Эксперты: Праблему дрэнных даўгоў варта вырашаць шляхам рэфармавання дзяржсектара
Шукаць рашэнне праблемы неабслугоўваных даўгоў, якія павялічваюцца на балансах банкаў, варта ў рэальным сектары эканомікі.
Такое меркаванне выказалі БелаПАН беларускія эканамісты, каментуючы сітуацыю ў банкаўскім сектары краіны.
"Прычыны ўзнікнення дрэнных даўгоў — не ў банках і не ў кошце крэдытаў, а ў рэальным сектары эканомікі, прадпрыемствах, якія са сваёй прадукцыяй апынуліся неканкурэнтаздольнымі на ўнутраным і знешніх рынках", — заявіў эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
На думку эканамістаў, неабходна праводзіць рэформы на ўзроўні сектара дзяржпрадпрыемстваў — толькі ў гэтым выпадку можна разлічваць на паступовае рассмоктванне праблемы дрэнных даўгоў.
"Рэструктурызацыя запазычанасці неабходная абумовіць мерамі па рэструктурызацыі і павышэнні эфектыўнасці пазычальнікаў. Гэта створыць умовы для паляпшэння фінансавага становішча многіх прадпрыемстваў", — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
На яго думку, рэструктурызацыя павінна ў тым ліку ўключаць меры па разузбуйненні прадпрыемстваў, каб на арганізацыях, якія прыносяць прыбытак, не "віселі" стратныя напрамкі дзейнасці і арганізацыі. "Важна праводзіць разузбуйнення флагманаў беларускай прамысловасці з мэтай павышэння іх эфектыўнасці. Гэта дазволіць выжыць тым дзяржаўным кампаніям, якія могуць быць канкурэнтаздольнымі", — адзначыў Чубрык.
Як паведамлялася раней, аб'ём праблемных актываў на балансах беларускіх банкаў за студзень—жнівень гэтага года павялічыўся больш чым у два разы. Так, паводле даных Нацбанка, на 1 верасня 2016 года праблемныя актывы банкаў склалі 6 млрд дэнамінаваных рублёў супраць 2,65 млрд рублёў на 1 студзеня. Пры гэтым на 1 верасня доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме дасягнула рэкордных 14,8% (супраць 6,8% на пачатак года).
Дзмітрый Заяц, БелаПАН