Аналітыкі падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы. Лічбы ўражваюць
У 2019 годзе колькасць беларусаў у Польшчы складала 47,3 тысячы чалавек, што ў 6,5 разоў менш, чым у пачатку 2024 года.
Аналітыкі Picodi.com вывучылі статыстыку польскіх дзяржаўных органаў і палічылі, колькі беларусаў магло пераехаць у Польшчу ў 2023 годзе. Паводле іх звестак, за 2023 год у Польшчу пераехала 60 тысяч беларусаў. А агульная колькасць беларусаў, якія пражываюць у гэтай краіне на пачатку 2024 года, ацэньваецца экспертамі ў 310 тысяч чалавек.
У Польшчы можа пражываць амаль цэлы Брэст
Паводле падлікаў даследчыкаў праекта, якія грунтуюцца на даных польскага дзяржаўнага рэестра ўліку насельніцтва PESEL, за 2023 год у Польшчу пераехала 60 тысяч беларусаў. А з 2019 года колькасць беларусаў у Польшчы вырасла ў 6,5 разоў.
Агульная колькасць беларусаў, якія пражываюць у Польшчы ў пачатку 2024 года, імі ацэньваецца ў 310 тысяч чалавек.
Гэтая ацэнка сыходзіцца з той, якую раней агучваў Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве.
«Паводле нефармальных ацэнак польскіх дзяржаўных органаў, у Польшчы на гэты момант можа знаходзіцца больш за 300 000 грамадзян Беларусі», — адзначаў цэнтр. Агульная колькасць беларусаў у Польшчы афіцыйна не падлічваецца з-за складанасці ўліку людзей з дакументамі розных катэгорый.
Паводле даных Упраўлення па справах замежнікаў у Польшчы, у гэтай краіне на канец 2023 года пражывала амаль 119 тысяч грамадзян Беларусі, якія ўжо атрымалі дакументы для легальнага знаходжання.
Паводле звестак улад Беларусі, на 1 студзеня 2023 года ў Брэсце пражывалі 342 461 чалавек.
Як лічылі аналітыкі Picodi.com
Даследаванне грунтавалася на даных польскага дзяржаўнага рэестра ўліку насельніцтва PESEL. Некаторыя звесткі з яго знаходзяцца ў вольным доступе на партале «Адкрытыя даныя». Апублікаваная ў ім база даных уяўляе сабой спіс імёнаў усіх людзей, якія пражываюць у Польшчы, разам з колькасцю носьбітаў кожнага імя. Да прыкладу, колькі Ален або Андрэяў пражывае ў краіне.
Даныя з рэестра PESEL лепш адлюстроўваюць рэальнасць, лічаць аналітыкі, паколькі гэты рэестр улічвае таксама людзей, якія ўжо паспелі атрымаць польскае грамадзянства. У той час як Упраўленне па справах замежнікаў улічвае толькі замежнікаў з дзеючымі дазволамі на пражыванне («карты пабыту»).
Як спрабавалі палічыць колькасць мужчын і жанчын у Польшчы
Частку імёнаў можна адназначна ідэнтыфікаваць як беларускія — гэта Aliaksandr, Siarhei, Dzmitry. Колькасць носьбітаў гэтых імёнаў адразу трапляла ў беларускую «скарбонку».
Такія імёны, як Ivan, Ruslan або Andrei, у сваю чаргу, маглі належаць не толькі беларусам, але і ўкраінцам, і расійцам. Каб улічыць носьбітаў такіх імёнаў, была выкарыстана прапарцыйная сістэма.
Агульная колькасць мужчынскіх беларускіх імёнаў у Польшчы ў праекце ацанілі ў 179 245.
Улік жанчын быў ускладнены з-за частага супадзення напісання беларускіх і польскіх жаночых імёнаў. Напрыклад, імя Hanna з'яўляецца ў рэестры аж 222 тысячы разоў, але вызначыць, колькі сярод іх — беларусак, а колькі — полек, не ўяўляецца магчымым.
Колькасць беларусак у Польшчы разлічвалася па прапорцыі 42% да 58% — у такіх суадносінах жанчыны і мужчыны з беларускім пашпартам валодаюць дзеючым дазволам на знаходжанне, згодна з Упраўленнем па справах замежнікаў. Такім чынам, колькасць беларусак у Польшчы аналітыкі ацанілі ў 130 799 чалавек.
Што яшчэ палічылі аналітыкі
Аналагічным чынам аналітыкі Picodi палічылі беларусаў у Польшчы за мінулыя гады. У 2019 годзе колькасць беларусаў у Польшчы складала 47,3 тысячы чалавек, што ў 6,5 разоў менш, чым у пачатку 2024 года (310 тысяч).
Самы вялікі прырост быў адзначаны за 2021 год, калі ў Польшчу перабралася 57,4 тысячы чалавек, і за 2022 год, калі прырост склаў больш за 100 тысяч.
Паводле bgmedia.site.