Як забяспечыць сябе заробкам на доўгія гады (калі не назаўсёды)
Пакуль усе адпачывалі, яны працавалі. Падобна на тое, што ім Лукашэнка задаў працу да смерці. Да чыёй смерці — іх ці яго — усё роўна. І гэта ведамства — МАРГ.
Больш за тры гады прайшло з таго часу, калі Лукашэнка забараніў падвышаць кошты. І вось цяпер, па сканчэнні гэтага часу кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў паведаміў, што яго ведамства распрацавала тры варыянты змены сістэмы іх рэгулявання.
«Распрацавана тры варыянты трансфармацыі сістэмы рэгулявання цэн», — сказаў Багданаў у эфіры СТВ, не ўдакладніўшы, што гэта за варыянты. Ён таксама адзначыў, што распрацоўваецца аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Аналіз цэн», якая «якраз і будзе адным з элементаў новай сістэмы цэнавага рэгулявання».
«Яна дазволіць у рэжыме анлайн... бачыць любыя змены коштаў і кантраляваць. Сёння мы атрымліваем інфармацыю аб цэнах постфактум практычна. Мы бачым цэны імпарту. Па якіх коштах увайшоў гэты тавар у нашу краіну, які кошт у вытворцы, мы будзем бачыць колькасць пасярэднікаў, якія перапрадавалі гэты тавар і хто якую рабіў нацэнку», — сказаў Багданаў.
З ягоных слоў, гэта дазволіць «больш аператыўна ўплываць на фармаванне кошту».
Уяўляеце, Лукашэнка толькі адзін раз забараніў коштам павышацца, а на гэтай справе цэлае міністэрства ўжо больш за тры гады робіць сабе заробкі. Толькі ў мінулым годзе было як мінімум дзве «трансфармацыі сістэмы рэгулявання коштаў». Цяпер распрацавана яшчэ тры — плюс нейкая аўтаматызаваная сістэма. Думаю, без заробкаў МАРГ не застанецца ані цяпер, ані ў будучыні.
Затое некаторыя ўсё ж такі імкнуцца пакінуць сваіх калегаў без заробкаў, вырашаючы праблему рэгулявання коштаў самым радыкальным спосабам. Гэтая ідэя вельмі простая. Каб не было росту коштаў, трэба, каб у людзей не было грошай. Няма грошай — няма росту коштаў, усё лагічна ж, праўда?
Савет Міністраў пастановай №1064 ад 31 снежня ўсталяваў памер дапамогі па беспрацоўі. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дапамога па беспрацоўі ўсталяваная ў памеры 40 беларускіх рублёў. Сарака рублёў, Карл! Гэта прыкладна ў раёне 12 долараў ЗША па цяперашнім курсе. І на гэтыя грошы беспрацоўнаму тэарэтычна трэба пражыць месяц.
Міжнародная рыса беднасці ў цяперашні час складае 2,15 долараў ЗША на чалавека ў дзень. Гэта значыць, што беларускі беспрацоўны на рысе беднасці (не перасякаючы яе) можа пражыць менш за тыдзень. А далей — галеча? Або смерць?
Раней дапамога была прывязаная да памеру базавай велічыні. Цяпер яна лічыцца неяк па іншаму, бо базавая велічыня цяпер большая за дапамогу па беспрацоўі на 2 рублі, і складае 42 рублі.
Зразумела, што базавая велічыня — гэта велічыня ніяк не звязаная з заробкамі, яна з'яўляецца «базай» для іншых рэчаў, напрыклад, штрафаў. Але тое, што дапамога па беспрацоўі менш за «базавую» — гэта вельмі паказальны факт пра «дзяржаву для народа».
На што сапраўды паўплывае такая дапамога — дык гэта на прапаганду. Ніхто не пойдзе рэгістравацца ў якасці беспрацоўнага за дапамогай менш за базавую велічыню. І, адпаведна, прапаганда з поўнай адказнасцю будзе сцвярджаць, што Беларусь застаецца «краінай з самым нізкім зарэгістраваным узроўнем беспрацоўя». У рэгіёне, а можа, нават, і ў свеце.
Праўда, пасля Раства Лукашэнка зноў кагосьці абнадзеіў. На цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» ён выглядаў хворым, з цяжкасцю трымаўся на сцэне, а голас яго сіпеў.
На 31-м годзе свайго кіравання ён у чарговы раз пачаў разважаць пра праблему захавання дзяржаўнасці Беларусі. «Мы ўсё зробім у наступнай пяцігодцы, каб наша краіна назаўжды забылася праблему захавання сваёй дзяржаўнасці. Наша краіна заўсёды будзе дзяржавай, насуперак любым плыням і тэндэнцыям на міжнароднай арэне», — заявіў Лукашэнка.
«І апошні тэзіс, вельмі важны — новае пакаленне. Мы аддаём нашу краіну ў рукі новаму пакаленню", — сказаў Лукашэнка, які ў студзені зноў збіраецца перапрызначыць сябе на пасаду прэзідэнта Беларусі.
Таксама добрая справа. Падаецца, ніхто з нашых суседзяў, дый увогуле на прасторах былога СССР, ужо не пераймаецца праблемамі захавання сваёй дзяржаўнасці, акрамя нас. Нават ваюючая Украіна бароніць сваю дзяржаўнасць, бо гэтая дзяржаўнасць у яе ёсць, і менавіта на яе паквапілася Расія. А ў нас праз траціну стагоддзя з дзяржаўнасцю, аказваецца, праблемы. І што рабіў усе гэтыя часы «гарант»? Не падкажаце?
Ну і канешне, не можам абысці беларускую вакцыну ад COVID? Яе быццам бы распрацавалі. І быццам нават пратэставалі. І нібыта нават запускалі ў вытворчасць. А вось прывіваць беларусаў ад каронавіруса будуць усё роўна новай расійскай вакцынай «Канвасэл», заявіла намесніца кіраўніка эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч.
Па словах Дашкевіч, гэтая вакцына лічыцца больш універсальнай у дачыненні да розных варыянтаў каронавіруса, так як яе дзеянне накіравана на нуклеакапсідны бялок, які мінімальна падвяргаецца зменлівасці.
А як жа «БелКавідВак»? Падобна на тое, гэта выдатная распрацоўка мае тыя ж карані, што і праца МАРГ па кантролі за коштамі, і праца «гаранта» па захаванні дзяржаўнасці. Гэтакая «чароўная шкатулка», з якой увесь час ільюцца грошы. Дырэктар прадпрыемства «БелВітуніфарм», якое павінна было вырабляць беларускую вакцыну, Сяргей Бальшакоў заяўляў, што ў грамадзянскі абарот вакцына паступіць у 2024 годзе, і будзе выраблена 4,2 млн доз. Ужо ў гэтым, новым годзе планавалася вырабіць 8 млн доз «БелКавідВаку».
Замест гэтага ў лістападзе 2024 года ў раскладзе суда Віцебскага раёна з'явіўся судовы працэс па справе Бальшакова, які абвінавачваўся па артыкулах аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч.2 і 3 арт. 210 КК) і перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК).
Цяпер з «чароўнай скрыначкі» корміцца нехта іншы?
Аднак ці не шмат такіх «скрыначак» у Беларусі? Бо напаўняюцца яны падаткамі грамадзян. І, можа быць, лепш бы замест імітацыі дзейнасці грошы сапраўды выплацілі б беспрацоўным?