Хроніка рэпрэсій: 13 лютага

Расказваем, як краіна пражыла сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Сёння праваабаронцы «Вясны» выступілі з апошнім словам у судзе. Яны назвалі справу супраць іх палітычна матываванай. «Складваецца ўражанне, што ні пракуратуру, ні суд увогуле не цікавіць праўда, для іх усё было зразумела з самага пачатку, яшчэ да суда», — сказаў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі

Палітвязень Яўген Батура паехаў адбываць «хімію». Яго накіравалі ў магілёўскую ПУАТ №43. Батуру прысудзілі 2 гады абмежавання волі, але з улікам тэрміну, які ён правёў у СІЗА, палітвязню застаецца адседзець на «хіміі» паўтара года. 

Актывіст Ілля Міронаў паведамляе, што вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін не выйшаў на волю пасля 15-сутачнага арышту — яму далі яшчэ 15 сутак. Музыку разам з жонкай затрымалі ў канцы студзеня. Ён павінен быў выйсці на волю 9 лютага. Па якім артыкуле яго перазатрымалі, пакуль не паведамляецца.

Стала вядома, што 6 лютага Брэсцкі абласны суд асудзіў былога эксперта-крыміналіста і адміністратара тэлеграм-канала «Ж*ве Лунінец» Аляксандра Сумара да дзевяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінавачанне складалася з пяці пунктаў: акрамя «народнага» артыкула 342 Сумару прад'явілі таксама «абразу Лукашэнкі», «заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі» і яшчэ два артыкулы Крымінальнага кодэкса.

Супраць спявачкі Аляксандры Захарык распачалі крымінальную справу, яе перавялі ў СІЗА-1. Аляксандру абвінавачваюць па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Яе затрымалі 30 студзеня, дома ў спявачкі прайшоў вобшук.

Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды патрапілі акаўнт выдання «Зеркало» ў TikTok і сацсеткі «супольнасці чыгуначнікаў Беларусі». У «экстрэмісцкія» запісалі нават каналы з некалькімі дзясяткамі падпісчыкаў кшталту «Белый Бобр» (38 падпісчыкаў) і «Яська гаспадар з-пад Вiльнi» (25 падпісчыкаў).

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1439 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1709 чалавек, сярод іх — 192 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.