«Добра, што рытуальныя канторы хаваюць у доўг». Як Лукашэнка «адрадзіў» вёску

Пэрыядычна найвышэйшыя кіраўнікі Беларусі агучваюць тэзіс пра адраджэньне сяла. «Свабода» пагутарыла з жыхарамі рэгіёнаў пра тое, ці стала ім жыць «лепш і весялей».

img_20210412_143206__1___1__logo.jpg.webp

Аляксандар Лукашэнка на працягу дзесяцігодзьдзяў паўтарае тэзіс, што сяло для ўлады — прадмет найпершага клопату. У лютым 2024 году ён заявіў, што «Беларусь — дзяржава, дзе абсалютным прыярытэтам зьяўляецца дабрабыт простага чалавека — працаўніка, асабліва вяскоўца». Паводле яго, «людзі на зямлі не павінны ні ў чым мець патрэбы».

У 2023 годзе ён заявіў, што «цяпер у прыярытэце аграгарадкі», бо «сельскае насельніцтва ў будучыні будзе жыць у аграгарадках».

Летам 2020 году ён заклікаў адраджаць малыя вёскі і хутары.

«Цэны вышэйшыя, чым у горадзе»

Марыя (імя зьмененае) жыве ў адной зь вёсак Гомельскай вобласьці. Яна кажа, што не заўважыла паляпшэньня ў пляне «сацыяльных стандартаў» на вёсцы. Кажа, што сытуацыя за апошнія гады толькі пагоршылася.

Размову пачынаем з дарог. Марыя сьмяецца з абяцаньняў улады, што да 9 траўня нібыта адрамантуюць усе дарогі. «Ну раптам такі цуд будзе, то мы будзем проста шчасьлівыя. На сёньня сытуацыя такая, што толькі збочыў з шашы ці цэнтральнай дарогі — і прапаў, яма на яме», — кажа Марыя.

Найбольшай праблемай яна называе тое, што буйныя гандлёвыя сеткі спынілі дастаўку тавараў у сельскую мясцовасьць. Раней, кажа, людзі актыўна карысталіся дастаўкай «Эўраопту» і «Вострава чысьціні». Паводле Марыі, цэны там былі прымальныя, і зручна было, што дзеці з гораду маглі аплаціць бацькам-пэнсіянэрам прадукты, прадметы гігіены.

«І ўсе былі вельмі задаволеныя», — кажа Марыя. У ейнай вёсцы з насельніцтвам каля тысячы чалавек працуе крама ад райпо і прыватнік.

«Цэны там чамусьці вышэйшыя, чым у горадзе. Яны тлумачаць, што „дастаўка, НДС — усё каштуе грошай“. Але ня кожны можа паехаць па прадукты ў горад. Таму што ад некаторых вёсак да райцэнтру аўтобус ходзіць раз ці два на тыдзень. Гэта першае. Другое, што я, напрыклад, маю хворыя суставы. Таму проста не дацягну да хаты тыя торбы», — кажа вяскоўка.

У сельскіх крамах, паводле Марыі, часта не хапае «элемэнтарнага» — хлеба ці малака, «бо заказваюць мала, каб не папсавалася, таму хто пасьпеў — той і зьеў».


Глядзіце таксама

Рамонт бытавой тэхнікі, абутку, купіць цьвікі ці труну — па ўсё ў горад

Марыя з настальгіяй успамінае той час, калі ў вясковай краме працавалі прамысловыя аддзелы, дзе можна было «купіць усё — ад цьвіка да дывана і мэблі, якую можна было заказаць». Працаваў у вёсцы і пункт прыёму камбінату бытавога абслугоўваньня.

«Калі нехта паміраў, то можна было пайсьці ў любы час, папрасіць прыёмшчыцу і выбраць там ці вянок ці труну», — кажа вяскоўка.

Яна зазначае, што людзі пажылога веку «не наезьдзяцца» ў горад, бо ня маюць сіл на гэта.

Цяпер, каб адрамантаваць тэлевізар, лядоўню, абутак, купіць труну, трэба ехаць у райцэнтар, прычым толькі да «прыватнікаў», «бо ў райцэнтры таксама закрылі КБА».

«Добра, што рытуальныя канторы ідуць насустрач людзям і могуць сёньня пахаваць чалавека „ў доўг“, калі няма грошай: потым ты ім вернеш, калі атрымаеш „грабавыя“», — зазначыла Марыя.

У вёсцы ёсьць ФАП (фэльчарска-акушэрскі пункт). Але фэльчарка, паводле слоў Марыі, адна, абслугоўвае некалькі вёсак на ровары. На ФАП можна купіць «самае таннае і прымітыўнае — анальгін, асьпірын», па іншыя лекі таксама трэба ехаць у аптэку ў горад.

У вёсцы працуе клюб і бібліятэка. «Але работнікі культуры ня столькі там нешта ладзяць, як больш задзейнічаныя на тым, каб прыбіраць могілкі, фарбаваць платы, касіць траву, праполваць калгасныя буракі і гэтак далей», — зазначыла яна.


