1028-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны. Масква адпрэчвае мірныя перамовы з Кіевам

Падобна на тое, што «мірны план» Дональда Трампа сарвецца з-за няяўкі на любыя мірныя перамовы аднаго з бакоў. І гэтым бокам будзе не «нацыяналістычная Украіна», а Расія. Па рыторыцы яе першых асобаў бачна, хто не зацікаўлены ў міры ва Украіне.

2885411.jpg

За мінулыя суткі, 16 снежня, на фронце адбылося 245 баявых сутыкненняў. Больш за ўсё вораг ціснуў на Пакроўскім кірунку, паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).

На Пакроўскімкірунку адбіта 52 атакі. На Курахоўскім кірунку вораг атакаваў 30 разоў у раёнах населеных пунктаў Санцоўка, Старыя Церны, Курахава.

На Врэмаўскім кірунку спынена 22 атакі. Па 16 разоў расійскія войскі атакавалі на Ліманскім і Северскім кірунках. У Курскай вобласці адбіта 68 штурмаў.

З пачатку поўнамаштабнай вайны страты Расіі склалі больш за 765 тысяч вайскоўцаў. Толькі за мінулыя суткі расійцы страцілі яшчэ каля 1600 адзінак жывой сілы.

* * *

Расійская Федэрацыя з раніцы 17 снежня запусціла беспілотнікі тыпу «Шахед» па тэрыторыі Украіны. Па шэрагу абласцей распаўсюджваецца сігнал паветранай трывогі.

Па даных паветраных сіл, варожыя дроны спачатку былі заўважаныя на мяжы Сумскай вобласці. Яны рухаліся вектарам на ўсход. Пасля беспілотнікі былі выяўленыя ў Чарнаўскай, Палтаўскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцях. З-за «Шахедаў» абвяшчалася трывога ў Кіеве, аднак сігнал пагрозы пасля адмянілі.

Акрамя гэтага паветраныя сілы папярэдзілі пра пагрозу прымянення балістычнага ўзбраення для паўднёвых і ўсходніх абласцей.

* * *

У Маскве ў выніку тэракту забітыя начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных сіл Расіі, генерал-лейтэнант Ігар Кірылаў і яго памочнік. Са слоў відавочцаў, выбух прагучаў а 06:11 раніцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, за некалькі гадзін да інцыдэнту невядомы прыпаркаваў ля пад'езда дома самакат, да ручкі якога, мяркуючы з усяго, была прыматаная самаробная выбуховая прылада.

* * *

470499585_936045265375219_2339732596748392341_n.jpg

* * *

Расійскую Федэрацыю не задаволіць ні адзін з варыянтаў замаразкі вайны ва Украіне. Таксама Масква супраць удзелу NATO ва ўрэгуляванні, бо «Альянс — частка праблемы, а не частка яе развязання», заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Васіль Небензя.

Мірныя ініцыятывы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прадстаўнік дзяржавы агрэсара назваў «дымавой заслонай перад чарговай эскалацыяй, як гэта было з аперацыяй УСУ на Куршчыне». Да гэтага ён традыцыйна абвінаваціў «кіеўскі рэжым» ва «ўзурпацыі ўлады», а сілы абароны Украіны назваў арміяй «дэзерціраў».

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ў Расіі ўзмацнілася антыўкраінская рыторыка. Пуцін 16 снежня заявіў, што перадумовай для перамоваў з Расіяй з'яўляецца змена ўкраінскіх уладаў. Пры гэтым ён агучыў ілжывы тэзіс, што Канстытуцыя Украіны дазваляе толькі падаўжэнне паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады, але не прэзідэнта, нават ва ўмовах ваеннага становішча. Ён заявіў, што Украіна «парушае канстытуцыйныя нормы», падаўжаючы паўнамоцтвы Уладзіміра Зяленскага.

У ISW адзначаюць, што на самай справе ўкраінскае заканадаўства выразна рэгулюе выбарчы працэс падчас ваеннага становішча, якое было ўведзена з лютага 2022 года. У такіх умовах правядзенне прэзідэнцкіх, парламенцкіх ці мясцовых выбараў немагчымае. Адпаведна, рашэнне аб прыпыненні выбараў у 2024 годзе законнае і адпавядае нормам Канстытуцыі.

На думку экспертаў ISW, падобныя выказванні сведчаць, што Крэмль не зацікаўлены ў сумленных перамовах і імкнецца да максімальных саступак ад Украіны, у прыватнасці шляхам ліквідацыі легітымнага ўрада.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сам павінен вырашаць, калі і на якіх умовах праводзіць перамовы з Масквой, а прэзідэнт Байдэн будзе дапамагаць гэтаму да завяршэння сваёй кадэнцыі. Такую пазіцыю агучыў дарадца Белага дома Джон Кірбі на просьбу пракаментаваць падыходы Дональда Трампа ў дачыненні да Украіны. 

Кірбі адзначыў, што дзейная адміністрацыя захоўвае галоўныя прынцыпы: «Нічога пра Украіну без Украіны. Мы не збіраемся весці пра іх размовы без іх удзелу, мы не будзем навязваць ім, якімі могуць быць наступныя крокі».

Кірбі падкрэсліў, што прэзідэнт Зяленскі быў абраны ўкраінскім народам, каб прадстаўляць яго ў выканаўчай галіне ўлады, таму менавіта ён вырашае, ці ісці на перамовы, і калі так, то калі і на якіх пазіцыях.