Амбасадар Украіны не бачыць сэнсу ўдзелу Лукашэнкі ў перамовах з Расіяй
Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім не бачыць сэнсу і карысці ад удзелу прадстаўнікоў Лукашэнкі ва ўкраінска-расійскіх перамовах. Пра гэта ён напісаў у сваім блогу ў Facebook.
Па словах амбасадара, сутнасць удзелу беларускага боку ў такіх перамовах не змаглі яму растлумачыць нават у МЗС Беларусі, перадае REFORM.by.
«Агучаная першакрыніцай ініцыятыва выглядае настолькі незразумелай, што мне яе не змаглі ўцямна растлумачыць і ў МЗС Беларусі, дзе ўчора ў мяне была сустрэча. Бо гаворка ідзе аб украінска-расійскіх перамовах», — напісаў 9 красавіка амбасадар.
Прадстаўнік Украіны не разумее, у якой якасці рэжым Лукашэнкі хацеў бы ўдзельнічаць — у якасці ахвяры, агрэсара, міратворцы або пасярэдніка.
Пры гэтым ён не бачыць карысці ад такога ўдзелу, таму што беларускія ўлады падтрымалі агрэсію і далі сваю тэрыторыю для ўварвання Расіі ва Украіну і нанясення ракетна-бомбавых удараў расійскай авіяцыяй па ўкраінскіх гарадах.
Ігар Кізім адзначае, што Лукашэнка падтрымлівае непрымальныя для Украіны патрабаванні Крамля і сэнсу ў яго ўдзеле ў перамовах няма. Пры гэтым прапанова Лаўрова па ўключэнні Беларусі ў склад краін — гарантаў бяспекі Украіны можа быць агучана і без удзелу беларускага боку.
Ён параіў прымяніць уплыў Лукашэнкі на Пуціна, калі такі ёсць, для спынення вайны, марадзёрства і вываду акупацыйных войскаў з тэрыторыі Украіны.
«Капітуляцыі не будзе. Украінскі народ і нашы ўзброеныя сілы даюць гэта зразумець ужо 46 дзён і расійцам, якіх зусім не кветкамі (як яны спадзяваліся) сустракаюць ва ўкраінскіх, у тым ліку «рускамоўных» гарадах, і тым, хто працягвае паўтараць мантру пра «тры братэрскія славянскія народы». Не час. Пабачце, нарэшце», — звярнуўся ўкраінскі амбасадар да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.