Заробак расце, а прадукцыйнасць працы падае. Гэта можа прывесці да крызісу ў эканоміцы

У Беларусі нарастае адрыў рэальных заробкаў, якія разлічваюць з папраўкай на інфляцыю, ад прадукцыйнасці працы. Першы паказчык у студзені-лістападзе мінулага года павялічыўся на 5,5%, а другі — на 10,8%.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Такі дысбаланс пагражае праблемамі эканоміцы, пішуць «Вашы грошы».

«Разрыў паміж заробкамі і ростам прадукцыйнасці працы паступова, але няўмольна нарастае. Рост заробкаў, безумоўна, можна толькі вітаць, але важна, каб ён ішоў адначасова з ростам эфектыўнасці эканомікі. У выпадку Беларусі мы бачым, што прадукцыйнасць працы, па-першае, расце павольней заробкаў, а па-другое, нават спыняе рост, пакуль заробкі яго працягваюць», — адзначаюць аналітыкі.

Горш за ўсё сітуацыя з суадносінамі росту рэальных заробкаў і прадукцыйнасці працы ў студзені-лістападзе мінулага года была ў Магілёўскай вобласці (першы паказчык вырас на 3,4%, а другі — на 13,3%), а лепш за ўсё — у Мінскай (павелічэнне на 10,2% і 12,2% адпаведна). Гэта вынікае са звестак Белстата.

«Такая сітуацыя спрыяе ўзнікненню дысбалансаў у беларускай эканоміцы, пра якія гавораць ужо не толькі незалежныя эксперты, але і чыноўнікі. Мы бачым, як у чарговы раз штучна падтрымліваецца карціна дабрабыту. Пры гэта рэальная эфектыўнасць эканомікі падае: зніжаецца канкурэнтаздольнасць вытворцаў мясцовых тавараў і паслуг, ускладняецца лагістыка, цяжкасці адчувае рынак працы. У адказ на гэта чыноўнікі зноў будуць вырашаць праблему ручным рэгуляваннем. Але гісторыя не раз вучыла, што гэта прыводзіць толькі да чарговых крызісаў», — адзначаюць аналітыкі.

Нагадаем, у Нацбанку раней адзначалі, што неабгрунтаваны рост заробкаў фармуе перадумовы для паскарэння інфляцыі. Міжнародны валютны фонд яшчэ ў 2018 годзе раіў уладам Беларусі абмежаваць рост заробкаў цягам двух гадоў на ўзроўні інфляцыі. Эксперты адзначалі, што эканамічны ўздым у Беларусі сярод іншых фактараў падтрымліваецца хуткім ростам заработнай платы. Яна павялічваецца тэмпамі, апераджальнымі тэмпы росту прадукцыйнасці працы.

Глядзіце таксама