Паблытаныя берагі: як Лукашэнка рэкламуе свой брэнд падчас афіцыйных візітаў

Падчас апошніх замежных паездак пратакольная служба беларускага аўтакрата, здаецца, забыла прадаставіць яму класічны касцюм — а як інакш яшчэ растлумачыць тое, што на дзяржаўныя візіты ён ганяе ў сваім улюбёным бомберы?

Афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Пакістан. Фота: ont.by

Афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Пакістан. Фота: ont.by

«Пульс Леніна-19» вяртаецца да знешняга выгляду вышэйшых службовых асоб, якому па частцы патрабаванняў ужо неяк быў прысвечаны адзін з выпускаў.

Падставу для вяртання да пратакольнай тэмы ласкава прадаставіў непратакольны верх Аляксандра Лукашэнкі, а менавіта цёмная вятроўка, якая нагадвае бомбер, і белая майка. У іх або падобных да іх ён інспектуе гаспадаркі, раёны і вобласці Беларусі, а ў панядзелак, 25 лістапада, урачыста высадзіўся ў Пакістане для здзяйснення афіцыйнага візіту ў гэтую краіну, пішаПавел Мацукевіч у сваім блогу.

На гэтым жа стылі Аляксандр Рыгоравіч пасля Ісламабада рушыў на саміт АДКБ у Астану, але пра гэта крыху пазней.

Бомбер, які гарлапаніць

Ля трапа ў Ісламабадзе, да якога прышвартаваўся беларускі борт нумар 1, вятроўку Лукашэнкі і яго самога сустракалі пакістанская рота ганаровай варты і важныя афіцыйныя асобы абедзвюх краін. І сярод іх асабіста прэм'ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф — рэальны кіраўнік гэтай парламенцкай краіны (прэзідэнт таксама ёсць, але яго ўлада намінальная).

Усе, хто сустракаў, уключаючы пакістанскага прэм'ера, як і патрабаваў афіцыйны выпадак, былі ў строгіх касцюмах і пры гальштуках, альбо ва ўніформе. Толькі Аляксандр Рыгоравіч дазволіў сабе пратакольную фрывольнасць там, дзе пратакол аніякіх вольнасцей наогул не дапускае.

Сустрэча ў аэрапорце высокага замежнага госця ва ўсіх без выключэння краінах з'яўляецца важным рытуалам, з якога пачынаецца візіт у краіну. Асабліва ў выпадку афіцыйнага візіту — а прыезд у Пакістан насіў менавіта такі статус. Гэта азначае выразныя цырымоніі і строгія патрабаванні, у прыватнасці, да знешняга выгляду як тых, хто прыбывае, так і афіцыйных асоб, якія сустракаюць.

Грэбаванне імі можа быць залічана як знак непавагі з боку таго, хто імі грэбуе.

Не думаю, што Аляксандр Лукашэнка хацеў падаць такі знак свайму пакістанскаму сябру, але яго бомбер і майка зрабілі гэта за яго, насуперак ягонай волі. Пакуль ён моўчкі кавыляў па прыступках трапа, яны ўсім сваім недарэчным выглядам крычалі на мове пратаколу нешта непрыстойнае.

І працягвалі крычаць, калі ён усміхаўся, паціскаючы працягнутыя рукі тых, хто сустракалі ля трапа.

Пакістанцы, як і трэба было, праігнаравалі гэты крык. Ветлівасць і гасціннасць патрабуюць ад асоб, якія прымаюць, не падаваць выгляду адносна пратакольных хібаў, якія дапускаюцца гасцямі ў паводзінах або ў вопратцы, не ладзіць з гэтай нагоды сцэн або дэмаршаў. Тым не менш, незаўважанымі такія праколы ніколі не застаюцца.

Пасля Пакістана Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Казахстан для ўдзелу ў саміце АДКБ. Да сустракаючых ля трапа ў Астане Аляксандр Рыгоравіч выйшаў апранутым у бомбер, што таксама не камільфо, нягледзячы на тое, што гэты візіт меў статус ніжэйшы — рабочы. Яго сустракаў прэм'ер-міністр Казахстана, і ён быў не ў бомберы.


Глядзіце таксама

Дарэчы, той факт, што Уладзіміра Пуціна, які прыбыў у Астану раней за Лукашэнку і іншых удзельнікаў саміту АДКБ, сустракаў асабіста прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, а не прэм'ер-міністр, як у беларускім выпадку, сам па сабе не мае аніякай крамольнай падаплёкі.

Розніца тлумачыцца тым, што прэзідэнт РФ прыбыў у Казахстан з дзяржаўным візітам, сумешчаным з удзелам у саміце, а астатнія госці, уключаючы беларускага — толькі на саміт.

Пад выглядам дастаўшчыкаў піцы

Парушэнні дрэс-коду характэрныя не толькі для Лукашэнкі, які з узростам дазваляе сабе ўсё больш (і ўсё менш — краіне) свабоды ад умоўнасцей.

