Рамана Пратасевіча пачнуць судзіць у Мінску 16 лютага

Пратасевічу прад'явілі дзевяць абвінавачванняў, сярод іх — распальванне варожасці, арганізацыя масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, паклёп і абраза Лукашэнкі.

Раман Пратасевіч на прэс-канферэнцыі ў Белпрэсцэнтры. Фота: БелТА

Раман Пратасевіч на прэс-канферэнцыі ў Белпрэсцэнтры. Фота: БелТА


Цяпер Раман Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам.

У рамках гэтай справы, перадаюць афіцыйныя беларускія агенцтвы, таксама будуць судзіць рэдактараў «Nexta» Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка — над імі пройдзе «завочны» працэс, паколькі яны знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх таксама абвінавачваюць у арганізацыі і дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, здрадзе дзяржаве.

Справу будзе разглядаць Мінскі абласны суд.

Нагадаем, Раман Пратасевіч быў арыштаваны 23 траўня 2021 года, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску рэйса Афіны — Вільня перавозчыка «Ryanair» праз паведамленне пра нібыта закладзеную бомбу. Пратасевіч быў арыштаваны разам з ягонай ужо былой сяброўкай Соф'яй Сапега.

Сапега атрымала шэсць гадоў калоніі па абвінавачанні ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі». Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам і супрацоўнічае з праўладным цэнтрам «Сістэмная праваабарона».

ICAO апублікаваў даклад аб прымусовай пасадцы ў Мінску самалёта «Ryanair». Пасля разгляду атрыманых вынікаў па праверцы фактаў Савет ICAO прызнаў, што пагроза выбуху бомбы ў дачыненні да рэйса FR4978 «Ryanair» была заведама ілжывай. Акрамя таго, «пагроза была даведзена да ведама лётнага экіпажа па ўказанні вышэйшых службовых асоб урада Беларусі».

Праз пасадку рэйса «Ryanair» беларуская авіяцыйная галіна падвергнулася санкцыям — Еўропа закрыла неба для самалётаў кампаніі «Белавія».