«У далікатным пытанні пасляваеннага ўрэгулявання на хаўрусніка беларускія ўлады спадзявацца не могуць»

Беларускія ўлады даўно набіваюцца на ўдзел у мірных перамовах па Украіне. Як лічыць намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, толькі так наша краіна можа атрымаць надзейныя гарантыі бяспекі. Праўда, пры гэтым не ўдакладняюць хто канкрэтна пагражае іх бяспецы і ад каго яны хацелі б атрымаць гарантыі. Таму што пагроза бяспецы занадта відавочная, каб вырашыцца называць яе ўслых, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan B.

Фота з interkomitet.ru

Фота з interkomitet.ru

І нас вазьміце

«Мы ад самага пачатку заяўлялі, што прэтэндуем на месца за сталом мірным перамоваў па Украіне, калі яны пачнуцца. Для нас важна атрымаць гарантыі нашай уласнай бяспекі», — сказаў Амбразевіч у панядзелак.

Сказаў крыху не па адрасе. Аб жаданні ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне беларускі намеснік міністра заявіў падчас пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Але гэта нічога. Лукашэнка вось выказваўся пра жаданне ўдзельнічаць у мірных перамовах наогул на сустрэчы з беларускімі палярнікамі. Таму што гаварыць па адрасе беларускім уладам апошнім часам няма з кім.

І справа не толькі ў генацыдзе беларускага народа, якім беларускія ўлады займаюцца апошнія чатыры гады. Спыненне генацыду беларускага народа магло б стаць тэмай перамоваў. І нават не ў саўдзеле ў вайне. На правах саўдзельніка ў вайне беларускія ўлады якраз маглі б паўдзельнічаць у перамовах.

Але патэнцыйныя партнэры не бачаць сэнсу размаўляць з беларускімі ўладамі. Таму што сумняваюцца, што беларускія ўлады могуць ім сказаць што-небудзь такое, чаго не скажа Расія.

А гэта нікому не відавочна. Асабліва, калі пасля вызвалення чарговай партыі палітычных закладнікаў Лукашэнку давялося апраўдвацца перад губернатарам Ніжагародскай вобласці. Тлумачыць, што ён меў на ўвазе выключна гуманітарныя меркаванні. А ніякіх сепаратных меркаванняў у бок Захаду на ўвазе не меў.

«Лукашэнка наўрад ці акажаца на мірных перамовах па Украіне, нягледзячы на тое, што ён вельмі гэтага хацеў бы», — лічыць кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі.

Глядзіце таксама

Ад каго ратаваць?

Хоць, здавалася б, у беларускіх уладаў няма ніякіх прычын так мітусіцца. А можна пакласціся на саюзніка, які даў ім столькі гарантый бяспекі, што ад дадатковых гарантый у саюзніка не ўбудзе. З якім у беларускіх уладаў поўнае адзінства поглядаў па ўсіх пытаннях.

«Мы энергічна, інтэнсіўна, эфектыўна працуем разам з беларускімі калегамі па рэалізацыі гэтай праграмы, уключаючы наша ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках, дзе ў нас не проста няма супярэчнасцяў, а дзе ёсць поўнае адзінства і скаардынаваная сумесная таварыская, партнёрская работа па прасоўванні нашых агульных прыярытэтаў», — сказаў у панядзелак намеснік міністра замежных спраў Расіі Міхаіл Галузін.

Але праблема ў тым, што якраз на хаўрусніка ў далікатным пытанні пасляваеннага ўрэгулявання беларускія ўлады спадзявацца не могуць. Таму што гарантыі бяспекі ім патрэбныя не ад Захаду. І тым больш не ад Украіны. Ад Захаду і Украіны саюзнік бяспеку ім больш-менш гарантуе. А вось бяспеку ад самога сябе саюзнік гарантаваць, вядома, не стане.

Таму, галоўная рызыка для беларускіх уладаў — не пагроза з боку калектыўнага Захаду. А тое, што калектыўны Захад пасля мірных перамоваў пакіне іх сам-насам з Расіяй. Ці ўвогуле перадасць Расіі ў якасці суцяшальнага прыза. І нядаўнія развагі Дзмітрыя Мядзведзева пра тое, што ў Расіі могуць здарыцца тэрытарыяльныя прыбыткі, аптымізму, відавочна, не дадаюць. І гарантыі бяспекі беларускія ўлады хочуць атрымаць ад таго самага калектыўнага Захаду.

Але перш чым набівацца на перамовы, Мінску трэба пераканаць партнёраў, што з ім у прынцыпе мае сэнс размаўляць. І словы тут справе не дапамогуць. А вызваленне палітычных закладнікаў у таварных, а не гамеапатычных колькасцях, якраз магло б дапамагчы. Увогуле, калі хочаш каб цябе прымалі ўсур'ёз, трэба спачатку даказаць, што ты самастойны палітычны суб'ект, а не парасячы хвосцік.