Карбалевіч: Падтрымліваць напружанне ў Беларусі Лукашэнка гатовы, але ваяваць — наўрад ці

Лукашэнкавы страшылкі пра вайну дапамагаюць фарміраваць мадэль «крэпасці ў аблозе», якая закліканая аб’яднаць расколатае і рэпрэсаванае грамадства вакол вядомай персоны, піша bgmedia.site.

1711449727.jpg

«Ніякіх прыкметаў на сённяшні дзень нейкага ваеннага абвастрэння на мяжы Беларусі з суседнімі дзяржавамі я не бачу. І я б не прагназаваў сілавых ваенных дзеянняў з таго ці з іншага боку». Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевічне лічыць нарастанне мілітарысцкай рыторыкі Лукашэнкі прыкметай падрыхтоўкі да вайны з Захадам.

— Тэма магчымай вайны, у якой будзе ўдзельнічаць Беларусь, пастаянна прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы краіны, пачынаючы з пачатку поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну. А можа нават і раней — з моманту пратэстаў 2020 года, калі Лукашэнка заявіў, што Польшча вось-вось гатовая напасці на Беларусь, Гарадзенскую вобласць далучыць да сябе і нават накіраваў туды нейкія вайсковыя падраздзяленні. Беларускія ўлады зацікаўленыя ў пастаянным фармаванні напружанасці, пастаяннай мілітарысцкай ліхаманцы. Гэта патрэбна Лукашэнку дзеля фармавання мадэлі крэпасці ў аблозе, — мяркуе палітычны аглядальнік.

Прыезд Лукашэнкі 26 сакавіка ў Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці на так званую «праверку баявой гатоўнасці» — з той жа самай оперы пра фармаванне «крэпасці ў аблозе». Як і ваяўнічыя заявы Лукашэнкі, якія перамяжаліся апраўданнямі: «Мы і не збіраемся супраць іх ваяваць. Нам гэта не трэба. Заўсёды казаў і кажу: нам чужога не трэба, але сваё не аддадзім. Вось нашая логіка. Нам не трэба гэта вайна. Навошта нам лоб у лоб стаяць ды ваяваць адзін з адным? Нас проста ўцягваюць у гэта, правакуюць, а інтарасанты — далёка… Яны хочуць, каб мы тут адзін аднаго калашмацілі. Яны прыйдуць на папялішча, долары надрукуюць і будуць аднаўляць гэтыя землі, але ўжо не ў інтарэсах нашых народаў. Ні літоўскага, ні польскага, ні беларускага».

Валерый Карбалевіч звяртае ўвагу на супярэчлівасць лукашэнкавых пагроз-апраўданняў:

— З аднаго боку, Лукашэнка запэўніваў, што ні на кога не збіраецца нападаць, а з другога боку заклікаў рыхтавацца да вайны, маўляў, вось адтуль рыхтуецца нейкі напад.


Глядзіце таксама

Заява прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка пра магчымае выкарыстанне ядзернай зброі і «бліцкрыг на Вільнюс» толькі паднялі градус мілітарысцкай напружанасці.

— Але наколькі ўсе гэтыя пужалкі рэальныя? Тэарэтычна магчыма любое развіццё падзей, тым больш у той атмасферы напружанасці, якая склалася ў нашым рэгіёне. Але я не думаю, што Аляксандр Лукашэнка, беларускае кіраўніцтва, беларуская «эліта» хацела б цяпер нейкай вайны, нейкага рэальнага ваеннага абвастрэння і рэальнага задзейнічання вайсковых падраздзяленняў. Падтрымліваць сітуацыю напружання — так, але ваяваць — наўрад ці, бо да гэтага адмоўна ставіцца беларускае грамадства, і беларускія эліты, і сілавыя структуры. Для беларусаў гэта чужая вайна, якая адбываецца ва Украіне. Зразумела, што і самі беларускія вайскоўцы наўрад ці захочуць захопліваць Сувалкскі калідор і гэтак далей, — адзначае Валерый Карбалевіч.

Ваеннае абвастрэнне выключаць нельга. Але пры адной умове:

— Іншая справа, што гэта магчыма пры ўдзеле Расіі, пры ціску з боку Расіі. Але я пакуль не бачу ні рацыянальных, ні чыста тэхнічных фактараў, якія б паказвалі на магчымасць вайны. Я ўпэўнены, што пакуль Расія не разбярэцца са сваім украінскім фронтам, не закончыць вайну ва Украіне — тым ці іншым чынам, адкрываць другі фронт, ваяваць з НАТА з тэрыторыі Беларусі проста глупства. Тым больш што ў Расіі няма рэсурсаў нават на тое, каб атрымаць рашучую перамогу нават на ўкраінскім фронце. Выдзяляць дадатковыя рэсурсы на вайну з Літвой, з Польшчай — гэта наўрад ці.

Паводле слоў аналітыка, колькасць расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, якія неабходныя для гіпатэтычнага нападу на суседзяў, не павялічваецца, а наадварот — толькі памяншаецца:

— Колькасць расійскага войска на тэрыторыі Беларусі скарачаецца, тут знаходзяцца толькі войскі і падраздзяленні, якія займаюцца аховай двух вайсковых аб’ектаў, якія ўжо даўно існуюць у Беларусі, і для аховы вайсковай інфраструктуры: аэрадромаў, чыгуначных вузлоў і ўсё.

Таму, кажа аналітык, зараз няма прыкметаў падрыхтоўкі да вайны:

— Ніякіх прыкметаў на сённяшні дзень нейкага ваеннага абвастрэння на мяжы Беларусі з суседнімі дзяржавамі я не бачу. І я б не прагназаваў сілавых ваенных дзеянняў з аднаго ці з іншага боку, — рэзюмаваў Валерый Карбалевіч.