Улетку падчас афіцыйнага візіту ў Лацінскую Амерыку адзначыўся прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Турнэ пачыналася з Венесуэлы. У аэрапорце Каракаса, дзе яго сустракаў міністр замежных спраў гэтай краіны, Раман Галоўчанка з'явіўся ў у тым, у чым ляцеў — у джынсах і «снікерсах». Пры фатаграфаванні ля сцягоў гэтыя элементы вонкавага выгляду прэм'ера глядзеліся асабліва недарэчна.

Адыходам ад пратаколу ў адзенні грашаць не толькі афіцыйныя асобы Беларусі.

Мабыць, самыя смелыя «лукі», якія парушаюць пратакольныя забароны, часам дапускае адзін з самых актыўных дыпламатаў нашых дзён — міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта. Напрыклад, неяк з візітам у Бахрэйн ён прыбыў у майцы і шортах, нібы на прабежку, а ў Кітай — у жоўтай байцы, як вясёлы дастаўшчык піцы.


Глядзіце таксама

Ёсць і супрацьлеглыя прыклады — наадварот, вельмі трапяткога стаўлення дзяржаўных дзеячаў да пратакольных патрабаванняў да адзення. Такі прыклад дае Адольф Гітлер. У мемуарах Вальтэра Шэленберга («Лабірынт») апісваецца эпізод, калі рэйхсканцлер наведваў з візітам Італію.

Гэта быў май 1938-га, Неапаль. Гітлер ужо пераапрануўся для ўрачыстага прадстаўлення ў оперы Сан-Карла, але адказныя за пратакол паведамілі, што адбыўся збой у праграме і перад операй яму неабходна разам з італьянскім каралём прайсці ўздоўж шыхту ганаровай варты.

Часу для пераапранання не заставалася. У выніку, як пісаў Шеленберг, можна было назіраць карціну — для Гітлера вельмі непрыемную, а для публікі вельмі пацешную: як кароль у параднай форме і Гітлер каля яго ў фраку з'явіліся на парад.

Гэты фрак каштаваў пасады начальніку пратакольнага аддзела МЗС Германіі, які быў «неадкладна зняты».

Начальнік пратакольнай службы МЗС Беларусі, які суправаджае Лукашэнку на візітах, хутчэй страціў бы сваю пасаду, калі б рызыкнуў шапнуць Аляксандру Рыгоравічу, што бомбер і майка зусім не кацяць для замежных візітаў — ні для прылёту, ні для адлёту. Не кацяць яны і для сустрэч / провадаў замежных гасцей, як гэта было, напрыклад, на провадах Пуціна ў аэрапорце Мінска ў траўні гэтага года. Шэф пратаколу не рызыкнуў.

Аднак вернемся ў Ісламабад. Гэта ўжо трэці па ліку прыезд Лукашэнкі ў Пакістан, і ўсе яны прыпадаюць на апошняе дзесяцігоддзе. Калі прасачыць эвалюцыю знешняга выгляду першай асобы Беларусі ў адказны момант прыбыцця, то лёгка ўстанавіць, што змены не ў лепшы бок.

Упершыню Лукашэнка наведаў гэтую краіну з афіцыйным візітам у траўні 2015-га — і тады вынырнуў з люка свайго самалёта ў касцюме і белай кашулі, але без гальштука, што таксама было адыходам ад пратаколу, аднак зусім не такім значным, як цяпер.

Наступны раз Лукашэнка пабываў у Пакістане ў кастрычніку 2016-га. У момант прыбыцця на ім быў касцюм, але месца белай кашулі заняла чорная, што яшчэ больш не вязалася са статусам візіту, чым адсутнасць гальштука.

Змест двухбаковых адносінаў з Пакістанам не з'яўляецца тэмай гэтага выпуску, але сёе-тое, што іх, як на мяне, нядрэнна характарызуе, усё ж прывяду як заключэнне для гэтага тэксту.


Глядзіце таксама

Лукашэнка даўно вызначыў развіццё знешняга гандлю ў якасці галоўнай задачы беларускай дыпламатыі. І вось як з ёй спраўляюцца ўлады ў адносінах з Пакістанам.

Яшчэ ў 2015-м Лукашэнка асабіста ўбачыў перадумовы для павелічэння тавараабароту з Пакістанам да мільярда. Пра гэта ён заявіў у Мінску на беларуска-пакістанскім форуме, прымеркаваным да візіту прэм'ер-міністра Пакістана ў Беларусь.

Праз год, у 2016-м, ён пацвердзіў сваю заяву ў форме катэгарычнага даручэння: «Мы дамовіліся з прэм'ер-міністрам на працягу чатырох гадоў вывесці наш тавараабарот на ўзровень 1 млрд. долараў. Як хочаце дамаўляйцеся паміж сабой, але праз чатыры гады 1 млрд., не менш (больш можна), павінен быць».

Нягледзячы на гэтае «вельмі жорсткае» даручэнне, а таксама ўсе візіты, сустрэчы і форумы, тавараабарот з Пакістанам як быў на ўзроўні 50-65 млн. долараў на год, так там усе гэтыя гады і целяпаецца, уяўляючы сабой прыклад 10-гадовага застою. Прынамсі, у гандлі.