Ігар Кізім: Ні пра якую ролю пасярэдніка для Лукашэнкі ў мірных перамовах па Украіне і гаворкі быць не можа
Экс-амбасадар Украіны ў Беларусі, а цяпер украінскі амбасадар па асаблівых даручэннях Ігар Кізім не супраць, каб Беларусь была часткай абмеркавання на мірных перамовах па Украіне. Але ў гэтым выпадку, паводле яго, трэба дакладна вызначыць, у якой ролі яна там будзе выступаць.
Нагадаем, 16 снежня намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ў чарговы раз заявіў, што Беларусь прэтэндуе на месца за сталом перамоваў па ўрэгуляванні расійска-ўкраінскага канфлікту, пры гэтым інтарэсы нашай краіны павінны быць улічаныя.
«Размяшчаючыся па суседстве з Украінай, Беларусь як ніхто іншы зацікаўлена ў больш хуткім мірным урэгуляванні гэтага канфлікту. Цалкам разумна, што ніводная краіна не хоча, каб ля яе межаў віравалі ўзброеныя дзеянні. І таму беларускі бок ад самага пачатку рабіў міратворчыя крокі па прадухіленні эскалацыі ва Украіне. Таму мы ад самага пачатку заяўлялі, што прэтэндуем на месца за сталом мірных перамоваў па Украіне, калі яны пачнуцца. Для нас важна атрымаць гарантыі нашай уласнай бяспекі. Фінальныя дамоўленасці павінны абавязкова ўлічваць у тым ліку і інтарэсы беларускага боку», — сказаў Амбразевіч.
Ігар Кізім згодны з тым, што «перамовы па спыненні вайны павінны ўключаць абмеркаванне таго, якое месца ў будучай канфігурацыі рэгіянальнай бяспекі будзе займаць Беларусь, якія будуць гарантыі таго, што з тэрыторыі Беларусі не паўторыцца расійскае ўварванне і не будуць зноў наносіцца ракетныя і бомбавыя ўдары».
«Але цяпер цяжка сказаць, хто і ў якім фармаце павінен прадстаўляць Беларусь, проста таму, што невядомы сам фармат будучых перамоваў і наогул калі яны адбудуцца. Адно можна сказаць дакладна: калі Лукашэнка і будзе запрошаны па патрабаванні Пуціна, то ён павінен сядзець па той бок — як суагрэсар, як актыўны саўдзельнік агрэсіі. Ні пра якую ролю пасярэдніка ці нейкую яшчэ ролю, акрамя ролі саўдзельніка агрэсіі, гаворкі быць не можа — сёння гэта дамінуючая пазіцыя ва Украіне», — сказаў украінскі дыпламат у каментары Reform.news.
Кізім мяркуе, што Лукашэнка назаўжды разбурыў стасункі з Украінай, падтрымаўшы расійскую агрэсію.
«Сёння наўрад ці можна казаць пра “аднаўленне” стасункаў Украіны з Лукашэнкам. Думаю, гэта ўжо ў мінулым. Гэта ўжо гісторыя нашых адносін. У нас быў нядрэнны ўзровень гандлёва-эканамічных стасункаў, але падтрымаўшы расійскую агрэсію, мне здаецца, Лукашэнка назаўжды страціў для Беларусі пяцімільярдны прэміяльны ўкраінскі рынак.
Так, сёння ён перабудаваў сваю прамысловасць на абслугоўванне расійскага вайскова-прамысловага комплексу, але гэта толькі да таго часу, пакуль расійцы самі не навучацца вырабляць гэтыя тавары. Пасля гэтага ён стане не патрэбны і Пуціну, ён акажацца ля разбітага карыта», — сказаў на заканчэнне Ігар Кізім.
Нагадаем, у лютым 2022 года расійскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.