СМІ: Трамп на сустрэчы з Пуціным будзе настойваць на безумоўным спыненні агню ва Украіне
Па шматлікіх звестках, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не жадае абмяркоўваць з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным тэрытарыяльныя саступкі, якія можа зацвердзіць Україна ў абмен на спыненне вайны. У той жа час яго адміністрацыя прапрацоўвае некалькі «пернікаў», калі Пуцін спыніць баявыя дзеянні. Ідуць 1268-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 148 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 14 жніўня.
На Пакроўскім кірунку адбылася траціна ўсіх боесутыкненняў — 56 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Радзінскага, Луча, Чунышына, Зверава, Котліна, Удалага, Арэхавага і іншых.
На Северскім і Новапаўлаўскім кірунках адбылося 14 штурмавых дзеянняў расіян на кожным.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 13 разоў, спрабуючы прасунуцца каля Нававоду, Карпаўкі, Рэдкадубу, Студні і Торскага.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі сем атак у раёнах Шчарбінаўкі, Яблонаўкі, Русінага Яра.
* * *
Расійская армія цягам 12 жніўня ажыццявіла самае вялікае 24-гадзіннае прасоўванне з канца траўня 2024 года, захапіўшы 110 квадратных кіламетраў, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны. Па статыстыцы, на захоп такой тэрыторыі вораг звычайна марнаваў мінімум 5-6 дзён, часам больш.
Самая цяжкая сітуацыя цяпер назіраецца ў Данецкай вобласці. Паводле інфармацыі вайскоўцаў, Пакроўск і Мірнаград знаходзяцца амаль у акружэнні. Прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў (АСГВ) «Днепр» Віктар Трэгубаў заявіў, што расійцы спрабуюць узяць Пакроўск у ціскі. «Вакол Пакроўска працягваюцца пастаянныя баі. Вораг спрабуе ахопліваць горад з двух бакоў: з поўначы і з паўднёвага ўсходу, і адначасова з поўдня і паўднёвага захаду», — паведаміў ён.
У той жа час Трэгубаў падкрэсліў, што сітуацыя паступова змяняецца на карысць Сіл абароны, Украіны, хоць тэмпы недастаткова хуткія. Паводле яго слоў, расійцы выкарыстоўваюць тактыку малых груп, якая была на Купянскім кірунку: «Яны назапашвалі пяхоту за першай лініяй абароны, і, калі сабралася пэўная колькасць, правялі яе наперад. Цяпер гэтая група дзейнічае ўжо за нашай першай лініяй. Задача — яе знішчыць».
* * *
Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Вадзім Філашкін паведаміў, што ў Пакроўску цяпер знаходзяцца 1327 цывільных асобаў, а адлегласць да расійскіх войскаў складае блізу кіламетра. Іх эвакуацыя магчымая толькі пры непасрэднай падтрымцы ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Што тычыцца эвакуацыі, то без Сіл абароны яна цяпер амаль немагчымая, паколькі вораг прастрэльвае ўсе пад'язныя шляхі FPV-дронамі на оптавалакне... Тыя, хто хоча цяпер з'ехаць, могуць зрабіць гэта толькі пры падтрымцы Сіл абароны», — сказаў Філашкін.
* * *
У ноч на 14 жніўня беспілотнікі атакавалі расійскі Валгаград. Падчас налёту на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага завода «Лукойл-Валгаграднафтаперапрацоўка» прагрымелі выбухі, паўсталі пажары.
«Узгаранне і ўцечка нафтапрадуктаў адбыліся на НПЗ у Валгаградскай вобласці праз падзенне абломкаў БПЛА пасля атакі», — паведаміў губернатар Валгаградскай вобласці Андрэй Бачароў.
Ударны беспілотнік атакаваў будынак ураду Белгарадскай вобласці РФ раніцай 14 жніўня. Пашкоджаныя фасад і вокны адміністрацыйнага будынка.
* * *

* * *
Крэмль выкарыстоўвае саміт на Алясцы, каб пазіцыянаваць Расію як сусветную дзяржаву, роўную Злучаным Штатам, а Уладзіміра Пуціна — як роўнага прэзідэнту Дональду Трампу, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Адзначаецца, што 13 жніўня вядучы расійскі перамоўшчык і гендырэктар Расійскага фонду прамых інвестыцый (RDIF) Кірыл Дзмітрыеў намякнуў на Ялцінскую канферэнцыю 1945 года паміж ЗША, Вялікабрытаніяй і СССР. Ён адзначыў, што Ялцінская канферэнцыя «выйграла Другую сусветную вайну» і што Пуцін і Трамп аналагічным чынам «прадухіляюць Трэцюю сусветную вайну».
Намеснік старшыні Камітэта па міжнародных справах Дзяржаўнай Думы Расіі Аляксей Чэпа, узмацніў параўнанне паміж маючым адбыцца самітам на Алясцы і Ялцінскай канферэнцыяй заявай, што Злучаныя Штаты і Расія павінны «размаўляць адзін з адным, як сябры».
