«All inclusive» па-лукашэнкаўску: на адпачынак — у Дубай
Кіраўнік усяе Беларусі тыдзень правёў не ў сваіх палацавых харомах, і нават не ў межах краіны. З рабочымі візітамі яго прымалі Аман і Эміраты. Што праўда, ёсць пытанні да таго, наколькі гэтыя візіты рабочыя.
У гэтым выпуску «Пульса Леніна-19» Павел Мацукевіч разбіраецца з такімі пратакольнымі асаблівасцямі замежных візітаў — такіх, як статус і працягласць, а таксама адказвае на пытанне, хто за ўсё гэта плаціць.
На разбор тэмы натхнілі сонечныя Аман і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, дзе Аляксандр Рыгоравіч бавіў гэты хмурны снежаньскі тыдзень.
Цяпер у гэтым рэгіёне якраз найлепшы час для адпачынку. Так супала, вядома.
Праўда, у Абу-Дабі Аляксандр Рыгоравіч не ўзяў з сабой дэлегацыю, якая лётала з ім у Маскат. Адправіў усіх дадому, вырашыўшы, мабыць, папрацаваць у ААЭ без старонніх (сваіх міністраў).
Абодва візіты пазіцыянаваліся ўладамі як рабочыя, а гэта значыць па справе, а не адпачываць, хоць у нашым выпадку гэта не заўсёды відавочна і не заўсёды так.
Усё ўключана
Статус візіту ўплывае на праграму і аб'ём ушанаванняў, што аказваюцца госцю, і цырымоній.
Напрыклад, у Амане Лукашэнку, калі судзіць па коннай варце, залпах з гармат і іншых знаках аманскай увагі, прынялі з максімальнымі ўшанаваннямі, нягледзячы на працоўны статус візіту.
І гэтая ўвага дзіўная: можна зразумець, навошта Аляксандру Рыгоравічу патрэбны і можа быць карысны Аман, а вось наадварот — усходняя загадка.
Самым статусным у беларускай пратакольнай практыцы вызначаны афіцыйны візіт. У іншых краінах, як, напрыклад у Кітаі і ў Расіі, самым статусным лічыцца дзяржаўны візіт.
Агульным паміж афіцыйным і дзяржаўным візітамі з'яўляецца тое, што яны адбываюцца адзін раз на кадэнцыю госця (да наступнага пераабрання — ні-ні) і прадугледжваюць строга фіксаваны максімальны ўзровень і парадак сустрэч, а таксама абавязковыя пункты праграмы і самы максімум гасціннасці.
Напрыклад, у выпадку афіцыйнага візіту ў Беларусь кіраўніка замежнай дзяржавы або ўрада, а таксама міністра замежных спраў абавязковым пунктам праграмы з'яўляецца цырымонія ўскладання вянка да манумента Перамогі ў Мінску.
У выпадку рабочага візіту гэта апцыянальна, па жаданні госця.
Коннага эскорту, як у Амане або ў Турцыі, у нашай краіне пакуль не завялі. Картэж замежнага госця, калі гэта кіраўнік дзяржавы, афіцыйны візіт і калі дазваляе надвор'е, суправаджаюць матацыклісты.
У выпадку афіцыйнага візіту класічная праграма знаходжання ў Беларусі, сярод іншага, прадугледжвае абавязковыя асобныя сустрэчы з прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і кіраўнікамі абедзвюх палат парламента.
Праграма рабочай паездкі фармулюецца на падставе канкрэтных мэтаў і можа ўключаць толькі прэзідэнцкі сегмент, калі гаворка пра кіраўніка дзяржавы. Астатняе — па запыце.
Безадказныя візіты
Рабочых візітаў можа быць мноства за кадэнцыю — аніякіх абмежаванняў па колькасці няма, але добрым тонам, асабліва ў выпадку з больш статуснымі (афіцыйным і дзяржаўным), з'яўляецца абмен імі.
Падчас знаходжання Лукашэнкі ў Амане быў анансаваны зваротны прыезд у Беларусь у наступным годзе. І гэта якраз нармальная практыка, але ёсць нюанс.
Калі султан даедзе да Беларусі ў 2025-м ці пазней, то гэта будзе першы прыезд кіраўніка Амана ў нашу краіну. Прытым, што Лукашэнка ўжо наведваў Аман у 2007-м, і тады гэта быў афіцыйны візіт.
Магчыма, якраз праз тое, што дагэтуль не было афіцыйнага візіту султана ў адказ, цяперашні прыезд Лукашэнкі атрымаў статус рабочага, хоць вонкавыя атрыбуты прыёму ў Маскаце нагадвалі афіцыйны.
У Расію ці Кітай Лукашэнка і зусім матаецца ў разы часцей, чым прымае першых асоб адтуль, але ў гэтых выпадках гэта цалкам заканамерна. На іншым полюсе свету прэзідэнт ЗША таксама адказвае далёка не на ўсе візіты ў Белы дом зваротнымі прыездамі.
Складана разлічваць на ўзаемнасць з грандамі, залучанымі ў глабальныя працэсы. Як гаворыцца, цары не могуць думаць пра кожнага, яны думаюць пра важнае.
Аднак у беларускім выпадку ёсць абуральныя дысбалансы.
Цяперашні візіт Лукашэнкі ў ААЭ ўжо дзявяты па ліку, а прэзідэнт ААЭ не быў у Беларусі яшчэ ні разу.
