«Акт незаконнага ўмяшання»: ICAO апублікаваў даклад аб пасадцы ў Мінску самалёта Ryanair
Савет Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) асудзіў дзеянні ўрада Беларусі за здзяйсненне «акта незаконнага ўмяшання». Даклад аб расследаванні, праведзеным ICAO з мэтай устанаўлення фактаў, апублікаваны на шасці мовах на сайце арганізацыі.
Гаворка ідзе пра інцыдэнт у паветранай прасторы Беларусі ў траўні 2021 года з удзелам рэйса FR4978 «Афіны — Вільня» кампаніі Ryanair. Самалёт быў пасаджаны ў аэрапорце Мінска, пасля чаго былі арыштаваныя Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега, якія знаходзіліся на борце, нагадвае REFORM.by.
Гэта ўжо другі даклад арганізацыі пра інцыдэнт, ён дапоўнены новай інфармацыяй і матэрыяламі, атрыманымі пасля першапачатковага разгляду справаздачы Саветам у студзені 2022 года, а таксама інтэрв'ю і аўдыёзапісаў мінскага авіядыспетчара, прызначанага на рэйс.
Пасля разгляду завершаных вынікаў праверкі фактаў Савет ICAO прызнаў, што пагроза выбуху бомбы ў дачыненні да рэйса FR4978 Ryanair была заведама ілжывай і пагражала яго бяспецы, і, акрамя таго, што пагроза была даведзена да ведама лётнага экіпажа па ўказанні вышэйшых службовых асоб урада Беларусі.
У заяве Савета ICAO адзначаецца, што прадстаўнік Расіі ў арганізацыі «выказаў рашучае пярэчанне сваёй дзяржавы супраць вызначэння Беларусі ў якасці крыніцы незаконнага ўмяшання, якое мела месца».
Савет выказаў удзячнасць следчай групе ICAO па выяўленні фактаў за яе напружаныя намаганні і ўсебаковы аналіз, і зноў заявіў аб сваім асуджэнні паведамлення ілжывай інфармацыі, якая ставіць пад пагрозу бяспеку паветранага судна ў палёце, у адпаведнасці з Канвенцыяй аб барацьбе з незаконнымі актамі супраць бяспекі грамадзянскай авіяцыі (Манрэальская канвенцыя).
Савет таксама нагадаў, што такое выкарыстанне грамадзянскай авіяцыі супярэчыць духу Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі (Чыкагская канвенцыя).
Што тычыцца далейшых крокаў, то Савет даручыў ICAO давесці высновы справаздачы FR4978 да ведама ўсіх дзяржаў — членаў ICAO, а таксама далажыць аб парушэннях Беларуссю Чыкагскай канвенцыі Асамблеі ICAO на яе маючай адбыцца 41-й сесіі (27 верасня — 7 кастрычніка 2022), а таксама размясціць справаздачу для доступу грамадскасці і СМІ на вэб-сайце агенцтва.
Ён таксама прасіў старшыню савета накіраваць справаздачу аб устанаўленні фактаў і адпаведныя рашэнні Савета па ім Генеральнаму сакратару Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Антоніу Гутэрышу для разгляду і прыняцця любых адпаведных мер.
Рэйс Ryanair «Афіны — Вільня» быў прымусова пасаджаны ў Мінску 23 траўня 2021 года пасля паведамлення аб нібыта закладзенай бомбе. Пасля пасадкі падчас кантролю быў затрыманы блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Соф'я Сапега. Сапега атрымала шэсць гадоў калоніі па абвінавачванні ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі». Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам і супрацоўнічае з праўладным цэнтрам «Сістэмная праваабарона».
Улетку 2021 года авіядыспетчар з Мінска Алег Галегаў перасёк польскую мяжу разам з мігрантамі і даў паказанні аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair. У студзені 2022 года офіс пракурора ЗША па Паўднёвай акрузе Нью-Ёрка абвінаваціў чатырох чыноўнікаў з Беларусі ў авіяцыйным пірацтве.