9 гадзін у Эдынбургу — месяц без ежы! На які тэрмін беларус з мінімальным заробкам можа арэндаваць Airbnb за мяжой?

Час плакаць і сумаваць: нават калі сярэднестатыстычны беларускі працаўнік цалкам абнуліць банкаўскую картку, у яго наўрад ці атрымаецца пераначаваць у лонданскіх апартаментах больш за некалькі дзён. З заробкамі меншымі за сярэдні, адпаведна, лік ужо ідзе на гадзіны.

Малюнак створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Малюнак створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Каманда OLGB апублікавала свежы Еўрапейскі індэкс начнога жыцця, у які ўвайшлі мноства крытэрыяў, накшталт начной работы інфраструктуры, насычанасці клубамі ды казіно, даступнасці транспарту. Але найбольш цікавай часткай аналітыкі з’яўляецца рэйтынг гарадоў па сярэднім кошце адной ночы на пляцоўцы кароткатэрміновай арэнды жылля Airbnb. Сэрвіс вядомы сваёй зручнасцю і надзейнасцю, бо забяспечвае меры бяспекі як для гаспадароў, так і для гасцей, а таксама дае гарантыю хостынгу і страхоўку ад шкоды маёмасці.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну сэрвіс цалкам сышоў з Беларусі, але нашы суайчыннікі працягваюць браніраваць кватэры праз сяброў ці сваякоў, што знаходзяцца за мяжой. 

Першы радок у топе гарадоў з найдаражэйшымі Airbnb займае Эдынбург. Кошт даступнага жылля ў сярэдняй цанавой катэгорыі ў сталіцы Шатландыі перавышае €198 за ноч. Такія высокія цэны фарміруюцца праз вялікі попыт з боку турыстаў, абмежаваную прастору для забудовы і сусветную папулярнасць горада.

На другую пазіцыю ўрываецца Венецыя з коштам у €194,16 за ноч, а на трэцюю — брытанскі Лондан, з адрывам у адзін еўра.

Эдынбург, pixabay.com

Эдынбург, pixabay.com

Паводле Белстата, сярэдні заробак нета (з улікам выліку падаткаў) па стане на студзень 2024 года складае 1953,06 BYN, у канверсіі гэта ~€560. Такім чынам, беларус_ка з сярэднім даходам, у існаванні якога таксама ёсць вельмі вялікія сумневы, на свой месячны заробак можа дазволіць сабе зняць апартаменты ў Эдынбургу, Венецыі ці Лондане толькі на дзве ночы. 

Мінімальны заробак у Беларусі на пачатак года дасягае 538 BYN ці ~€154 адпаведна. Падкрэслім, што ў рэальнасці адпачынак з такой сумай немагчымы нават у беларускім санаторыі, і ўвогуле аніякім чынам нідзе, акрамя намёту, бо яе не хопіць, каб пакрыць мінімальныя базавыя выдаткі накшталт харчовых прадуктаў і бытавых тавараў.

Калі б раптам працаўнік з «мінімалкай» хацеў арэндаваць кватэру на Airbnb у сталіцы Шатландыі на ўвесь свой месячны заробак, яго знаходжанне ў апартаментах склала б 9 гадзін, а ў кішэні засталося б 5€ на квіток да Лах-Неса.


Ілюстрацыйныя выява, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту 

Ілюстрацыйныя выява, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту 

На чацвёртае і пятае месца трапілі Парыж ды Амстэрдам, аднак у французскай сталіцы чакаецца надзвычай істотнае павелічэнне коштаў праз правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў у ліпені гэтага года. Верагодна, на летні перыяд Парыж стане найдаражэйшым горадам не толькі ў рэйтынгу коштаў Airbnb, але і па іншых паказчыках. Што да Нідэрландаў, адзначаецца, што цэны звычайна ўзрастаюць на перыяд адкрыцця саду цюльпанаў Кекенхоф.

Па цяперашніх коштах у гэтых гарадах беларус з сярэднім заробкам можа правесці ўжо не два, а тры дні, арандуючы апартаменты Airbnb.

Самай таннай краінай Еўропы стала Польшча — па выніках даследавання, сярэднія цэны на кватэры ў Варшаве маюць паказчык у €74 за суткі.

Беларусы з сярэднім заробкам могуць зняць жыллё на Airbnb у польскай сталіцы ўжо на 7 дзён, і гэта сапраўды адпавядае рэальнасці: кошты на кватэры на наступны тыдзень лютага стартуюць ад €50, і то са зніжкай. Пакой на сэрвісе каштуе ад €25 і вышэй. Сярод фактараў, што паўплываюць на лічбу, адзначаецца канкурэнцыя хостынгаў, разнастайнасць прапаноў, уплыў эканамічнага становішча ў краіне і рэгуляванне заканадаўства пра арандатарства.

Дарэчы, паводле іншых даследаванняў, доўгатэрміновая арэнда ў Польшчы істотна даражэйшая. У апошнім рэйтынгу Варшава заняла 21 пазіцыю і абагнала Рым, Прагу і нават Брусель. Сярэдні кошт арандаванай кватэры з кантрактам на месяц і болей у польскай сталіцы складае €15,2 за квадратны метр.

Варшава. Фота Planet of Hotels

Варшава. Фота Planet of Hotels

У пяцёрку найтаннейшых гарадоў трапілі таксама турэцкі Стамбул, які летась стаў самым наведвальным горадам у свеце, славацкая Браціслава, Кракаў і Будапешт — кошт апартаментаў у іх вар’іруецца ад €76 да €90.

А як справы ў нашых суседзяў?

Узяўшы тыя ж зыходныя даныя, мы падлічылі, колькі дзён змогуць адпачыць жыхары краін Балтыі і Польшчы ў тых жа гарадах.

Так, паляк і літовец з сярэднім заробкам нета ў €1280 ды €1251 адпаведна на адну палучку могуць дазволіць сабе спыніцца ў Эдынбургу ўжо на шэсць дзён, а латвіец — на пяць. Каб адпачыць у варшаўскіх апартаментах, літоўскаму працаўніку хопіць грошай на 18 начэй, латвійскаму — на 16. 

Зразумела, што заўсёды ёсць варыянт знайсці нешта таннейшае:  спыніцца ў хостэле, арандаваць маленькі блышыны пакой ці спыніцца ў сяброў-эмігрантаў, якія ў многіх ёсць ужо ў кожным раёне Варшавы. Таму гэты артыкул — не гід па еўрапейскіх апартаментах, а дэманстрацыя татальнага абясцэньвання беларускіх заробкаў.