Быць «слугой народа» — прыбытковы занятак. Колькі зарабляюць беларускія дэпутаты і чыноўнікі?
Дэкларацыя аб даходах, якую перад выбарамі ў парламент апублікаваў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка, дазволіла ацаніць памер заробку высокапастаўленага беларускага чыноўніка.
Пасля выліку даходаў ад продажу зямельнага ўчастка засталося 127 950 рублёў — або 10 663 рубля ў месяц. Гэта значыць, што Сергеенка ў 2022 годзе ў месяц атрымліваў прыкладна паўгадавы заробак сярэднестатыстычнага беларуса.
«Люстэрка» вывучыла газеты, у якіх кандыдаты ў дэпутаты публікуюць даныя аб сваіх даходах і маёмасці і распавядае, колькі зарабляюць беларускія парламентарыі, чыноўнікі, кіраўнікі праўладных грамадскіх арганізацый — і параўноўвае гэта з даходамі звычайных беларусаў, у інтарэсах якіх яны павінны працаваць.
Даходы дэпутатаў парламента цяперашняга склікання
Для аналізу ўзялі дадзеныя аб даходах некаторых кандыдатаў у дэпутаты па Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцях.
Высветлілася, што яны атрымліваюць ад 4566 да 5706 рублёў у месяц. У сярэднім цяперашнія парламентарыі зарабляюць у 3,4 разы больш, чым выбаршчыкі.
Тут і далей звесткі аб даходах насельніцтва грунтуюцца на інфармацыі Белстата. Звесткі аб даходах кандыдатаў у дэпутаты за 2022 год — дэкларацыі за 2023-ы будуць пададзеныя не раней за сакавік гэтага года.
Напрыклад, Ірына Даўгала, якая балатуецца па Гомельскай-Савецкай выбарчай акругзе, атрымала за 2022 год 56 187 рублёў, або 4682 рубля ў месяц. Гэта ў 3,1 разы больш, чым сярэдні заробак па Гомелі.
Член Камуністычнай партыі Жанна Чарняўская ідзе ў новае скліканне па Хойніцкай выбарчай акрузе. Жанчына задэкларавала гадавы даход у 59 089 рублёў — гэта значыць 4924 рублі ў месяц. Гэта ў 4,3 разы больш за сярэдні заробак па Хойніцкім раёне ў 2022 годзе (1146 рублёў).
Віктар Нікалайкін пераабіраецца ў парламент па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе. У 2022 годзе ён атрымаў 68 476 рублёў — у сярэднім 5706 рублёў у месяц. Гэта ў 3,9 разы больш, чым сярэдні заробак у Віцебску (1459 рублёў у 2022 годзе).
Даходы чыноўнікаў і прадстаўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый абласнога ўзроўню
Да гэтай катэгорыі мы аднеслі кіраўнікоў абласных Саветаў дэпутатаў і аблвыканкамаў — уключаючы старшыняў, намеснікаў старшыні, начальнікаў упраўленняў. Таксама ў гэты спіс трапілі кіраўнікі абласных арганізацый праўладных грамадскіх аб'яднанняў накшталт Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і дзяржаўных прафсаюзаў.
Яны атрымліваюць ад 4138 да 6352 рублёў у месяц. Гэта ў 3,1-4,5 разы больш, чым у сярэднім людзі ў абласцях, на карысць якіх кандыдаты ў дэпутаты павінны працаваць.
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, сябра Камуністычнай партыі Беларусі Ала Смаляк атрымала ў 2022 годзе 65 695 рублёў, а таксама 3120 долараў ЗША ад Фонду ААН у галіне народанасельніцтва і 900 долараў ЗША ад Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. У пераліку на сярэднегадавы курс валюты сукупны даход Смаляк склаў 76 227 рублёў. Гэта 6352 рублі ў месяц — у 4,5 разы больш, чым сярэдні заробак па Гомельскай вобласці (1425 рублёў у 2022 годзе).
Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава атрымала ў 2022 годзе 48 127 рублёў, гэта значыць 4010 рублёў у месяц. Гэта ў 3 разы больш за сярэдні заробак па Віцебскай вобласці (1350 рублёў).
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна атрымала ў 2022 годзе 68 074 рублі. Яе месячны даход склаў 5673 рублі — у 4,2 разы больш, чым сярэдні заробак па Віцебскай вобласці (1350 рублёў).
Кіраўніца справамі Гомельскага аблвыканкама Алена Клічкоўская атрымала ў 2022 годзе 135 540 рублёў. 65 000 з іх склалі грошы ад продажу кватэры. Сума даходаў без уліку гэтай здзелкі-70 540 рублёў, або 5878 рублёў у месяц. Гэта ў 4,1 разы больш, чым сярэдні заробак у вобласці (1425 рублёў).
Даходы чыноўнікаў раённага ўзроўню
У гэтым раздзеле мы сабралі дадзеныя аб заробках кіраўнікоў адміністрацый буйных гарадоў, раёнаў і раённых саветаў, іх намеснікаў і начальнікаў раённых упраўленняў.
Іх заробкі ў 2022 годзе знаходзіліся ў шырокім дыяпазоне ад 2000 да 5524 рублёў. Гэта паміж 1,6-4,3 сярэднімі заробкамі жыхароў тых гарадоў і раёнаў, якімі яны кіруюць.
Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Алена Алексіна задэкларавала гадавы даход у 55 026 рублёў, або 4586 рублёў у месяц. Гэта ў 3,1 разы больш, чым сярэдні заробак жыхароў Гомеля ў 2022 годзе (1499 рублёў).
Кіраўнік Адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Андрэй Філановіч атрымаў у 2022 годзе сукупны даход у памеры 58 260 рублёў — 4855 рублёў у месяц. Гэта ў тры разы больш, чым сярэдні заробак у Берасці (1599 рублёў).
Старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў атрымаў у 2022 годзе 66 287 рублёў. Гэта 5524 рублі на месяц-у 3,3 разы больш за сярэдні заробак у Наваполацку (1689 рублёў).
Кіруючая дзяржаўнай установай «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Гарадоцкага раёна» Ірына Казакова атрымала ў 2022 годзе 56 576 рублёў. Гэта 4715 рублёў на месяц — у 4,2 разы больш, чым сярэдні заробак у Гарадоцкім раёне (1130 рублёў).
Даходы чыноўнікаў на ўзроўні сельскіх і пасялковых саветаў
У гэтую катэгорыю ўвайшлі старшыні сельскіх і пасялковых саветаў, а таксама члены выканаўчых камітэтаў.
Яны зараблялі на сваіх пасадах у 2022 годзе ад 2119 да 3247 рублёў. Гэта ад 1,5 да 2,5 сярэдніх заробкаў у іх раёнах.
Старшыня Болбасаўскага пасялковага савета Аршанскага раёна Глеб Гуленкаў атрымаў у 2022 годзе 38 966 рублёў, або 3247 рублёў у месяц. Гэта ў 2,5 разы больш, чым сярэдні заробак у Аршанскім раёне (1304 рублі).
Максім Кірпічонак, выконваючы абавязкі старшыні Саланіцкага сельвыканкама ў Полацкім раёне, задэклараваў даход на суму 37 799 рублёў. Гэта 3150 рублёў у месяц — у 2,2 разы больш, чым сярэдні заробак па Полацкім раёне (1401 рубель).
Старшыня Радзюкоўскага сельвыканкама Шаркаўшчынскага раёна Аляксандр Цітовіч атрымаў у 2022 годзе 27 948 рублёў — гэта значыць 2329 рублёў на месяц. Гэта ў 2,3 разы больш, чым сярэдні заробак па Шаркаўшчынскім раёне (1034 рублі).
Быць «слугой народа», аказваецца, вельмі прыбытковы занятак.