Праўда, у 2009-м нашу краіну наведаў тагачасны наследны прынц Абу-Дабі шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян. Ён быў прыняты ў Мінску «па-каралеўску», а цяпер якраз узначальвае ААЭ ўжо на правах прэзідэнта. Выйшла, што не пралічыліся з прыёмам.
З гэтай або з нейкай іншай прычыны «гульня ў адны вароты» ў плане візітаў з Эміратамі не адбіваецца на характары адносінаў паміж нашымі краінамі. Усё вельмі няблага развіваецца — і ў сэнсе гандлю, і ў сэнсе палітычнага дыялогу.
На нядаўнім кліматычным саміце ў Баку прэзідэнт ААЭ ініцыяваў сустрэчу з Лукашэнкам у фармаце вячэры, а выбар, з кім павячэраць у той вечар і ў тым месцы, у яго быў відавочна вялікім, але ён палічыў за лепшае Аляксандра Рыгоравіча.
Лёгка растлумачыць, навошта такія вячэры і такія візіты патрэбныя Лукашэнку, але вось наадварот — яшчэ адна ўсходняя загадка.
За чый кошт банкет
Аднак вернемся да пратаколу і яго ключавога прынцыпу — узаемнасці. Гэты прынцып уплывае на тое, хто і за што плаціць падчас візіту.
Існуе так званы «фармат гасціннасці». Ён вызначае колькасць гасцей, пражыванне якіх бярэ на сябе прымаючы бок. Пра гэта дамаўляюцца загадзя, на стадыі падрыхтоўкі візіту.
Дапусцім, што бок, які прымае беларускую дэлегацыю, прапануе фармат гасціннасці «1 + 15» (бывае і менш, і больш). Гэта будзе азначаць, што Аляксандр Рыгоравіч і яшчэ 15 чалавек з яго дэлегацыі будуць гасцяваць у гэтай краіне за чужы кошт, а ўсе астатнія — за свой, беларускі.
Гаворка ідзе пра прадастаўленне рэзідэнцыі і нумароў у гатэлі. Пералёт і камандзіровачныя ўсёй дэлегацыі аплачвае так ці інакш Беларусь.
Асобна агаворваецца транспарт для перамяшчэння па краіне: ад аўтамабіляў і мікрааўтобусаў да верталётаў і самалётаў — у залежнасці ад праграмы. Усё гэта цалкам або часткова прадастаўляецца і аплачваецца прымаючым бокам, але агаворваецца ў дэталях таксама загадзя.
Калі адбываецца візіт у адказ, госці могуць разлічваць на ўзаемнасць — на як мінімум аналагічны «фармат гасціннасці» і транспарт ужо для сябе. Можна лепш і больш, горш і менш — нельга.
Таму ў выпадках, калі практыкуецца абмен візітамі, можна зыходзіць з таго, што выдаткі на іх правядзенне фактычна дзеляцца паміж краінамі.
Калі ж візіты ідуць «у адны вароты», як у выпадку з ААЭ, і праводзяцца не па запрашэнні адтуль, а па ўласным пачыне, то аплата за іх, хутчэй за ўсё, цалкам кладзецца на Беларусь. Хоць у выпадку з Эміратамі не выключаны іншыя варыянты.
Выпрабаванне гасціннасці
Цяпер пра тэрміны. У звычайным жыцці заседжвацца ў гасцях не прынята, у міжнародным — таксама. Аднак у мінулым нормай былі працяглыя візіты — пры гэтым гаворка не ідзе пра далёкае даавіяцыйнае мінулае, калі толькі дарога да месца магла займаць тыдні і месяцы.
Напрыклад, першы візіт Хрушчова ў ЗША ў 1959-м доўжыўся 12 дзён, уключаў у сябе наведванне розных раёнаў Усходняга і Заходняга ўзбярэжжа. Прычым усе пералёты па ЗША ажыццяўляліся на «Боінгах» амерыканскага прэзідэнта.
У сваю чаргу, візіты прэзідэнта ЗША ў СССР таксама былі працяглымі, таксама ўключалі паездкі па краіне і таксама ўжо на савецкіх самалётах, хоць прыляталі ў Саюз на сваіх. Такая была практыка.
У 1974-м, калі Рычард Ніксан чарговы раз наведваў СССР, яго візіт доўжыўся 6 дзён. Прыводжу ў якасці прыкладу менавіта яго, таму што тады Ніксан з Масквы спярша злятаў на «Іле» ў Крым, а адтуль у Мінск. Дарэчы, у нас ён усклаў вянок да манумента Перамогі, папалуднаваў і з'ездзіў у Хатынь, дзе ўсхваляваны тым, што ўбачыў і даведаўся, пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей.
У наш час звычайна рабочыя візіты доўжацца не больш за дзень. Прыляцеў(-ла), павырашаў(-ла) пытанні і паляцеў(-ла). Афіцыйныя і дзяржаўныя, якія прадугледжваюць кучу сустрэч, фармальнасцей і цырымоній, — займаюць два, максімум тры дні.
Нягледзячы на рабочы статус візіту, Лукашэнка затрымаўся ў Амане на 5 дзён: прыбыў 14 снежня, а з'ехаў 18-га.
Рабочы візіт у Эміраты таксама выйшаў па-за межы стандарту, але гэта відавочна адпачынак, проста сумешчаны з такімі-сякімі рабочымі сустрэчамі.