Чалы: Лічбы Крутога пра адток людзей з раёнаў прыбралі з сайта Лукашэнкі, бо яны страшныя
Якую таямніцу выдаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, і як кіраўнікі райвыканкамаў апынуліся ў «Казцы пра рэпку».
Прапанова Аляксандра Лукашэнкі дазволіць кіраўнікам райвыканкамаў прызначаць кіраўнікоў прыватных кампаній і ажыццяўляць шэраг іншых абавязкаў выклікала бурнае абмеркаванне. Эканаміст Сяргей Чалы прапанаваў сваю версію таго, што могуць азначаць «рэвалюцыйныя перамены» ў вертыкалі і для чаго старшынямі райвыканкамаў хочуць даць новыя паўнамоцтвы.
— На самай справе гэта была спроба другога падыходу да вырашэння рэгіянальнага крызісу, а менавіта стварэння лакальных пастак беднасці на ўзроўні асобных раёнаў, — цытуе аналітыка «Салідарнасць» са спасылка на канал«Чалы:Эканоміка». — Гэтыя пасткі сталі следствам крызісу, гібрыднай дэвальвацыі снежня—студзеня 2014-2015 гадоў, калі ўлады выявілі, што нічога не развіваецца, таму што людзям працаваць няма дзе і адпаведна няма чаго там [у рэгіёнах] заставацца.
А паколькі працаваць няма дзе — адпаведна няма плацежаздольнага попыту, таму няма сэнсу там адкрываць бізнес, так як няма каму будзе купляць.
На думку Сяргея Чалага, вось ужо 10 гадоў улады не могуць справіцца з узніклай праблемай.
— У іх няма ўласных сіл выцягнуць сябе, як Мюнхгаўзен, за валасы з балота. Без замежнай дапамогі гэта ўжо немагчыма, у іх няма крыніц, — тлумачыць эканаміст. — І далей спіраль апускання ў гэтую самую беднасць становіцца самападтрымоўваючай. Увогуле, «што б яны ні рабілі, не ідуць справы». Сітуацыя з рэгіёнамі пагаршаецца.
Пры гэтым улады не толькі ў рэгіёнах, але і на макраўзроўні прымудраюцца стварыць усе ўмовы для таго, каб кваліфікаваная рабочая сіла бегла з краіны, удакладняе аналітык. І пачалося гэта яшчэ да выбараў 2020 года.
— І як заўважыў сам Круты, дарэчы, гэтыя словы пакінулі ў «Савецкай Беларусі», але прыбралі з сайта Лукашэнкі і БелТА, у сярэднім з раёна на 8-10 000 занятых у эканоміцы, паводле інфармацыі Белстата, з'язджае 300-400 чалавек штогод. Штогод 4% занятых! Гэта, я вам скажу, больш страшна, чым «Фаўст» Гётэ, — падкрэсліў Сяргей Чалы.
І вось зараз перад райвыканкамамі Лукашэнка ставіць задачу спыніць адток эканамічна актыўнага насельніцтва.
— Ну, мы разумеем, што старшыням выканкамаў ставіцца задача спыніць адток, а «гестапіку» (вытворнае ад ГУБАЗіК) ужо ставіцца задача наадварот — як бы эканамічна актыўнае насельніцтва максімальна скараціць: альбо пасадзіць, альбо выгнаць.
Аднак эканамічнага развіцця ніхто не адмяняў. Таму, мяркуе эканаміст, улады знайшлі, каму гэта даручыць.
— Вертыкаль улады пачала працаваць. А працуе яна такім чынам, што ўсе даручэнні ў канчатковым рахунку спускаюцца да самага нізу. Вось як у «казцы пра рэпку», дзе Жучка, котка, мышка... Вось да мышак і дабраліся. Ніжэй старшыняў райвыканкамаў ужо няма ўлады.
Вось давайце так і запішам, што ў эканоміцы ўсё гэта робяць райвыканкамы. Ну выдатна ж! Добрая ідэя! І вось дзеля гэтага прызнання ўласнай бездапаможнасці яны і гатовыя на зусім іншае ўладкаванне краіны, — заключае Сяргей Чалы.