2022 года. «У профільных суполках людзі прапануюць як купіць, так і прадаць месца, а таксама могуць за вас пастаяць у чарзе. Кошты — ад 50 рублёў да 100 еўра, усё залежыць ад блізкасці да назапашвальніка перад мяжой», пісаў сайт pogranec.by у жніўні 2022 года.
Цяпер у чатах паведамленні пра продаж месцаў у чэргах баняць адміністратары, а на пытанне «ў каго можна купіць чаргу» людзі аджартоўваюцца і адпраўляюць да будкі ля шлагбаума, дзе за 11 рублёў кіроўцу легкавога аўто рэгіструюць у сістэме электроннай чаргі.
«М*дыязона» знайшла аднаго жадаючага, гатовага пастаяць у чарзе на сваім аўто і аддаць яго потым у пункце пропуску «Прывалка» на мяжы з Літвой. Абыйдзецца гэта паслуга ў 10 рублёў за гадзіну і дадаткова 15 рублёў на бензін. Іншы суразмоўца быў гатовы прадаць сваю чаргу на мяжы з Польшчай за 10 долараў.
Купляюць тэхніку ў Польшчы і прадаюць у Беларусі
Беларусы працягваюць купляць тэхніку ў Польшчы як для сябе, так і на продаж. Напрыклад, Аляксандр летам 2022 года на розніцы кошту прыставак «Sony Playstation 5» і «Nintendo Switch» зарабляў па 400 рублёў з аднаго продажу.
— Як прывёз прыстаўкі ў Беларусь, выставіў іх на «Куфар». З коштам не «жасціў», таму званкі пачаліся праз 15-20 хвілін пасля публікацыі аб'явы. Мог зарабіць і больш, але вырашыў паставіць адэкватны кошт, —распавядае ён.
Цяпер розніца ў кошце паміж прыстаўкамі «Sony Playstation 5» складае 339 долараў (678 долараў у «Mediaexpert» і 1017 — у «5 элеменце»).
Зараз Аляксандр хоча заняцца перапродажам камплектуючых для камп'ютараў. Паводле слоў суразмоўцы, вырас попыт на магутныя відэакарты і працэсары, у тым ліку і б/у.
Афармляюць на сябе чужыя тавары
У чаце можна сустрэць аб'явы людзей, згодных прывезці тэхніку, алкаголь, парфюм, шыны і г. д. Кошт такой паслугі залежыць ад тавару, які вы хочаце прывезці. Напрыклад, тэлевізар з дыяганаллю ў 42 цалі даставяць за 100 долараў.
У тых жа чатах можна знайсці прапановы зарабіць: напрыклад, прывезці шыны для аўто ці іншы тавар. За правоз адной шыны прадаўцы гатовы заплаціць 30 долараў.
Акрамя гэтага, нярэдка кіроўцы шукаюць пасажыраў на падсадку, толькі замест аплаты папросяць іх «узяць» на сябе частку набытых тавараў, каб укласціся ў мытныя абмежаванні.
За сімвалічную плату — ад 5 да 20 долараў — пасажыры і кіроўцы дапамагаюць прывезці дакументы, лекі і невялікія перадачы.