Старасць на Эміратшчыне. Чаму Лукашэнкі другі тыдзень няма дома?

Лукашэнка здзейсніў свой дзявяты візіт у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Часцей чым у Эміраты Рыгоравіч, мабыць, ездзіць толькі ў Расію. Пры гэтым за ўсе 30 гадоў кіравання беларускага дыктатара ні адзін кіраўнік ААЭ ані разу не прыязджаў у Беларусь.

9rywdgrtj2yxqhuw.jpg

На апошняй міжурадавай сустрэчы ААЭ і Беларусі з боку апошняй удзельнічала чатыры чалавекі — сам Лукашэнка і тры яго сыны. Калі ўлічыць, што старэйшы сын Лукашэнкі Віктар даўно набыў у Эміратах раскошную вілу, у галаву прыходзяць не зусім патрыятычныя думкі пра тое, што пасля завяршэння свайго кіравання былы старшыня калгаса вырашыў грунтоўна асесці менавіта на Эміратшчыне, пішуць «Белнавіны».

Глеб Жэглоў у такіх выпадках казаў:

«Здесь у него любовь с интересом, здесь у него лежбище!»

Мабыць, старасць, якая імкліва насоўваецца, вымусіла нязменнага кіраўніка РБ задумацца пра немінучы сыход з улады. Думку пра тое, што ніхто з кіраўнікоў не вечны, ён некалькі разоў паўтараў падчас сваіх хаджэнняў у народ.

Вядома, лепш за ўсё жыць і памерці ў сваёй краіне, як каўдыльё Франка або, на худы канец, Аўгуста Піначэт. Але 2020 год канчаткова пазбавіў Лукашэнку ілюзій пра народную любоў. Можна проста з'ехаць у Расію, як гэта зрабіў у 2014 годзе Віктар Януковіч і зусім нядаўна — Башар Асад. Але, мабыць, кіраўнік Беларусі лічыць сябе не зусім гіблым чалавекам, каб бегчы ў Растоў.

Ва ўмовах, калі па цалкам зразумелых прычынах зачыненыя Еўропа і Амерыка, дыктатараў вабіць Блізкі Усход з яго манархамі. Калі ў цябе ёсць грошы, тут можна пра ўсё дамовіцца.

Дзіўна, што пры гэтым Лукашэнка ва ўнісон з Пуціным працягвае падтрымліваць градус ядзерных пагроз. Пасля тактычнай ядзернай зброі, нібыта атрыманай з Расіі, ён публічна папрасіў новую пуцінскую вундэрвафлю — ракету «Ляшчына». І нават агучыў просьбу самому выбіраць будучыя мэты для яе.

Зрэшты, у гэты танны шантаж ужо ніхто не верыць. Чалавек, які збіраецца знішчыць свет, не стане купляць нерухомасць на беразе цёплага акіяна.

Мара пра вялікую ядзерную кнопку дрэнна спалучаецца з марай пра жыццё ў адной з самых багатых краін…