«Цяжка казаць пра нейкія дывідэнды ад візіту Лукашэнкі ў Пакістан, хутчэй, гэта дэкларацыя аб намерах»
25-27 лістапада Лукашэнка пабываў з візітам у Пакістане. Кіраўніцтву Пакістана насцярожыцца б такому госцю: увесь час, пакуль Лукашэнка знаходзіўся ў Ісламабадзе, пакістанская сталіца знаходзілася ў аблозе пратэстоўцаў. Зусім як у 2020-м годзе ў Мінску.
Лукашэнка правёў афіцыйныя перамовы з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Яны абмяняліся падарункамі: Лукашэнка падарыў сертыфікат на два трактары BELARUS-1025.3, а Шахбаз Шарыф падараваў беларускаму правіцеля конскае сядло. Давядзецца цяпер Лукашэнку неяк сядлаць свае трактары, піша bgmedia.site.
Уражаннямі ад пакістанскага візіту падзяліліся палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч і кіраўнік НАУ Павел Латушка.
«Бурыць адносіны з Індыяй — не ў нацыянальных інтарэсах Беларусі»
— Трэба ж такому здарыцца, што візіт Лукашэнкі адбыўся ў момант вялізных забурэнняў у Пакістане, жорсткага супраціву паміж уладай і апазіцыяй, справа дайшла да ваенных дзеянняў. Можна думаць, што пакістанскаму кіраўніцтву цяпер было не да гасцей — у яго былі іншыя клопаты.
У 2023 годзе аб’ём гандлю паміж Беларуссю і Пакістанам упаў у два разы і дасягнуў каля 50 мільёнаў долараў. Гэта няшмат, і гэта найперш звязана з санкцыямі, пад якімі апынулася Беларусь.
— Было падпсіана шмат дакументаў, але ўсе яны — не вышэйшага ўзроўню. Казаць пра нейкія дывідэнды ад гэтага візіту цяжка, хутчэй, гэта была дэкларацыя аб намерах, — адзначае Валерый Карбалевіч.
Большую цікавасць для палітычнага аглядальніка выклікалі разважанні Лукашэнкі пра палітыку ў рэгіёне. Правіцель лічыць, што мае права даваць парады пакістанскаму кіраўніцтву.
— Ён заклікаў да адзінства – і гэта гучала цікава, бо якраз у самой Беларусі Лукашэнка не можа дасягнуць гэтага адзінства. Наадварот, менавіта ён з’яўляецца фактарам расколу беларускага грамадства, — адзначае Валерый Карбалевіч.
Безумоўна, такі гіперстратэг не мог устрымацца, каб не крытыкаваць Індыю і пахваліць Пакістан.
— Паміж Пакістанам і Індыяй адбываецца даволі востры канфлікт, які цягнецца ўжо дзесяцігоддзі. Але наўрад ці развагі Лукашэнкі прынясуць карысць беларускай замежнай палітыцы, бо Індыя – вялікая дзяржава, Індыя многа купляла беларускі калій (купляе і цяпер, але ў меншых памерах). Бурыць адносіны з такой вялікай краінай Азіі – зусім не лагічна і не рацыянальна з гледзішча нацыянальных інтарэсаў Беларусі, — заключыў Валерый Карбалевіч.
«Лукашэнка дастане 17 мільёнаў долараў з левай шкарпэткі»
Такое адчуванне, што Лукашэнка прыцягвае бяду: ён прыязджае ў Пакістан — а там пачынаюцца велізарныя пратэсты, ачэплены ўрадавы квартал, праходзяць шматтысячныя маніфестацыі. Калі пратэстоўцы заблакавалі аэрапорт і Лукашэнка не змог бы паляцець? А калі б пратэстоўцы ўварваліся ва ўрадавы квартал?
— Лукашэнка прыехаў у Пакістан нагандляваць на 17 мільёнаў долараў. Ды ён з левай шкарпэткі дастане гэтыя 17 мільёнаў, як чаявыя. Ён настолькі багаты, што 17 мільёнаў долараў — гэта ні пра што. Дык навошта ж Лукашэнка прыляцеў у Пакістан? — задаецца рытарычным пытаннем Латушка. І вылучае свае версіі:
— Спрабуе ўцягнуць краіну ў вось зла? Спрабуе купіць зброю? Спрабуе ад імя Расіі дамовіцца аб пастаўках зброі для агрэсіі супраць Украіны? І з гэтай мэтай сустракаецца з начальнікам Генштаба Узброеных сіл Пакістана за зачыненымі дзвярыма?
— Безумоўна, тэма ўзбраенняў, супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловым комплексе і падтрымка вайны — гэтую тэму Лукашэнка абмяркоўваў не толькі ад свайго імя, але і ад імя Масквы. Ён сустракаецца з кіраўніцтвам Пакістана, але пры гэтым хоча сябраваць з Індыяй. А адносіны паміж Пакістанам і Індыяй перыядычна скалынаюцца ваеннымі канфліктамі. Так што і тут ён наносіць удар па «шматвектарнай знешняй палітыцы», — адзначае Павел Латушка.
Галоўным правадніком і дарадцам знешнепалітычнага курсу з'яўляецца міністр замежных спраў РБ Максім Рыжанкоў, які раіць «сябраваць» супраць Украіны, супраць Індыі.
Ці трэба разглядаць візіт Лукашэнкі як чарговы знешнепалітычны поспех Рыжанкова?
— Ён спрабуе падымаць шмат шуму, але эфект нулявы. МЗС пад кіраўніцтвам Рыжанкова займаецца дэзінфармацыяй і правакацыямі. Не атрымаецца ў яго стаць новым Макеем. Базавыя ўмовы выжывання Лукашэнкі сёння — гэта рэпрэсіі, гэты ціск, гэта палітычныя зняволеныя, гэта варожасць з суседзямі, гэта парушэнне міжнароднага права.