Глядзіце таксама

«Сельсавет раней дапамагаў людзям, цяпер гэта карны орган»

Марыя кажа, што раней у іх была мясцовая старшыня сельсавету, якая дбала пра людзей.

«Недзе хай не матэрыяльна, дык маральна дапамагала, давала парады, адстойвала інтарэсы вёскі. Цяпер прыслалі чужога чалавека. Ён глядзіць толькі на тое, каб пакараць, даць штраф. Дапамагаць улады ня хочуць, толькі караць, штрафаваць. Карныя органы», — тлумачыць вяскоўка.

Яна сьцьвярджае, што чыноўнікі «чэпяцца» да шматдзетных.

«Ёсьць сям’я, дзе бацькі п’юць і не глядзяць дзяцей. Што там робіцца ў іх, гэта страх. Суседзі, таксама шматдзетныя, паскардзіліся на тых алькаголікаў. Дык камісія прыйшла не да п’яніц, а да тых, хто скардзіўся! Пачалі чапляцца да ўсяго літаральна, пагражаць, што могуць забраць дзяцей. Да тых алькаголікаў не пайшлі, бо тыя проста нікога не пускаюць у хату. Вось так вырашаюць у нас скаргі», — кажа Марыя.

Яна дадала, што ў вёсцы працы асабліва няма, людзі езьдзяць у горад. Некаторыя — на заробкі ў Расею. «Але цяпер прынялі новыя нормы: калі ты 30 дзён за мяжой, то можаш трапіць у сьпісы „дармаедаў“, дык і гэты спосаб нешта зарабіць для людзей перакрываюць», — кажа яна.

Лякарня год на рамонце, мужчыны і жанчыны ходзяць у «гендэрна нэўтральны» туалет

Жыхарка Калінкавічаў Алеся (імя зьмененае) кажа, што найбольшая праблема ў райцэнтры цяпер — лякарня, бо яна ўжо год на рамонце.

«Гэта 9-павярховы будынак. Усіх хворых на час рамонту лякарні перамясьцілі ў радзільню, там на паверсе два аддзяленьні — дзіцячае і дарослае. І адна прыбіральня на ўсіх, бо ў радзільні, натуральна, ніхто не прадугледжваў мужчынскай і жаночай прыбіральняў. Туды заўсёды стаяць чэргі. Такая сабе „гендэрна нэўтральная“ прыбіральня. Калі скончыцца рамонт лякарні, невядома. Абяцалі да Новага году, але і цяпер яна ўсё рамантуецца», — кажа Алеся.

Яна дадае, што трапіць у лякарню можна, калі «зусім ужо хворы». Калі «можна цярпець», то адправяць лячыцца дахаты.

Парадзіх цяпер вязуць у Мазыр. Але мост на рацэ Прыпяць рамантуюць, і дарога да мазырскай радзільні займае шмат часу, бо ідзе ў аб’езд.


Глядзіце таксама

На што найбольш скардзяцца жыхары правінцыі

Для рэагаваньня на праблемы беларусаў некаторыя райвыканкамы і камунальныя службы стварылі адмысловыя групы ў Viber і Telegram. Выданне паглядзела там, на што найбольш скардзяцца людзі.

Жыхары Рагачова ў групе ў Viber напісалі шмат скаргаў на работу грамадзкага транспарту ў горадзе. Не заўсёды людзі могуць дабрацца на працу, з працы ці на вакзал праз праблемы з рухам аўтобусаў.

Жыхары Хойнікаў і Хойніцкага раёну пішуць пра брудную ваду з крана.

Жыхары Петрыкава і Петрыкаўскага раёну не задаволеныя станам дарог. Прычым пра новы асфальт ніхто ня піша і ня просіць яго, гаворка ідзе пра грэйдаваньне вуліц. І такога людзям часта не дапрасіцца.

«Гэта квэст — завесьці дзяцей у сад ці школу, з вазком увогуле не прайсьці. Час прыняць меры, таксі езьдзіць ня хоча. Ня можаце прыняць меры — дайце службовыя аўтамабілі, хай яны адвозяць дзяцей у школу», — піша ў чаце адна з карыстальніц.

Таксама жыхары Петрыкава скардзяцца на адзіную на горад платную прыбіральню, якая ў панядзелак стаіць закрытая. «Людзям што — цярпець па панядзелках? У выходныя яна працуе толькі да абеду», — скардзяцца петрыкаўцы.

У гарадзкім пасёлку Камарын людзі скардзяцца на тое, што закрылі ўнівэрмаг, які належыць райпо. У пасёлку жыве каля дзвюх тысяч чалавек. Гандлёвы пункт закрылі чатыры гады таму «праз сур’ёзныя страты». Цяпер мясцовыя пішуць скаргі ў розныя органы ўлады.

Жыхары Даўгалесься (Гомельскі раён) засталіся бяз клюбу і бібліятэкі, бо «тэхнічны стан будынку нёс пагрозу жыцьцю і здароўю насельніцтва».

У вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну «пад пытаньнем існаваньне ФАП», бо яго дах прыйшоў у непрыдатнасьць, сам будынак вельмі стары.