Кіраўнік акупацыйных уладаў Крыма Сяргей Аксёнаў заявіў, што Трамп павінен наведаць акупаваны Крым, каб дамовіцца аб «новым Ялцінскім свеце».
Некалькі расійскіх СМІ таксама параўналі саміт на Алясцы з Ялтай і заявілі, што ў Алясцы за сталом перамоваў будуць сядзець «людзі, якія маюць рэальны ўплыў на глабальныя працэсы».
На думку экспертаў ISW, расійскія параўнанні саміту на Алясцы 15 жніўня з Ялцінскай канферэнцыяй 1945 года, з'яўляецца спробай схаваць дысбаланс сіл паміж ЗША і Расіяй і прадставіць Расію як краіну, якая мае значна больш моцныя дыпламатычныя, ваенныя і эканамічныя пазіцыі, чым на самай справе.
У Інстытуце лічаць некарэктнымі параўнанні паміж двума названымі сустрэчамі. «Ялцінская канферэнцыя 1945 года завяршылася заключэннем пагаднення аб пасляваеннай Еўропе, тады як Трамп і іншыя амерыканскія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што саміт 15 жніўня не прывядзе да заключэння ніякіх пагадненняў паміж ЗША і Расіяй пра заканчэнне вайны ва Украіне», — адзначылі ў ISW.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў еўрапейскім лідарам, што падчас сустрэчы з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным 15 жніўня не будзе гаварыць з ім пра тэрыторыю Украіны, а будзе настойваць на безумоўным спыненні агню, перадае CNN са спасылкай на некалькіх еўрапейскіх дыпламатаў.
«Перамір'е. Хоць Трамп не ўжываў тэрміна "безумоўнае", ён сказаў, што, на яго думку, перамір'е будзе праявай добрай волі з боку Расіі, а таксама адзначыў, што ён не будзе весці перамовы адносна тэрыторыі Украіны, што стварыла ўражанне, быццам ён не будзе разглядаць ніякіх прапаноў Расіі аб атрыманні кантролю над тэрыторыяй Украіны ў абмен на перамір'е», — піша CNN.
Таксама Трамп заявіў, што для Расіі «будуць наступствы», калі яна не пагодзіцца спыніць вайну ва Украіне падчас сустрэчы на Алясцы. На пытанне, ці азначае гэта новыя санкцыі ці мыты, Трамп ухіліўся ад адказу. «Я не абавязаны гэта казаць. Будуць вельмі суровыя наступствы», — сказаў ён.
* * *
Міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро ў сацсетцы Х раскрыў падрабязнасці маштабных анлайн-перамоў з еўрапейскімі лідарамі, ЗША і Уладзімірам Зяленскім 13 жніўня.
Паводле яго слоў, амерыканскі прэзідэнт у звароце да ўкраінскай дэлегацыі і саюзнікаў заявіў, што ён будзе патрабаваць ад Пуціна безумоўнага спынення агню; падкрэсліў, што любыя перамовы, якія тычацца тэрыторый Украіны, будуць праходзіць толькі ў прысутнасці прэзідэнта Украіны; і паведаміў, што Злучаныя Штаты далучацца да сістэмы міжнародных гарантый бяспекі, распрацаванай краінамі «кааліцыі жадаючых» у складзе Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі.
* * *
Трамп падчас сустрэчы з Пуціным 15 жніўня плануе прапанаваць шэраг эканамічных стымулаў, у прыватнасці доступ да прыродных рэсурсаў Аляскі і частковае зняцце санкцый з расійскай авіяцыйнай галіны ў абмен на спыненне вайны супраць Украіны, піша The Telegraph.
Паводле звестак выдання, сярод прапаноў, якія Трамп можа агучыць Пуціну ў Анкарыджы – адкрыццё доступу РФ да прыродных рэсурсаў Аляскі, зняцце часткі санкцый з расійскай авіяцыйнай прамысловасці і наданне Пуціну доступу да рэдказямельных мінералаў на ўкраінскіх тэрыторыях, якія цяпер знаходзяцца пад акупацыяй Расіі.
Да падрыхтоўкі перамоў, паводле інфармацыі выдання, прыцягнуты міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт. Ён вывучае эканамічныя саступкі, якія ЗША могуць зрабіць Расіі, каб паскорыць заключэнне пагаднення аб спыненні агню.
Лічыцца, што Украіна валодае 10% сусветных запасаў літыя, які выкарыстоўваецца для вытворчасці батарэй. Два з найбуйнейшых радовішчаў літыя знаходзяцца ў раёнах, якія кантралююцца Расіяй, і Пуцін ужо заяўляў прэтэнзіі на каштоўныя карысныя выкапні.
* * *
Германія ўнясе 500 мільёнаў долараў на ініцыятыву NATO ў пастаўках Украіне крытычна важнай зброі амерыканскай вытворчасці, паведаміла прэс-служба Альянсу.
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ вітаў гэтую аб'яву і нагадаў, што цяпер Германія з'яўляецца лідарам сярод еўрапейскіх краін у аб'ёмах вайсковай дапамогі Украіне.