«Зляпілі чарговую пародыю». Праваабаронца — пра прапагандысцкі сюжэт на ТБ пра «Вясну»

Увечары ў чацвер, 15 лютага, на канале АНТ выйшла чарговае «расследаванне» прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай з гучнай назвай «Как экстремисты хотели использовать белорусов на выборах? Это другое». Яно прысвечана «Вясне», місіі маніторынгу «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і назіральнікам на выбарах. Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка пракаментаваў, што не так з гэтым «расследаваннем». Спойлер — усё.

Фота «Вясны»

Фота «Вясны»

Нагадаем, у сярэдзіне снежня мінулага года па ўсёй Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і праверак у былых назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі правяралі тэлефоны ў былых назіральнікаў, папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і прасілі падпісаць паперу, што не будуць супрацоўнічаць з «Вясной». З імі таксама запісалі «пакаяльныя» відэа, скрыны якіх прадэманстравалі 15 лютага ў відэасюжэце АНТ.

Праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што назіранне за кампаніяй 2024 года ажыццяўляецца ў фармаце экспертнай місіі, і ніякіх назіральнікаў да гэтага працэсу не прыцягвалі па меркаваннях іх бяспекі. Праваабаронца «Вясны» і эксперт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Павел Сапелка тлумачыць: гэта нясе небяспеку адвольных рэпрэсій для любога чалавека.

«З тае ж прычыны на сайце кампаніі назірання ўжо няма ўзораў скаргаў: пісаць скаргі такім камісіям і такой пракуратуры небяспечна і бессэнсоўна. Хоць пры гэтым і падкрэсліваем: дзейнасць назіральнікаў у прынцыпе — цалкам легальны інструмент грамадзянскага кантролю, прадугледжаны выбарчым кодэксам», — звяртае ўвагу праваабаронца.


Глядзіце таксама

У «расследаванні» былі прадэманстраваныя спісы назіральнікаў з прозвішчамі. Павел Сапелка тлумачыць, што гэта за спісы: «Не з'яўляліся вялікай таямніцай імёны назіральнікаў, якія былі накіраваныя грамадскімі арганізацыямі на выбары ў 2020 годзе — яны атрымлівалі адпаведныя накірункі і пасля гэтага праходзілі працэс афіцыйнай акрэдытацыі на выбарчых участках. Бо назіранне аж да выбараў 2020 года з'яўлялася галосным і бяспечным элементам грамадскай дзейнасці. Мы мяркуем, што ў «Вясне» дадзеныя гэтых людзей маглі захоўвацца на прыладах, канфіскаваных падчас шматлікіх ператрусаў 2020-21 гадоў. Аднак, на жаль, фактар папярэдняй грамадскай актыўнасці стаў падставай для адвольных нападак на гэтых жа людзей у снежні 2023 года».

Тады супрацоўнікі КДБ, прыходзячы да былых назіральнікаў з ператрусамі, казалі, што «Вясна» нібыта фарміруе нейкі спіс назіральнікаў да адзінага дня галасавання ў 2024 годзе. Большасці менавіта гэта называлася нагодай візіту сілавікоў. Аднак не толькі гэта інфармацыя з'яўляецца хлуснёй.

«Разумеючы, што на слова дзяржаўным тэледывам людзі дакладна не павераць, аўтары і натхняльнікі сюжэту «грунтоўна» падрыхтаваліся: сфабрыкавалі дзве падробленыя скаргі аб парушэнні выбарчага заканадаўства кандыдатамі ў дэпутаты Шаўцовым і Аляксеевай (апошнюю — з няправільна названым імем, штопраўда).

Характэрныя агучаныя абставіны «атрымання» гэтых псеўдаскаргаў: «Гэты дакумент быў знойдзены ў офісе «Вясны» і «ў супрацоўнікаў так званага праваабарончага цэнтра былі знойдзеныя тыпавыя заявы аб нібыта парушэнні Выбарчага кодэкса». У офісах «Вясны» цяпер, напэўна, шмат можна знайсці пасля налёту на іх і арышту ў ходзе следства, вось толькі апошні раз сябры «Вясны» там былі ў 2021-м... Ну і ніякіх сябраў «Вясны» на працягу апошняга месяца не затрымлівалі — а раней не былі вядомыя імёны кандыдатаў (больш за тое, аператарка бутэлькаўкладачнага і бутэлькаразгрузачнага аўтамата на вінна-гарэлачным заводзе і па сумяшчальніцтве — сябра ЛДПБ Яўгенія Аляксеева яшчэ сама, хутчэй за ўсё, не ведала аб сваім псеўдасаперніку ў выглядзе аднаго праўладнага камуніста)», — адзначае Павел Сапелка.

Глядзіце таксама

Пры гэтым ён дадае, што гэтай гісторыі можна было не надаваць увагі, калі б не некалькі абставінаў: «Гэтыя ж спецслужбы ў жніўні прызналі нашу арганізацыю «экстрэмісцкім фарміраваннем», і да гэтага часу не прадставілі ніводнага доказу нашай экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта нядзіўна: мы вядзем выключна легітымную праваабарончую дзейнасць, таму ўлады пайшлі на стварэнне падробленых доказаў і правакацыі.

Вядучая анансавала з'яўленне яшчэ адной фальшыўкі — дадзеных аб падліку яўкі на галасаванне, чым ні «Вясна», ні кампанія па назіранні за выбарамі з нашым удзелам ніколі не займалася, не бачачы ў гэтым сэнсу і не валодаючы для гэтага магчымасцямі. Мы заўсёды ацэньвалі працэсы, а не вынікі выбараў. Гэта азначае, што нападкі на нас і фабрыкацыя падробленых доказаў выдуманых злачынстваў «Вясны» працягнецца, а гэта ўжо не выдуманае, а самае сапраўднае злачынства рэжыму і яго памагатых».

Таксама Павел Сапелка адзначае, што ў працэс адвольнага пераследу «Вясны» сілком залучаюць людзей, якія не маюць дачынення да арганізацыі, уразлівых у сілу свайго знаходжання ў ахопленай рэпрэсіямі краіне: «Гэта небяспечна для іх тым, што ў адсутнасць доказаў датычнасці да дзейнасці «Вясны» ўладам будзе дастаткова знайсці нейкія іншыя сляды пратэснай актыўнасці».

Напрыканцы праваабаронца адзначае, што выпуск такога «расследавання» перад выбарамі ўжо ў традыцыях беларускіх уладаў. А пасля рэйду на былых назіральнікаў гэта было чакана і прадказальна: «Прапаганда і спецслужбы спехам зляпілі чарговую пародыю на расследаванне. І як заўсёды, у аснове «расследавання» — здагадкі і падробкі. У гэтай улады напярэдадні галасавання стабільнае толькі адно: выдзіманыя лічбы ў афіцыйнай статыстыцы па выніках выбараў і пацукі ў водаправодзе (вагнераўцы ў лясах, дыверсанты на балотах)».